Памятаеце легенду пра забойчую гульню для падлеткаў — «Сіні кіт»? Табе даюць простыя заданні: напішы слова на руцэ, схадзі туды, а ўрэшце — ...скокні з вакна. Гадоў з 10 таму гісторыя стала шокам і забылася. Каб вярнуцца зусім у іншым абліччы.
Алесь Кіркевіч
Зусім нядаўна СБУ ва Украіне затрымала 15-гадовага падлетка, які змайстраваў самаробную бомбу і заклаў каля будынка паліцыі ў Харкаве.
Калі за справу ўзяліся журналісты, аказалася, што такіх выпадкаў — безліч. Падпалы аўто і аддзяленняў паліцыі, ваенкаматаў (ТЦК), поштаў і далей па спісе. Самы «бяскрыўдны» варыянт: здымкі вайсковых частак і перасоўвання тэхнікі.
Скрыншот відэа ютуб-канала ФактиICTV
Алгарытм заўжды той самы. Падлетак шукае працу. На нейкіх мутных ТГ-каналах яму даюць заданне: расклеіць на раёне рэкламныя аб’яўкі. Пасля — намаляваць графіці: што-небудзь супраць Зяленскага і мабілізацыі. Пасля — спаліць трансфарматар... І так на павышэнне. Абяцаюць ад 8-9 даляраў да некалькіх тысяч — па нарастаючай. А калі грошы не працуюць, то працуюць пагрозы: «Мы ведаем, дзе ты жывеш» і г. д.
Што важна: ніякай ідэалогіі. Ніякага «рускага свету». Ніякага «праклятага захаду». Ніякага «фашызму». Зэро. Толькі квэсты, за выкананне якіх атрымліваеш грошы. Ці — абяцаюць, што атрымаеш, бо пераводзіць ужо няма каму: падлетак аказваецца ў СІЗА або — выбухоўка дэтануе ў ягоных руках...
А зараз узгадайце навіны з усходняй часткі ЕС, найперш Польшчы і Літвы. Падпалы супермаркетаў. Фотафіксацыя лініяў камунікацыі. Урэшце, тыя дурныя графіці пра «Вільня наша». Той самы стыль, праўда? Але пакуль «на лайце». Пакуль.
Роўна сто гадоў таму, калі Савецкі Саюз рыхтаваўся да «сусветнай рэвалюцыі» і рыўка на Захад, па ўсёй Еўропе закладаліся ячэйкі Камінтэрна: ад Фінляндыі да Гішпаніі. Пры іх — моладзевыя баявыя структуры. З Масквы туды ішлі грошы, зброя, інструктары, літаратура... За ўсім гэтым, вядома, стаяў «Разведупр» пры Штабе РККА, з якога пазней з’явіцца ГРУ.
Лепшы прыклад, гэта Кампартыя Польшчы і яе структура — КПЗБ. Маладыя беларусы з Ліды ці Гродна у 1920-х — 1930-х рабілі ўсё тое самае: агітацыя, падпалы, выведка, забойствы. Дэстабілізацыя краіны. Толькі не за грошы, а за ідэю. Пасля харкалі крывёю ў пастарунках паліцыі або беглі ў СССР, дзе іх чакалі лагеры.
Сталін распусціў КПЗБ незадоўга да верасня 1939 года, перад нападам на Польшчу. Надышоў час артылерыі і танкавых калонаў. Ну, а тую моладзь выкарысталі — і забылі.
Скрыншот відэа ютуб-канала ФактиICTV
Гісторыя ніколі не паўтараецца. Але надта часта мае яскравыя падабенствы. Стварыць новы «камінтэрн» для Масквы — задача абсалютна нерэальная. Хаця б таму, што ў Расіі няма ніякай звышідэі, якую можна прапанаваць свету. Новага «камунізму» ніхто не прыдумаў за доўгія гады пуцінізму.
Моладзь зараз таксама іншая. «Прадаць» ёй палітычныя абстракцыі — складана. Куды прасцей — квэст, памножаны на хуткія грошы. Разам з тым новае пакаленне прасунутае ў гаджэтах — яно ў іх жыве. Значыць, і ананімны ТГ-канал выклікае больш даверу за нейкага там палітыка ў пінжаку...
Расія, як і 100 гадоў таму, спрабуе разгайдаць сітуацыю ў Еўропе. Для гэтага ўжо не патрэбны Камінтэрн і шырокія сеткі ідэалагічна прамытых прыхільнікаў. На гарматнае мяса падыдуць маргіналы. А яшчэ лепш — падлеткі, якія будуць выконваць квэсты за смешныя грошы. Не разумеючы, як правіла, што і для чаго яны робяць.
Усё гэта будзе тычыцца (ужо тычыцца) не толькі Украіны, але і Польшчы, краінаў Балтыі. Дарэчы, расійскім ды й нашым палітэмігрантам варта было б задумацца. Цёмным вечарам каля пад’езда на іх можа чакаць зусім не забойца-прафесіянал з ГРУ, а... 15-гадовы хлопчык з пусткай у галаве.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org