У 2013 годзе Магілёў атрымаў добры шанец адчуць сябе “культурнай сталіцай”. І добра гэтым шанцам скарыстаўся, не ў апошнюю чаргу дзякуючы адкрытасці ўладаў горада да прапановаў ад грамадскасці. Ці гатовы сёння Магілёў да больш сістэмнага партнёрства гараджан і ўладаў? Ці маюць магчымасць магілёўцы паўплываць на фармаванне культурніцкай стратэгіі горада?
Кампанія “Будзьма беларусамі!” запрасіла абмеркаваць гэтыя пытанні ўсіх неабыякавых гараджан і шаноўных экспертаў з Беларусі і Украіны. Мадэратар дыскусіі Хрысціна Марчук прапанавала пачаць размову з рэпартажу рэдактаркі гарадскога тэлеканала “Магілёў-2” Алены Барысавай, які падводзіў вынікі ўсіх мерапрыемстваў, зладжаных у Магілёве за культурны 2013 год. Спадарыня Алена шчыра падзякавала кампаніі “Будзьма!” за мінулагодні “Кірмаш праектаў”, які, па яе словах, адыграў значную ролю ў актывізацыі гараджан, і расказала, як і якія ідэі магілёўцаў былі рэалізаваныя.
Эксперт дыскусіі Аляксандр Буцэнка (каардынатар і кансультант Цэнтра развіцця «Дэмакратыя праз культуру», дарадца Камісіі культуры Вярхоўнай Рады Украіны і сябра Еўрапейскага парламента культур) гэтак жа шчыра здзівіўся, бо пра Магілёў, як культурную сталіцу Беларусі і СНД 2013 года пачуў упершыню. Спадар Аляксандр разам з іншым замежным экспертам, Людмілай Афанасьевай, (загадчыца Лабараторыі сацыялагічных даследаванняў пры Мелітопальскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Б. Хмяльніцкага) падзяліліся досведам удзелу грамадскасці ў першым кроку да культурніцкага планавання – “картаванні” горада Мелітопаль, звярнуўшы асаблівую ўвагу на неабходнасць шырокага анансавання ўсіх мерапрыемстваў у мясцовых і замежных СМІ, і далі маленькі майстар-клас па налажванні стасункаў культуры і бізнесу: “Спытаеш у бізнесмена: “Чым вы ганарыцеся ў сваім горадзе?” – “Ну, гісторыяй, ну, культурай!” І пасля гэтага размаўляць з ім нашмат прасцей. Яму самому робіцца зразумела, што культуру варта падтрымліваць!”
Культурны аналітык Вадзім Мажэйка акцэнтаваўся на неабходнасці самаарганізацыі, стварэння гарадскіх супольнасцяў і іх паслядоўнай працы па вывучэнні жаданняў, патрэбаў і чаканняў жыхароў асобнага мікрараёна, двара ці нават дома, а таксама пэўнай адукацыйных функцыі такіх супольнасцяў. Яго падтрымала і каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская: “Канечне, мы мусім вывучаць і прыслухоўвацца, але трэба і дэманстраваць, што яшчэ ёсць, чаго яшчэ яны не ведаюць. Прывіваць пэўныя каштоўнасці, якія патэнцыйна могуць стаць жаданнямі!”
Яшчэ адна цэнтральная думка, якая праступала праз выказванні і экспертаў, і гараджан у аўдыторыі, была ў тым, што ініцыятыўнасць і актыўнасць у нашым грамадстве выхоўваецца праз жывы пазітыўны прыклад і асабліва праз уласны ўдзел чалавека. Безумоўна, калі бачыш вынікі чыёйсьці працы, і тым больш сваёй, верыш ва ўласную здольнасць змяніць сваю прастору да лепшага. І нават глыбей: па-новаму бачыш зону свайго дачынення да прасторы, у якой жывеш. А што да прасоўвання сваіх ідэй у колах мясцовай адміністрацыі, то тут як нідзе патрэбная вера ў свае сілы, цярплівасць і настойлівасць.
Як будзе выкарыстоўвацца культурніцкі і чалавечы патэнцыял Магілёва, стане бачна ўжо ў хуткім часе. Прыемна тое, што самі магілёўцы ўсё больш заўважна паказваюць свой намер развівацца і змяняцца адпаведна ўласным патрэбам. Дыскусіі пад агульным лозунгам “Культура паляпшае жыццё” ладзяцца кампаніяй “Будзьма беларусамі!” па ўсёй краіне з агульнай мэтай – разам знайсці адказы на пытанні: Ці здольная культура дапамагчы знайсці сябе, самарэалізавацца, пабудаваць зручную прастору, добрыя працоўныя і сямейныя адносіны? І што менавіта ёсць паняткам “культура” ў нашым грамадстве? Калі вы маеце жаданне актывізаваць гэтыя пытанні ў сваім горадзе, пішыце на razam@budzma.org.