Топ гістарычных сядзібаў Мінска

17.07.2020 Краіна

Эпідэміялагічная сітуацыяпарушыла турыстычныя планы, таму многія беларусы сёлета шукаюць альтэрнатыву ў межах краіны. Але для тых, хто не мае аўтамабіля, каб вандраваць у далёкія куткі Беларусі, адзіным варыянтам застаюцца месцы, куды можна дабрацца грамадскім транспартам. Таму «Будзьма!» падрыхтавала адмысловы гайд і пачала з Мінска.


Сядзіба Пшаздзецкіх

Сядзіба Пшаздзецкіх.jpg

Плошча Свабоды, 15. Сядзіба была пабудаваная ў XVIII стагоддзі і належала падканцлеру Вялікага Княства Літоўскага Пшаздзецкаму. Пазней яна была прададзеная шляхціцу Андрэю Станкевічу, які валодаў сеткай аптэк у Мінску. Потым будынкам валодалі сябар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Ежы Кабылінскі, які, дарэчы, зрабіў у гэтым палацы першы ў горадзе музей (беларускую кунсткамеру), у зборах якога, у прыватнасці, знаходзіліся арыгінал статута ВКЛ і карта Хрыстафора Калумба, і гарадскі галава Леапольд Дэльпацэ. У 2012 годзе ў будынку адкрылі Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага, якую можа наведаць кожны ахвочы і агледзець інтэр’еры былога палаца.

Дом Ваньковічаў

Дом Ваньковічаў.jpg

Вуліца Інтэрнацыянальная, 33А. Недалёка ад сядзібы Пшаздзецкіх знаходзіцца дом Ваньковічаў, які адносіцца да XVIII–XIX стагоддзяў. Дом, у прыватнасці, належаў вядомаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу Яну Ходзьку. У значнай ступені гісторыя дома звязаная са славутым родам Ваньковічаў, якія валодалі ім амаль да 1920-х гадоў і ператварылі яго ў адзін з культурніцкіх цэнтраў горада. Так, у Ваньковічаў бывалі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Чэслаў і Станіслаў Манюшкі, Ян Дамель. З 1980-х гадоў тут пачаліся археалагічныя раскопкі і рэстаўрацыя, а 2000-м — да 200-годдзя Валенція Ваньковіча — адкрылі музей.

Сядзіба Ваньковічаў

Сядзіба Ваньковічаў.JPG

Вуліца Філімонава, 24. Значна далей, бліжэй да МКАД, знаходзіцца шыкоўная вялікая сядзіба XIX стагоддзя. Раней зямля ў гэтых месцах належала Радзівілам, але пазней перайшла да Ваньковічаў. У сядзібе, у прыватнасці, жыў славуты беларускі мастак Валенці Ваньковіч, які, дарэчы, сябраваў з Адамам Міцкевічам і напісаў яго вядомы партрэт «Міцкевіч на скале Аю-Даг». Ужо ў савецкія часы тут былі бульбагадоўчая станцыя, кантора саўгаса, школа НКУС, парнікова-цяплічны камбінат, клуб і жылыя кватэры. У адрозненне ад папярэдніх, у гэтай сядзібе няма музея. У 2009 годзе сядзібу Ваньковічаў прадалі, і сёння тут размяшчаецца рэстарацыя з вялікай закрытай тэрыторыяй вакол.

Сядзіба Прушынскіх

Сядзіба Прушынскіх.jpg

Праезд Чыжэўскіх, 8/2, 10. Сядзіба Прушынскіх, сёння больш вядомая, як Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс, адносіцца да XVIII–XIX стагоддзяў. Сядзіба належала Юзафу Прушынскаму, які быў маршалкам галоўнага трыбунала і кавалерам ордэна Белага Арла. Можна казаць, што гэтае месца з’яўлялася яшчэ адным з культурніцкіх цэнтраў Мінска, дзе бывалі Ежы Чапскі, Эдвард Вайніловіч, Юзаф Пешка, Станіслаў Манюшка, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (паводле некаторых звестак, нават Станіслаў Аўгуст Панятоўскі). У 1930-х гадах на тэрыторыі паркавага комплексу савецкія ўлады ажыццяўлялі расстрэлы. Сёння на тэррыторыі комплексу акрамя сядзібы захаваліся флігель, рэшткі капліцы-пахавальні Прушынскіх (1788 г.), бровар (1896 г.), два млыны і абора.

Сядзіба Ададурава

Сядзіба Ададурава.jpeg

Вуліца Казінца, 76. Сядзібу Ададурава, якую таксама называюць белай дачай, пабудавалі ў XIX стагоддзі. Сядзіба належала Мікалаю Ададураву — інжынеру чыгункі. Напэўна, найбольш цікавым у гісторыі сядзібы з’яўляецца тое, што тут некаторы час жыў і працаваў вядомы беларускі мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля. У 1960-х тут быў дзіцячы садок, а з 1990 года — Цэнтр беларускага фальклору. У 2016 годзе будынак сядзібы быў прададзены на аўкцыёне.

Кірыл Стаселька, budzma.org


Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!