У сістэме адукацыі час ад часу адбываюцца змены, якія тычацца навучальных праграм, школьнай формы ці справаздачнасці настаўнікаў. Пасля трагедыі ў Стоўбцах, калі вучань забіў 11-класніка і настаўніцу, змены пачалі адбывацца і ў сферы бяспекі.
Як цяпер працуюць сістэмы аховы ў школах? Ці эфектыўныя яны? Як пазбегнуць трагедый? Ці варта выкарыстоўваць GPS-прылады, каб адсочваць месцазнаходжанне дзіцяці? На гэтыя пытанні адказалі школьнікі, настаўнікі і бацькі. Па просьбе некаторых герояў матэрыялу мы не называлі іх імёнаў, прозвішчаў ці гарадоў.
Яна, сёлетняя выпускніца гімназіі №1 г. Мінска:
Сёлета я скончыла гімназію, а за некалькі гадоў да гэтага ў прапускной сістэме адбыліся змены. Яна стала нібыта больш жорсткай, але, на маю думку, не такой эфектыўнай, як чакалася. Калі дакладна, то кожнаму вучню была выдадзеная электронная карта з пазначанымі на ёй дадзенымі (гімназія, год нараджэння, нумар карты, тэрмін дзеяння). На ўваходзе яе трэба было прыкласці, каб адчыніць дзверы і адзначыць прысутнасць. Спачатку было задумана так: калі вучань адсутнічае (то бок не адзначыўся на ўваходзе), бацькам дасылалася паведамленне. На маю думку, гэта даволі слушная ідэя, якая да таго ж не займала б шмат часу і не напружвала. Аднак яна не ажыццявілася: калі шчыра, не ўсе прыкладаюць карткі, бо дзверы можна проста патрымаць для таго, хто ідзе за табой. Але гэта ўжо, вядома, пытанне асабістай адказнасці вучня. Я лічу, што гэтай сістэмы было б цалкам дастаткова, калі б яна працавала дакладна і без хібаў. Дарэчы, яе можна было б удасканаліць шляхам усталявання турнікетаў.
Я лічу лішняй мерай не пускаць бацькоў і сваякоў вучняў далей за тамбур (такая практыка была ўведзеная ў маёй гімназіі год таму). Аднак я не супраць, каб у школах працавала ахова. Гэта было б карысным у надзвычайных сітуацыях, калі неабходна супрацьстаяць злачынным дзеянням.
Што да выкарыстання бацькамі прыстасаванняў для кантролю за дзецьмі, то ўсё індывідуальна. У маёй сям’і гэта ніколі не практыкавалася, заўсёды дастаткова паведамлення або званка. Разумею, бацькі перажываюць, але калі ставіцца да дзіцяці з даверам і паказваць, што ты разлічваеш на ягоную адказнасць і свядомасць, то гэта толькі паспрыяе развіццю гэтых самых адказнасці і свядомасці.
Вучань ліцэя БДУ:
Я лічу, што такія метады, як усталяванне рамак, праверка заплечнікаў на ўваходзе і турнікеты, не з’яўляюцца добрай абаронай ад нападаў і надзвычайных выпадкаў у школах. Калі чалавек сапраўды вырашыў здзейсніць злачынства, ён знойдзе “шчыліну”, каб гэта зрабіць (у большасці школ некалькі ўваходаў, ёсць вокны на першым паверсе).
Праверка заплечнікаў на ўваходзе адбярэ шмат часу, а праход па электронных картках не будзе эфектыўным, калі напад захоча зладзіць навучэнец гэтай самай школы. У гімназіі, дзе я вучыўся раней, нейкі час была сістэма электронных картак, але мы спакойна маглі заходзіць праз унутраны двор, уваход туды быў перыядычна адкрыты.
Мая сяброўка з іншай школы распавядала, што пасля двух гадоў функцыянавання турнікетаў многія вучні згубілі карткі, і таму кожны дзень на ўваходзе стаяць дзяжурныя, якія з дапамогай сваіх картак прапускаюць тых, хто без картак. А некаторыя дзеці ўвогуле пралазяць пад турнікетамі, і за гэтым ніхто не сочыць. На выходных турнікеты адкрытыя, ды і так іх вельмі проста адкрыць і прайсці.
Цяпер у маім ліцэі ля ўвахода стаяць людзі, якія выконваюць функцыю ахоўнікаў. Яны нікому не перашкаджаюць вучыцца, і я думаю, што няма нічога дрэннага ў тым, каб яны сачылі за парадкам.
Вельмі важную ролю ў вырашэнні праблемы бяспекі ў школах граюць школьныя псіхолагі. Гэта павінныя быць людзі, гатовыя выслухаць дзяцей, а не проста раздаваць сумнеўныя анкеты, да якіх ніхто сур'ёзна не ставіцца. Школьны псіхолаг павінен выклікаць давер і апраўдваць яго. Ён павінен навучыць дзяцей не накопліваць, а асэнсоўваць злосць і раздражненне, якія пры празмернай канцэнтрацыі выліваюцца ў адкрытую агрэсію, у тым ліку ў рэальныя напады. Магчыма, варта арганізаваць пакоі для рэлаксацыі ў школах, бо на перапынках заўсёды шумна, і калі ў школьніка стрэс ці ён проста хоча пабыць у цішыні, ён мог пайсці ў гэты пакой і эмацыйна адпачыць.
Наконт прыладаў, якія адсочваюць перасоўванне дзіцяці, думаю, гэта цісне на псіхіку і можа прывесці да з'яўлення комплексаў. І дзіця можа знайсці магчымасць абысці гэтую сістэму. Як наогул такі метад можна ўспрымаць як клопат? Калі бацькоў хвалюе бяспека іх дзіцяці, варта патлумачыць, што ўяўляе рэальную небяспеку, і выпрацаваць мадэль стасункаў, заснаваных на даверы.
Мае бацькі не карыстаюцца маячкамі, каб адсачыць, дзе я знаходжуся (наколькі мне гэта вядома).
Наталля, настаўніца рускай мовы і літаратуры:
На маю думку, па-сапраўднаму эфектыўная сістэма аховы ў школах павінная быць накшталт той, што ў аэрапортах. Але гэта нерэальна дорага для школ, і для праходжання такога кантролю ў вялікай школе спатрэбіцца шмат часу. Варта яшчэ ўлічваць юнацкі максімалізм — трэба заявіць пра сябе жаданнем абхітрыць такую сістэму. Навошта правакаваць школьнікаў?
Турнікеты і карткі, мне здаецца, не будуць лішнімі, гэта абазначэнне таго, што кантроль ўсё ж такі прысутнічае, і разам з тым не гэта такая жорсткая для школьнікаў сістэма. На жаль, ад такіх няшчасцяў, якое здарылася ў Стоўбцах, зберагчы не можа практычна нічога. Калі план выношваўся не адзін дзень, ніякая сістэма не ўратуе. Тут трэба не турнікеты ставіць... Такая колькасць айцішнікаў у дзяржаве, можна было б выкарыстоўваць іх у карысных мэтах: заблакаваць пэўныя сайты і групы для школьнікаў, распрацаваць спецыяльныя дадаткі і г.д. На жаль, ахоўныя сістэмы ў школах невялікіх райцэнтраў, ды і вялікіх гарадоў, прадстаўленыя грознай сілай кшталту цёткі Машы. Усе пра гэта ведаюць, але кажуць, што ўсё ў парадку, сістэма наладжаная.
Я лічу абсалютна нармальным і нават неабходным выкарыстанне бацькамі сістэм асабістай аховы дзіцяці, асабліва калі гаворка пра дзяцей малодшага звяна. Але для нашага мястэчка з трыма школамі гэта пакуль неактуальна. Хочацца верыць, што прагрэс дойдзе і да нас.
Яўген, настаўнік гісторыі:
Выкарыстанне GPS-маячкоў лічу карысным і не бачу нават узроставых абмежаванняў. Выкарыстанне ці невыкарыстанне залежыць ад канкрэтнага школьніка і яго стасункаў з бацькамі: калі вучань добры, ёсць давер, то можна і абысціся. Але калі дзіця праблемнае, варта ўзяць гэтую сістэму ў дапамогу.
Я лічу, што рамкі як сістэма аховы не вельмі эфектыўная, бо ў дзяцей з сабой звычайна шмат металічных рэчаў. А аглядаць заплечнік кожнага з 2000 вучняў — гэта калапс на ўваходзе ў пачатку дня. У навучальнай установе, дзе я працую, усталяваныя турнікеты і ўваход адбываецца па электронных картках. Зранку вельмі вялікія чэргі, усіх дарослых (якія не працуюць у школе) і ўсіх, хто без картак, запісвае вахцёр. Прыкладна пятая частка вучняў прыходзіць без картак. Карацей, у нашай IT-дзяржаве можна было б прыдумаць штосьці больш эфектыўнае.
Мне здаецца, неабавязкова мець ахоўніка ў школе, уваход чужых людзей кантралюе вахцёр. Калі б сістэма з турнікетамі працавала як мае быць, а ў ідэале — каб бацькам высылалася апавяшчэнне, калі вучань “не адзначыўся” на турнікеце, тады сэнсу ў ёй было б болей.
Хацеў бы адзначыць, што гэтыя меры неэфектыўныя, калі справа датычыцца саміх вучняў, то бок калі, напрыклад, падлетак вырашыў нешта пранесці ў школу, ён знойдзе спосаб зрабіць гэта. А каб траўмаваць кагосьці, нават прынесеныя рэчы не патрэбныя, у школе дастаткова прадметаў, якія можна небяспечна выкарыстоўваць.
Навошта нашым школам паказушныя меры бяспекі? Трэба болей працаваць з дзецьмі, забяспечыць працу з псіхолагамі. Цяпер сітуацыя ў школе такая, што псіхолагі і сацыяльныя педагогі загружаныя ўсякай іншай працай, а не сваёй — працай з дзецьмі. Трэба больш трэнінгаў, тэстаў, размоў, увогуле больш увагі аддаваць дзецям, каб адчуваць іх эмацыйнае становішча, заўважаць трывожнасць, страх ці прыхаваную агрэсію.
Ганна Севярынец, настаўніца рускай мовы і літаратуры:
Пасля стаўбцоўскай трагедыі ў нашай школе сапраўды ўзмацнілі меры бяспекі: паставілі металашукальнікі на ўваходзе (дарэчы, не толькі ў нас, а ва ўсіх смалявіцкіх школах). Відавочна, што сваёй ролі яны не выконваюць: прыстасаванне рэагуе амаль на ўсіх, хто праходзіць праз рамкі. Абшукваць кожнага няма каму і няма як, бо тады ўрокі будуць сарваныя. Ходзім, пішчым. Дзеці, як маюць час, туды-сюды скачуць: раз запішчаў, другі раз — не. Калі-нікалі можна прайсці міма рамак, каб не рабіць лішніх гукаў і не мучыць вахцёраў.
Некаторыя бацькі ў нас выкарыстоўваюць маячкі, гэта вельмі зручная штука, я планую таксама скарыстацца імі для малодшага сына, але гэта не школьная, а пазашкольная бяспека. Што да бяспекі ў школе, то ў звычайных умовах яе ў нас дастаткова: гімназія ў нас невялікая, усіх дзяцей мы бачым, усіх бацькоў ведаем, чужых людзей амаль не бывае, дый на ўваходзе сядзяць пільныя вахцёры. Гэта, безумоўна, ніяк не абароніць нас у сітуацыі надзвычайнай, але мне складана прыдумаць нешта адпаведнае. Школьная бяспека — пытанне, як мне падаецца, не столькі тэхнічнае, колькі псіхалагічнае, пытанне агульнай атмасферы, агульнай ветлівасці і выхаванасці, агульнага разумення правіл, межаў і разумных забаронаў.
Лілія Ільюшына, шматдзетная маці:
Я лічу, што пэўная сістэма аховы павінная быць у школе. Але кшталту рэгістрацыі, без праверкі заплечнікаў, без турнікетаў і іншых рэчаў, якія ператвараюць школу ў рэжымны аб'ект. І ў гэтым выпадку ціск на дзіцячую псіхіку будзе мінімальны. У школе, дзе навучаецца маё дзіця (4-я гімназія г. Мінска), сістэма аховы — "вахцёр".
Для бяспекі выкарыстоўваем смарт-гадзіннік для 6-годкі, дзіця пра гэта ведае. І ведае, што ў небяспечным выпадку можа звязацца з бацькамі.
Крысціна Вітушка, маці школьніка:
Пра бяспеку трэба клапаціцца, але памятаць, што з’яўляецца прыярытэтам ва ўстановах адукацыі: яны існуюць менавіта для адукацыі, бяспека тут — дадатковая якасць. Бяспеку ў школах трэба забяспечваць комплексна: пажарная, электрычная, эпідэміялагічная, бяспека ад злачынцаў. На жаль, у нашых школах ніхто не разглядае пытанне комплексна: напрыклад, паставяць турнікеты, але раптам здарыцца пажар, праз турнікет можна выйсці толькі па адным, ці яны ўвогуле могуць быць заблакаваныя, калі адключыцца электрычнасць. Пры гэтым часта пажарныя выхады заблакаваныя макулатурай, якую збіраюць у школе.
Электронныя карткі, якія вучні прыкладаюць на ўваходзе, не для бяспекі, а для кантролю. Сістэмы працуюць крыва, іх прэзентуюць бацькам як універсальную ID-карту, якая і чытацкі білет, і пропуск, і карту, якой можна разлічвацца… А на самай справе яна выконвае толькі функцыю “пропуск”, гэта кавалак пластыку, літары з якога сцерліся праз месяц ашчаднага нашэння. Лічу, што турнікеты і такія сістэмы карысныя толькі тым, хто іх прадае школам. Таму што бацькам ад гэтага толькі нязручнасці — нас не пускаюць у школу далей за турнікеты, хаця мы афіцыйныя прадстаўнікі сваіх дзяцей і маем на гэта права. Пры гэтым у школы дазваляюць прыходзіць прадстаўнікам прафсаюзаў, партыі “Белая Русь”, сходы якіх калі-нікалі праходзяць у актавых залах. Некаторыя ўстановы адукацыі ўвечары здаюць свае памяшканні спартыўным секцыям і моўным школам, сістэма аховы тут стварае шмат перашкод для наведвальнікаў, і турнікеты проста адключаюць. Турнікеты, карткі, рамкі — усё гэта не працуе і не мае да бяспекі ніякага дачынення.
Лічу, што школы ў Беларусі павінныя быць адкрытымі, як у Еўропе. Каб дзеці заставаліся там пасля ўрокаў, штосьці абмяркоўвалі, хадзілі на гурткі. Тут шмат што залежыць ад дарослых, якую атмасферу яны ствараюць: хацелася б, каб настаўнікі задавалі правільны тон, падавалі прыклады добразычлівасці і узаемапавагі, каб дзецям было камфортна псіхалагічна.
Што мне падаецца сапраўды эфектыўным для аховы ў школах, дык гэта камеры відэаназірання, знешнія і ўнутраныя. Каб гэта былі не муляжы, а рэальныя камеры, і каб быў чалавек, які сочыць за тым, што адбываецца ў школе. Калі школа знаходзіцца блізка ад дарогі, трэба, каб была добрая агароджа і кантроль з боку ДАІ. Таксама былі б не лішнімі перыядычныя інструктажы і практыкаванні на тэму “Што рабіць у крытычных і надзвычайных сітуацыях”. Але каб яны былі сур’ёзнымі і сапраўднымі, а не так, як цяпер дзяцей вучаць эвакуацыі пры пажары: проста збіраюць у холе на першым паверсе, каб усіх пабачыў завуч.
Я сама і ніхто з маіх знаёмых не выкарыстоўвае GPS-маячкі для сваіх дзяцей. Не лічу іх эфектыўнымі, бо калі ўсталёўваць на тэлефон, то першае, што робяць злачынцы, — гэта выкідаюць мабільны. Калі дзіця маленькае, бацькі заўжды з ім, завозяць, забіраюць са школы. А самастойна вучань пачынае перасоўвацца па горадзе ў 12-13 гадоў, калі ўжо не заблукае ў горадзе і з’яўляецца больш-менш свядомым: ведае, што рабіць у надзвычайных сітуацыях.
Даша Бялькевіч для budzma.org