Гродзенцы прапанавалі ўсталяваць у гонар Васіля Быкава шыльду. Яе можна было б размясціць на доме па вуліцы Вялікая Траецкая, 28 — Быкаў жыў там з 1958 года і да пераезду на Свярдлова. Гродзенскі гарвыканкам разгледзеў петыцыю і адмовіў у прапанове, спаслаўшыся на адсутнасць сродкаў, піша hrodna.life.
Шыльда, якую гродзенцы ўсталёўвалі каля дому, дзе жыў Васіль Быкаў. Фота: svaboda.org
«Сродкаў на ўсталяванне шыльды не прадугледжана»
Гродзенцы атрымалі адмоўны адказ на прапанову ўсталяваць шыльду ў памяць Васілю Быкаву. Адказ з’явіўся на рэсурсе e-petitions.by.
У адказе гарвыканкама адзначаецца, што «разліковымі паказчыкамі па горадзе Гродна не прадугледжана фінансаванне расходаў на стварэнне аб’ектаў манументальнага мастацтва ў горадзе, у тым ліку мемарыяльнай або памятнай шыльды ў памяць Васіля Быкава».
Таксама чыноўнікі адзначылі, што дадатковых фінансавых крыніц няма, таму прадугледзець сродкі на ўсталяванне шыльды «не ўяўляецца магчымым».
Адказ на зварот гродзенцаў падпісала намесніца старшыні гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша. Раней яна адмовіла гараджанам ва ўсталяванні помніка Васіля Быкава. За яе подпісам прыходзілі таксама адказы пра зніклыя з гарадскіх будынкаў шыльды, прысвечаныя паўстанцам 1863 года і паўстанню Касцюшкі.
Гродзенцы чакалі месяц, каб атрымаць адмоўны адказ
Петыцыя з прапановай усталявання памятнай шыльды з’явілася на рэсурсе e-petitions.by напрыканцы кастрычніка. У ёй адзначалася, што дзякуючы мемарыяльнай шыльдзе ў горадзе з’явіцца важны культурны аб’ект. А яе адсутнасць перашкаджае ўшанаванню ўкладу Васіля Быкава ў беларускую і сусветную літаратуру.
Пад зваротам падпісалася 29 чалавек.
Чытайце яшчэ:
Быкаў: вастрыня адзіноты. Эсэ Ціхана Чарнякевіча