У Польшчы ў яе гонар названая вуліца, тысячы працаў захоўваюцца ў музеях, а ў родным Кобрыне захавалася толькі адна скульптура — маленькага рудавалосага хлопчыка. Ды яшчэ бюст Тадэвуша Касцюшкі каля ягонага радавога маёнтка. Пра Бальбіну Свіціч-Відацкую — жанчыну-творцу, што вылепіла героя дзвюх войнаў, распавядае «Салідарнасць».
Тыя, хто бываў у Кобрыне, напэўна маглі бачыць ля Свята-Аляксандра-Неўскага сабора, побач з мастом праз Мухавец, на гранітным пастаменце постаць арла.
Помнік ля Свята-Аляксандра-Неўскага сабора
Гэты сімвал расійскай дзяржаўнасці з’явіўся на гэтым месцы ў 1912 годзе — да 100-годдзя перамогі над Напалеонам. Праўда, тады арол быў, як і належна імперыі, двухгаловым.
Па заканчэнні Другой сусветнай вайны савецкая ўлада паставіла туды іншага арла — аднагаловага. І мала хто, акрамя старажылаў горада, ведае, што на гэтым месцы, на тым жа пастаменце, каля дзесяці гадоў у 1930-я гады XX стагоддзя стаяў помнік Тадэвушу Касцюшку — легендарнаму барацьбіту за свабоду свайго народа.
Вырабіла яго ў сціплай майстэрні на вул. Чырвонаармейскай у Кобрыне мясцовая мастачка Бальбіна Свіціч-Відацкая, пра якую сёння і пойдзе размова.
Бальбіна Свіціч-Відацкая
Сірата з Магілёва
Нязвыклае сёння нашаму слыху імя Бальбіна будучая мастачка атрымала ў гонар раннехрысціянскай пакутніцы, ушанаванне якой супала з датай яе нараджэння — 31 сакавіка 1901 года. Відавочна, будучы вернікамі, бацькі дзяўчынкі Нікадзім і Марыя Канарскія не ўлічылі, што разам з імем іх дачка можа атрымаць і няпросты лёс.
Бальбіне было ўсяго тры гады, калі яна страціла адразу бацьку і маці. Малалетнюю сірату спачатку ўзяў да сябе на выхаванне яе дзядзька, каталіцкі святар Уладзіслаў Канарскі, які жыў у Варонежы. Туды ён і перавёз дзяўчынку з яе роднага Магілёва.
Аднак з нейкіх прычынаў дзяўчынка ў дзядзькі надоўга не затрымалася і неўзабаве вярнулася на тэрыторыю Беларусі. Бальбіну ўзяла яе далёкая сваячка з мястэчка Барысава пад Кобрынам. Настаўніца Станіслава Віткоўская і яе муж доктар Іосіф Віткоўскі мелі свой маёнтак і былі бяздзетныя. Усю сваю любоў і клопат яны аддалі маленькай сіраце.
У Кобрыне да гэтага часу захаваўся дом, у якім жыла Бальбіна Свіціч-Відацкая
Да таго ж, ва ўжо вельмі раннім узросце выявілася, што дзіця неверагодна таленавітае: яна магла гадзінамі ляпіць фігуркі звяроў і людзей, якія атрымліваліся вельмі рэалістычнымі. Заняткі мастацкай творчасцю ўсяляк заахвочваліся. Дзяўчынцы далі добрую хатнюю адукацыю, а пазней, у 1919 годзе, пасля таго як Брэст увайшоў у склад Польшчы, аддалі вучыцца ў Брэсцкую гімназію імя Рамуальда Траўгута
Бальбіна Свіціч-Відацкая
Аднойчы, вярнуўшыся на вакацыі, Бальбіна ўбачыла свае творы акуратна расстаўленымі ў самым прасторным пакоі. У гэтую галерэю, з любоўю зладжаную цёткай Станіславай, гледачы прыходзілі да самай вайны.
«Пані прафесар»
Пасля заканчэння Брэсцкай гімназіі ў 1924-м пытанне аб тым, дзе працягнуць адукацыю, відаць, нават не стаяла. У Акадэміі вытанчаных мастацтваў у Кракаве Бальбіна была адной з лепшых. Пяць гадоў яна вучылася на курсе цудоўнага скульптара і рэктара Акадэміі Канстанты Ляшчка. І скончыла курс з адзнакай выдатна.
У Акадэміі вытанчаных мастацтваў у Кракаве, у майстэрні Канстанты Ляшчка
Здавалася б, нічога не перашкаджала ёй застацца ў адным з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы, тым больш з такім дыпломам. Аднак маладая мастачка ўпадабала вярнуцца ў родныя мясціны. Ёй хацелася быць патрэбнай для сваіх землякоў.
У Кобрыне маладая мастачка стала выкладаць выяўленчае мастацтва ў гімназіі імя Марыі Радзевіч. «Пані прафесар», як паважліва яе называлі, вучыла дзяцей маляванню, пісала партрэты вядомых дзеячаў на замову, узначаліла мясцовы скаўцкі рух.
Сцвярджаюць, што яе творы мелі не толькі дзіўнае падабенства з персанажамі, — яна ўмела «схапіць» характар. Старажылы расказваюць, што на старых могілках да гэтага часу знаходзяць фігуркі скрушных анёлаў, якія зрабіла Бальбіна.
Адна з працаў Бальбіны Свіціч-Відацкай у Польшчы
«Палешук» для маршала Пілсудскага?
У 1932 годзе да Бальбіны Свіціч (у 1931-м яна пабралася шлюбам і узяла прозвішча мужа) прыходзіць першы рэальны поспех. Яе праца — бюст Тадэвуша Касцюшкі атрымлівае агульнанацыянальнае прызнанне. Ён заняў пастамент, які пуставаў без двухгаловага арла (у 1920-м бронзавая птушка бясследна знікла), помнік прастаяў у Кобрыне ажно да прыходу савецкай улады.
Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Кобрыне, 1930-я гады
У 1940-х гадах паўстанцкага генерала «скінулі» з пастамента. Бюст прыбралі ў падсобку мясцовага музея, пазней адправілі ў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. І толькі ў 1988 годзе ён знайшоў свой цяперашні прытулак у в. Вялікія Сяхновічы Жабінкаўскага раёна.
Бюст Тадэвуша Касцюшкі побач з раённым музеем у вёсцы Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна
Але не адным Касцюшкам праславілася скульптар. Яе працы заўсёды высока шанаваліся крытыкамі. У 1935 годзе, удзельнічаючы ў выставе ў Пінску, мастачка нават атрымала залаты медаль. У гэты час Бальбіне паступала шмат замоваў з найбліжэйшых музеяў на партрэты кампазітараў, пісьменнікаў, гістарычных дзеячоў. Невядома, хто менавіта вывез працы скульптара ў Італію, толькі, ацаніўшы іх, ёй нават прызначылі стыпендыю. Гэта быў 1938 год.
Працягнуць вучобу ў Італіі перашкодзіла Другая сусветная вайна.
Мары аб сонечнай Венецыі, жывапісе эпохі Адраджэння і вялікіх Да Вінчы і Мікеланджэла разбіліся аб суровую рэчаіснасць. Апынуцца на савецкай тэрыторыі напрыканцы трыццатых гадоў жыхарам Заходняй Беларусі было не проста цяжка, але і вельмі небяспечна.
Нейкім цудам Бальбіну не кранулі. Больш за тое, ёй дазволілі працаваць. І яна працягнула ствараць. Так, для тэатра, які толькі што адкрыўся, у Брэсце яна выканала бюсты Чэхава і Станіслаўскага, для мінскага музея — бюсты Горкага і Чайкоўскага, для мінскай філармоніі — Шапэна і Бетховена. Яе кампазіцыя «Палешук з дзіцем» у 1941 годзе экспанавалася на выставе ў Маскве (пазней скульптура была набытая і падораная маршалу Юзэфу Пілсудскаму).
Разам з тым Бальбіна працягвала выкладаць у гімназіі. Мясцовыя жыхары да гэтага часу захавалі памяць аб ёй.
— У 1940 годзе пані Баля выкладала маляванне ў нашай гімназіі, але ставіліся да яе ўсё не проста як да настаўніка, а, аддаючы належнае яе таленту, нават называлі «пані прафесар», — расказваў у інтэрв’ю «СБ» жыхар Кобрына Павел Гілевіч. — Мы ўсе бывалі на яе выставах. Часта бачылі Бальбіну з Івонам і дочкамі, якія гулялі разам. Івіта і Карына тады былі зусім маленькімі — гады 4-5.
Да таго моманту Бальбіна ўжо мела прозвішча Свіціч-Відацкая. Івон Відацкі быў другім яе мужам. Ягоная сям’я лічылася самай знакамітай у горадзе, а сам ён быў мясцовым абшарнікам.
Маленькі Стэфан
Падчас фашысцкай акупацыі Бальбіна заставалася ў Кобрыне. Ёсць звесткі, што яна ахвяруючы уласным жыццём хавала яўрэяў з кобрынскага гета.
Пасля вайны ў 1944 годзе сям’я перабралася ў Польшчу. Некаторы час яны бадзяліся па розных гарадох. Пакуль нарэшце не аселі ў невялікім горадзе на поўначы Польшчы — Ольштыне. Там Бальбіна правяла апошнія дваццаць гадоў свайго жыцця, з 1952-га па 1972-ы год.
У Польшчы Свіціч-Відацкая ўступіла ў Саюз польскіх скульптараў і стварала да апошніх дзён. Ляпіла серыі фальклорных герояў і незабыўныя вобразы палешукоў — тых, што былі блізкія яе сэрцу. Увесь час удзельнічала ў мастацкіх выставах. І нават пісала вершы. У яе калекцыі больш за 1000 вершаў (у тым ліку на эратычную тэму), афарызмаў, эпіграм. Праўда, толькі невялікая частка з іх была надрукавана.
Шматлікія скульптуры Свіціч-Відацкай упрыгожваюць сёння Ольштын і іншыя гарады краіны. У гонар скульптара названая адна з вуліц, а ў Ольштынскім універсітэце ў яе гонар адкрыта мемарыяльная шыльда, якую спраектавала мастачка Івіта Відацкая, дачка Бальбіны.
Івіта Салярска, дачка Бальбіны Свіціч-Відацкай, побач фота яе маці падчас працы над бюстам Адама Міцкевіча.
А вось у родным Кобрыне ёсць толькі адна яе праца — бюст рудавалосага хлопчыка. Мясцовы жыхар аднойчы знайшоў скульптуру на гарышчы сваёй хаты па вуліцы Чырвонаармейскай. Гэтую працу Бальбіна некалі падаравала ягонай сястры, з’яжджаючы назаўжды з Беларусі.
Кажуць, хлопчыка з сумнымі вачыма клікалі Стэфан Ясінскі. Жыў ён з 30-х гадоў і да вайны ў тым самым доме, дзе правяла сваё дзяцінства мастачка. Паводле адной з версій, гэта быў пазашлюбны сын служкі Станіславы Віткоўскай, па іншай — такі ж далёкі сваяк, як і Бальбіна. Дзе ён і што з ім адбылося далей ніхто не ведае.
Бюст маленькага Стэфана зараз захоўваецца ў фондах Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея ім. А. В. Суворава. Іншых твораў аўтара, які нарадзіўся на гэтай зямлі, там няма.