Захапляльны цыкл матэрыялаў пра шляхецкі род, гісторыя якога паўплывала на развіццё Гомельшчыны, падрыхтаваў гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў на старонцы «Мова Гомель» у Фэйсбук.
Яўген Малікаў падчас працы ў архіве
Ужо некалькі гадоў я мэтанакіравана збіраю невядомыя і малавядомыя дакументы па гісторыі Гомельшчыны XV-XVIII ст., перш за ўсё ў польскіх і літоўскіх архівах. Ведаючы мой навуковы інтарэс, сябры пры сустрэчы абавязкова задаюць адно і тое ж пытанне: «Скажы, а які новы дакумент, які б абсалютна змяняў гісторыю Гомеля, ты выявіў? Што сенсацыйнага ты знайшоў?» У адказ прыходзіцца нудна тлумачыць, што, па сутнасці, праца ў гістарычных архівах — гэта пошук і збіранне маленькіх аскепкаў вялікай рознакаляровай мазаікі нашай гісторыі, і асобныя выяўленыя яе фрагменты вельмі рэдка даюць нейкую новую яркую карцінку. Але сабраныя разам гэтыя дробныя кавалкі даюць выразнае, часам нават аб’ёмнае і са складанымі колерамі, новае бачанне як раней вядомых фактаў, так і мноства абсалютна невядомых. Таму цяжка назваць нейкі адзін канкрэтны дакумент, які «цалкам змяняе нашы веды пра гісторыю Гомеля», у асноўным перабіраюцца нейкія «дробязі». Аднак іх сукупнасць ужо зараз дазваляе цалкам змяніць нашы веды пра асобныя ўкаранёныя стэрэатыпы. І сёння я хачу падзяліцца адным з такіх «новых поглядаў на гісторыю», іншымі словамі буду «перапісваць гісторыю Гомеля». Спасылкі на крыніцы ставіць не буду, пакіну іх для навуковага артыкула, тут будзе толькі асноўны змест.
Калі запытаць у любога чалавека, які цікавіцца гісторыяй Гомеля і прачытаў усе выдадзеныя кнігі па гэтай тэме, што вядома пра гомельскіх стараст Красінскіх, ён прыгадае толькі адзін факт: жонка гомельскага старасты Фамы Красінскага, «фанатычная каталічка Алена Грахольская», адабрала ў праваслаўных замкавую царкву св. Мікалая і перадала яе ўніятам. Найбольш уважлівыя аматары гомельскай гісторыі, прыгадаюць, што ў кнізе А.А. Макушнікава «Гомель са старажытных часоў да канца XVIII ст.» (2002 г.) аўтар пазначае, што Красінскія былі па паходжанні палякамі і гомельскімі старастамі ў пачатку XVIII ст. З усяго гэтага, нават нягледзячы на адсутнасць прамых сцвярджэнняў, неяк падсвядома вымалёўваецца роля саміх стараст Красінскіх як «каталіцызатараў» і «паланізатараў» краю. А гэта абсалютна не так.
Сапраўды, гомельскія старасты Красінскія належаць да вельмі вядомага ў Польшчы рода Корвін-Красінскіх з Краснага, гербу «Слепаворан».
Радавы герб Корвін-Красінскіх з Краснага «Слепаворан»
Іх радавое гняздо знаходзілася ў Красным (адсюль і прозвішча «Красінскія») у Цеханоўскай зямлі ў Мазавецкім ваяводстве на поўнач ад Варшавы. Менавіта для прадстаўнікоў гэтага роду, дарэчы, быў збудаваны ў 1677-1695 гг. па праекце галандскага архітэктара Тыльмана Гамерскага палац Красінскіх у Варшаве, які з’яўляецца найлепшым палацам у стылі барока ў польскай архітэктуры XVII ст. Палац таксама называюць «Палацам Рэчы Паспалітай» і сёння ў ім знаходзіцца аддзел спецыяльных збораў (рукапісаў і старадрукаў) Нацыянальнай бібліятэкі.
Палац Красінскіх у Варшаве (1677-1682 гг. арх. Тыльмана Гамерскага і Джаванні Белоцці)
Продак будучых гомельскіх стараст, ваявода плоцкі Станіслаў Красінскі (1558-1617) пакінуў пасля сябе восем сыноў — Людовік, Альберт, Станіслаў, Іаган, Францыск, Габрыель, Аляксандр, Анджэй (Андрэй).
Партрэт ваяводы плоцкага Станіслава Красінскага (1558-1617). Мастак Аноні Земенцкі, National Museum in Warsaw
Пасля смерці бацькі сыны падзялілі яго спадчыну паміж шасцю спадкаемцамі і пазбавілі яе братоў Альберта (манаха) і Анджэя. У выніку ў 1620 г. Анджэй, узяўшы ад братоў пэўную суму грошай, пераехаў на службу ў Маскву, спрадвечнага ворага Рэчы Паспалітай, вайна з якой скончылася за два гады да гэтага Дэўлінскім перамір’ем 1618 г.
Надмагілле Станіслава Красінскага ў кафедральным касцёле г.Плоцка (каля 1617 г.)
Пераезд этнічнага паляка на службу да маскоўскага цара не з’яўляецца нечым надзвычайным. У Маскве першай паловы XVII ст. служыла вельмі шмат наёмных вайскоўцаў, у тым ліку англічан, шатландцаў, венграў, немцаў і іншых, але сярод іх палову, а ў асобныя гады і болей, складалі менавіта выхадцы з Рэчы Паспалітай — ліцьвіны-беларусцы і палякі. Іх дзейнасць і аплату за службу курыраваў спецыяльны Іншаземны прыказ, але замежнікі таксама знаходзіліся ў ведамстве Пасольскага, Разраднага, Панскага і іншых прыказаў.
У Маскве Анджэй Красінскі ажаніўся з княжной Ураковай, у іх шлюбе нарадзілася трое сыноў: Міхаіл (які там у Маскве і памёр), Ян (памёр бяздзетным у маладым узросце, верагодна таксама ў Маскве) і Васіль. У Міхаіла нарадзіўся сын Томаш (Фама). Мяркуючы па ўсім, Анджэй у Маскве перайшоў у праваслаўе, праваслаўнымі былі і яго сыны, бо ў канцы XVII ст., ужо пражываючы ў Рэчы Паспалітай, Васіль і Томаш будуць настойлівымі абаронцамі праваслаўя.
У 1664 г. Васіль Красінскі, разам з пляменнікам Томашам (Фамой), вярнуўся ў Рэч Паспалітую і «многімі ад караля Яна Казіміра быў абдораны прывілеямі на знак панскай ласкі», у тым ліку ў 1665 г. ён атрымаў пасаду падкаморыя смаленскага ў якасці зычлівасці за дапамогу камісарам Рэчы Паспалітай высланым да Масквы на заключэнне міра. Тады яшчэ тлела крывавая вайна паміж Масквой і Рэччу Паспалітай 1654-1667 гг., па заканчэнні якой насельніцтва Беларусі скарацілася прыблізна ў два разы, а Васіль і Томаш здолелі нейкім чынам паспяхова выехаць у Рэч Паспалітую, але не толькі самі, але яшчэ вывезлі і свае назбіраныя сямейныя багацці (аб чым пазней Васіль будзе паведамляць у лісце да гетмана Мазэпы). У 1667 г. Васіль Красінскі, разам з жонкай Ганнай Клячкоўскай атрымалі ад пана Яна Казіміра Красінскага, падскарбія вялікага кароннага, на войтаўства ў вёсцы Апацы.
У 1678 г. гомельскі стараста князь Міхал Казімір Радзівіл (1635-1680) аддае Гомельскае і Прапойскае стараствы ў арэнду Базылю Красінскаму.
Партрэт гомельскага старасты Міхала Казіміра Радзівіла. Другая палова XVII ст. Walker Art Gallery Liverpool
26 верасня 1680 г. Васіль Красінскі набывае за 4 000 злотых польскіх юрыдыку (прыватнаўласніцкую частку горада непадуладную гарадскому самакіраванню) у Брэсце, каля царквы св. Сімеона, у кастэляна валынскага Мікалая Сапегі і яго жонкі Ганны з Харлінскіх. Гэта юрыдыка пераходзіць яму з усімі прыналежнасцямі, з дамамі, пляцамі, гародамі і іншым, а таксама з правам калатарства і патраната на царкву св. Сімеона з манастыром, які знаходзіўся на гэтай юрыдыцы. А ўжо 8 лістапада гэтага ж года ён, прызнаючы сябе праваслаўным, фундуе будаўніцтва за свае сродкі капліцы св. Стэфана пры манастыры св. Сімеона за ракой Мухаўцом і запісвае на яе юрыдыку за Мухаўцом з умоваю, каб яна заўжды была пад уладаю Магілёўскага праваслаўнага епіскапа, а ў выпадку адсутнасці яго, пад уладаю Кіева-Пячэрскай лаўры.
З польскімі сваякамі гомельскія Красінскія падтрымлівалі пэўны сталы кантакт, але іх фінансавыя і палітычныя ўплывы і магчымасці кардынальна адрозніваліся: мазавецкія Красінскія былі, па сутнасці, магнатамі, гомельскія Красінскія — заможнай сярэдняй шляхтай з незразумелай пазіцыяй па веравызнанні. Вынікам кантактаў з сваякамі, прызнанне імі радства, мяркуючы па ўсім, і сталася наданне 12 красавіка 1682 г. Томашу Красінскаму дзяржаўнай пасады стольніка цеханоўскага на зямлі продкаў (Цеханув — горад у Мазавецкім ваяводстве Польшчы, каля 100 км на поўнач ад Варшавы). Пасада не патрабавала сталай прысутнасці ў Цехануве, але давала магчымасці ўдзельнічаць у палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, таму амаль увесь час Томаш Красінскі з сям’ёй пражываў у Гомелі ці іншых сваіх маёнтках.
У верасні 1682 г. Катажына з Сабескіх княжна Радзівіл, удава гомельскага старасты князя Міхала Казіміра Радзівіла, саступае (прадае) Томашу, стольніку цеханоўскаму, Гомельскае стараства. Праз два месяцы, 10 снежня 1682 г. Васіль, харужы смаленскі, і Томаш, стольнік цеханоўскі, Красінскія і іх жонкі, уводзяцца ў пасэсію (арэнднае валоданне) Гомельскім і Прапойскім стараствамі.
Сучасныя гісторыкі часам называюць Васіля Красінскага гомельскім і прапойскім старастам, аднак прыведзеныя факты сведчаць, што Васіль быў арандатарам у Радзівілаў абодвух старастваў, а вось новым уладальнікам Гомельскага стараства пасля Катажыны Радзівіл у дакуменце пазначаны менавіта Томаш Красінскі. У выяўленых дакументах Васіль Красінскі стала называецца старастам прапойскім, у асобных лістах іншыя людзі, напрыклад мяшчане прапойскія, называюць яго «староста наш пропойский и гомелский», але ўласна афіцыйнага дакумента, у якім бы дакладна вызначалася, што Васіль Красінскі быў старастам гомельскім, не выяўлена. З гэтага вынікае, што Васіль, як старэйшы ў родзе і першы арандатар абодвух маёмасцяў, сярод мясцовых успрымаўся і як іх стараста, аднак афіцыйна стараствы былі падзелены паміж ім і пляменнікам. Дарэчы, падпісваўся Васіль Красінскі кірылічнымі літарамі як «Базыли Красински».
Уласнаручны подпіс Васіля Красінскага на дакуменце 1680 г.
Працяг будзе...