У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі 17 і 18 красавіка праводзіцца фестываль бясплатных экскурсій «Фэст экскурсаводаў-2022», піша @shtodzien. Пры гэтым мерапрыемства не ладзілася ў краіне афіцыйна з 2019 года з-за кавідных абмежаванняў і грамадска-палітычнай сітуацыі. Але ў адміністрацыі гомельскага палаца думаюць інакш і вырашылі самастойна правесці Фэст, аўтарства якога ім не належыць. «Штодзень» разабраўся ў сітуацыі.
Гісторык і кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў распавядае пра гісторыю раёна Шведская горка ў Гомлі пад час ФЭ 2016
Першы «Фэст экскурсаводаў» адбыўся ў 2008 годзе і паўстаў дзякуючы Беларускаму камітэту Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС). Мерапрыемства ўяўляла з сябе цэлы шэраг бясплатных экскурсій па Беларусі, прымеркаваных да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які адзначаецца 18 красавіка па ініцыятыве ЮНЕСКА. Галоўнай задачай Фэста было знаёмства жыхароў гарадоў, вёсак, раёнаў ды нават вуліц з тымі помнікамі і адметнасцямі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень. За гады правядзення «Фэст экскурсаводаў» стаў беларускай адметнасцю і збіраў тысячы ўдзельнікаў па ўсёй краіне.
Экскурсія Сяргея Балахонава ў межах ФЭ 2018 у Гомелі
Экскурсію ў турму не замаўлялі?
«Фэст экскурсаводаў» ладзіўся штогод амаль без перапынкаў да 2020-га года, калі праз пандэмію кавіду давялося адмовіцца ад правядзення мерапрыемства ў ранейшым фармаце. Перанос Фэста на восень вынікаў не даў: за гэты час умовы для правядзення экскурсій і масавых мерапрыемстваў у краіне пагоршыліся ў разы праз гвалтоўныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур адносна ўдзельнікаў пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
У 2021-м годзе ўмовы для новых экскурсій яўна не палепшыліся, а некаторыя экскурсаводы сутыкнуліся з праблемамі нават пры выкананні сваіх прафесійных абавязкаў. Так, у студзені ў сталіцы арыштавалі экскурсавода Аксану Манкевіч наўпрост падчас правядзення экскурсіі. Яе і ўсю турыстычную групу абвінавацілі тады ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП — «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Па версіі следства атрымлівалася, што экскурсавод ладзіла мерапрыемства, на якое Мінгарвыканкам не выдаваў аніякага дазволу. Тады Манкевіч атрымала 15 сутак арышту.
У лістападзе экскурсію ў Аксаны замовіў малады чалавек, які апынуўся супрацоўнікам ГУБАЗіК. У выніку за «непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі» дзяўчыну затрымалі і зноўку прысудзілі 15 сутак.
Не прынёс нейкіх зменаў і 2022-гі. Да таго ж ладзіць такое маштабнае свята ва ўмовах вайны, якая нясе разбурэнні і смерць ва Украіне праз агрэсію Расіі, арганізатары папярэдніх Фэстаў наўрад ці б сталі. Але перад імі такога выбару наогул не стаяла: нацыянальны камітэт ІКАМАС у Беларусі быў ліквідаваны рашэннем Вярхоўнага суда ад 15 верасня 2021 года па неабгрунтаваных абвінавачаннях у фінансавых злоўжываннях.
Палац вядзе сваю гульню
Менавіта ў такой сітуацыі кіраўніцтва палаца Румянцавых-Паскевічаў абвясціла, што 17 і 18 красавіка яны праводзяць «Фэст экскурсаводаў». Гомельцаў чакаюць адразу чатыры экскурсіі: «Прагулка па вуліцы Білецкага», «Старонкі гісторыі Гомельскага парку», «Старажытны Гомій» ды «Палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў: гісторыя і сучаснасць».
Экскурсія Вячаслава Сухоцкага па музычнай гісторыі Гомеля ў межах ФЭ 2015
З аднаго боку, правядзенне бясплатных экскурсій, безумоўна, можна толькі вітаць. З ведамі пра мінулае нашай краіны ў большасці яе жыхароў сапраўды ёсць істотныя праблемы і прабелы. Вакуум гэтых ведаў потым лёгка запаўняецца больш моцнымі наратывамі суседніх краін і нават прапагандысцкімі штампамі. У выніку некаторыя ведаюць гісторыю Масквы або Санкт-Пецярбурга нават лепей за сваю ўласную.
Але пікантнасць правядзення ў Гомлі «Фэста экскурсаводаў» сёлета ў тым, што яго ладзяць у надзвычай непрыдатны для гэтага час. Арганізатары і пачынальнікі мерапрыемства пазбаўленыя рэгістрацыі, а пануючыя настроі ў краіне не спрыяюць правядзенню сапраўднага фэста свабодных экскурсій. Адміністрацыя палаца, безумоўна, можа спаслацца на тое, што перад 2020-м мерапрыемства ладзілася пры падтрымцы ДУ «Нацыянальнае агенцтва па турызме», Грамадскага аб’яднання «Беларускi фонд культуры» ды РГА «Беларускае таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў». Але «Фэст экскурсаводаў» — не гомельскае свята, не гомельскі брэнд. І ладзіць у такой сітуацыі ўласны Фэст пад тым жа імем — гэта пэўнага кшталту блюзнерства.
Прычым з праблемамі за апошнія гады сутыкнуліся не толькі стваральнікі Фэста з ІКАМОС або экскурсаводы сталіцы. Гомельскія краязнаўцы, гісторыкі, выкладчыкі ды актывісты, якія шмат год запар дапамагалі жыхарам горада над Сожам і Гомельшчыны лепей спазнаць сваё мінулае і адказвалі за правядзенне «Фэста экскурсаводаў» у нашым рэгіёне (Яўген Малікаў, Яўген Меркіс, Сяргей Ляпін, Марыя Булавінская, Таццяна Ласіца і іншыя), сутыкнуліся з судовым пераследам або ціскам рэпрэсіўнай сістэмы пасля падзей 2020-га года. Праз гэта адныя былі вымушаныя прыпыніць публічную актыўнасць, а іншыя нават эміграваць з краіны. Рэчыцкая актывістка і праваабаронца Таццяна Ласіца, якая шмат высілкаў прыклала да ўшанавання памяці земляка, савецкага актора Яфіма Капяляна, дык наогул апынулася за кратамі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса і вымушаная правесці ў калоніі 2 гады і 6 месяцаў. Асабліва цынічна пасля гэтых рэпрэсій выглядае экскурсія ад палаца па вул. Білецкага ў Гомлі, дзе знаходзіцца будынак КДБ.
Таццяна Ласіца. Экскурсія па г. Рэчыца ў межах ФЭ у 2019 г. (palesse.press)
Калі ў Беларусь вернецца сапраўдны «Фэст экскурсаводаў», адкрыты і бяспечны для ўсіх яго стваральнікаў, арганізатараў і ўдзельнікаў, пакуль невядома. Але хочацца спадзявацца, што гэты момант надыйдзе як мага хутчэй.
Юліян Доўгабародаў, Штодзень