Мінскі музыка Алексей Загорын, больш вядомы як рэпер Сіроп, выпусціў сваю версію песні гурта ДДТ «Родина» для трыбʼюта калектыва. Рэліз складанкі запланаваны на восень гэтага году.
Былы саксафаніст «Ляпіса Трубяцкога», які шмат гадоў адсядзеў у турме, шпацыруе па мінскіх вуліцах падчас пратэстаў. У фінале кліпа Сіроп у вобразе Смерці задумліва глядзіць на палац прэзідэнта.
Кліп зняла Хрысціна Кляшторная, праўнучка беларуска паэта Тодара Кляшторнага, які загінуў у турме НКУС.
У каментары для «Медузы», Сіроп распавёў, што трэк гэта не кавер. Ад песні Юрыя Шаўчука застаўся толькі прыпеў, астатняе — рэфлексія аўтара на тэму свабоды і Радзімы. Сіроп кажа, што не жадае гібелі канкрэтнаму чалавеку, але жадае смерці сістэме адзінаасобнай улады, якую ён стварыў. І з-за «якой часцяком узнікае адчуванне, што ўсе мы тут не жывем, а адбываем нейкае пакаранне».
Рэжысерка і аператарка кліпа Хрысціна Кляшторная распавяла, што здымкі адбываліся на наступны дзень пасля масавых і жорсткіх затрыманняў і здымачная група рыхтавалася да горшага:
«Сіропу я сказала: "Рыхтуйся да таго, што нас свінцяць". На што ён толькі парагатаў: "Я 17 гадоў адседзеў, ужо як-небудзь стрываю яшчэ 15 сутак". Але нам пашанцавала — мабыць, міліцыянты прымалі Лёшу за аніматара або гарадскога варʼята, пару разоў падыходзілі, пыталіся, што мы робім — мы казалі, што здымаем віншаванне з днём нараджэння сябру, і ад нас адставалі. А наконт хронікі пратэстаў, якую мы ўставілі ў сваё відэа, — хочацца, каб гэтыя кадры ўбачыла як мага больш людзей, у тым ліку і тых, хто навіны не глядзіць, а, напрыклад, рэп слухае. Каб людзі гэта ўбачылі і зразумелі, што ў нас тут усё сурʼёзна».