Скамарохі — маркер ацэнкі дабрабыту беларусаў. Колькі было камедыянтаў у старажытных Ляхавічах

17.02.2022 Гісторыя

Кандыдат гістарычных навук Мікола Волкаў апублікаваў цікавостку пра Ляхавічы семнаццатага стагоддзя.


000.jpg

«У пачатку XVII ст. у Ляхавічах жылося весела: на 188 дамоў было ажно 7 скамарохаў, а тых жа рамеснікаў — 17. Канечне, скамарохі не толькі местачкоўцаў забаўлялі, а таксама валашчан, якія прыязджалі ў мястэчка гандляваць, і праезжых.

Але прыйшла вайна 1632-1634 гг. і стала ў прамым сэнсе не да смеху. Ваявалі далёка — ажно пад Смаленскам, але пастаянныя праходы жаўнераў, якія любілі вырашаць пытанні сілай і браць усё, што спадабаецца, даліся ў знакі Ляхавічам. Да 1634 г. чацвёра скамарохаў пайшлі "ў свет", засталіся Васька, Раман і Мікалай Амбражэвіч, які быў хворы і не працаваў "па прафесіі".

Як мне падаецца, скамарохі — цудоўны маркер для ацэнкі дабрабыту і якасці жыцця людзей, не горшы за колькасць кароў і коней.

Пра тое, каб Ляхавічы гарэлі інфармацыі няма, і пазней у мястэчку фіксуецца тая ж колькасць дамоў. Вядома, што гарэлі нейкія вёскі. Таму беды ляхавіцкіх скамарохаў і ўсіх местачкоўцаў былі менавіта ад "сваіх" жаўнераў», — піша навуковец.