Навукоўцы распавялі пра працягласць сімптомаў COVID-19

Сімптомы COVID-19, такія, як хуткая стамляльнасць, страта нюху і густу, кашаль і галаўныя болі, могуць насіць даволі працяглы характар. У 33% тых, хто заразіўся, яны выяўляюцца на працягу шасці і больш тыдняў пасля пастаноўкі дыягназу, заявіў Жэнеўскі ўніверсітэт па выніках даследавання, праведзенага яго спецыялістамі разам з калегамі з універсітэцкага шпіталя Жэневы. Вынікі сваіх пошукаў навукоўцы апублікавалі ў акадэмічным медыцынскім часопісе Annals of Internal Medicine, паведамляе ТАСС.


З сакавіка швейцарскія навукоўцы вялі назіранне за 669 пацыентамі, якiя праходзiлi лячэнне дома, паколькі ім не патрабавалася шпіталізацыя. Іх сярэдні ўзрост — 43 гады, і ў 69% не было адзначана дадатковых хвароб, здольных выклікаць ускладненні. «Хоць за мінулыя месяцы пасля пачатку пандэміі назапашаныя значныя медыцынскія і навуковыя веды аб COVID-19, многія аспекты гэтай хваробы застаюцца загадкай, у прыватнасці тыя, што адносяцца да яе развіцця і доўгатэрміновых наступстваў», — адзначылі ва універсітэце.

«Па сканчэнні шасці тыдняў пасля пастаноўкі дыягназу амаль у траціны ўдзельнікаў даследавання ўсё яшчэ меўся адзін або некалькі сімптомаў, звязаных з COVID-19», — гаворыцца ў паведамленні. Гаворка ідзе ў першую чаргу аб стамляльнасці, якая назіралася ў 14% пацыентаў, страты нюху або густу (12%), задышцы (9%). Акрамя таго, у 6% заражаных не прайшоў кашаль, а 3% пакутавалі на галаўны боль. Па словах навукоўцаў, пацыенты, якія зведалі працяглы час гэтыя праблемы са здароўем, былі вельмі занепакоеныя і хацелі атрымаць інфармацыю пра тое, як доўга яшчэ будуць назірацца ў іх гэтыя сімптомы.

Як лічаць аўтары даследавання, наяўнасць працяглых сімптомаў у заражаных каранавірусам людзей павінна быць прызнана. Гэта дасць магчымасць аптымізаваць догляд за хворымі. Эксперты лічаць, што неабходна правесці інфармацыйную кампанію сярод насельніцтва і медыкаў аб доўгатэрміновых наступствах COVID-19.

zviazda.by