Зімовыя святы немагчыма ўявіць без елкі. За апошняе стагоддзе хрысціянская традыцыя ўпрыгожваць яе распаўсюдзілася па ўсім свеце, і зараз нават у мусульманскіх краінах можна ўбачыць яркія навагоднія дрэвы. У Беларусі і Польшчы ўпрыгожваць елку да Калядаў сталі адносна нядаўна, і новаўвядзенне гэтае прыжылося не адразу. MOST расказвае, дзе ўпершыню з’явілася гэтая традыцыя, калі яна прыйшла ў нашы краіны, а таксама хто і чаму забараняў калядныя елкі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Arun Kuchibhotla / Unsplash
Усё пачалося з традыцыі ўпрыгожваць дамы галінкамі вечназялёных раслін да свята зімовага сонцастаяння. Так было прынята ў многіх паганскіх народаў, у тым ліку ў старажытных рымлянаў падчас Сатурналій, якія адзначаліся з 17 па 23 снежня.
Прыбіраць цэлую елку ўпершыню вырашылі немцы-пратэстанты ў XV ці XVI стагоддзі. На яе вешалі яблыкі, цукеркі, аплаткі, кветкі з каляровай паперы, а пазней і свечкі. Хутчэй за ўсё, такая елка сімвалізавала райскае дрэва.
Паставіць хваёвае дрэва пасярод гарадской плошчы дадумаліся таксама немцы, але з Лівоніі — гэта тэрыторыя сучаснай Эстоніі і Латвіі. Сталіцы гэтых дзвюх балтыйскіх дзяржаў да гэтага часу спрачаюцца, у якім з гарадоў упершыню ўсталявалі калядную елку. Рыжане запэўніваюць, што гэта здарылася ў Рызе ў 1510 годзе, а жыхары Таліна пярэчаць, што гэта адбылося ў іх на 69 гадоў раней.
Першая апублікаваная ілюстрацыя каляднай елкі ў амерыканскай кнізе The Stranger’s Gift. 1839 год. У ЗША ў той час была вялікая нямецкая дыяспара, таму аб традыцыі ўпрыгожваць елку на Каляды там ведалі. Крыніца: Wikipedia.org
Да XIX стагоддзя ўпрыгожаная елка ў германскіх землях асацыявалася з пратэстантызмам, таму каталіцкія святары настройвалі супраць яе сваіх вернікаў. Але ўсё ж традыцыя пакрысе распаўсюджвалася, у тым ліку і ў іншых еўрапейскіх краінах — дзякуючы нямецкім дыяспарам і манаршым асобам з нямецкімі каранямі.
У 1848 годзе малюнак каляднай елкі ў брытанскім Віндзорскім замку апублікавалі ў газеце Illustrated London New. Пасля гэтага традыцыя становіцца масавай і распаўсюджваецца па ўсім свеце. Крыніца: Imagesonline.bl.uk
У Польшчы ўпрыгожваць елку пачалі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Спачатку гэта рабілі нямецкія каланісты на тэрыторыях, якія адышлі да Прусіі. На працягу ХІХ стагоддзя традыцыю пераймалі польская шляхта, мяшчане і багатыя сяляне. Раней за ўсіх яна замацавалася ў Варшаве, а таксама ў гарадах з вялікай доляй нямецкага насельніцтва: у Сілезіі і на Балтыйскім узбярэжжы.
Масава калядныя елкі ў польскіх дамах, у тым ліку і ў вёсках, сталі з’яўляцца толькі ў пачатку XX стагоддзя і ў міжваенны перыяд у 1921-1939 гадах. Аднак у некаторыя месцы паўднёвай і ўсходняй Польшчы, у тым ліку на Падляшшы, гэтая традыцыя прыйшла толькі пасля Другой сусветнай.
У той час елкі ў дамах прыбіралі яблыкамі, арэхамі, упрыгожваннямі, зробленымі сваімі рукамі, напрыклад з каляровай паперы, а таксама свечкамі. Пакупныя цацкі, асабліва шкляныя шары, некаторыя палякі лічылі «нямецкай выдумкай», да таго ж дарогай, і адмаўляліся ад іх.
Калядная елка на даху аўтамабіля. Кракаў, 1938 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Варшаўская сям’я за калядным сталом, ля сцяны елка. 1926 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Калядная елка ў Катавіцы ля гарадскога тэатра. Фота зроблена ў перыяд з 1922 па 1932 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
У міжваенны перыяд у польскіх гарадах сталі ўстанаўліваць і грамадскія калядныя елкі, у тым ліку з электрычнымі гірляндамі. Яркія дрэвы красаваліся на галоўных плошчах, ля вакзалаў, тэатраў.
Палякі не перасталі святкаваць Каляды і пасля ўстанаўлення прасавецкай Польскай Народнай Рэспублікі. Елкі ўсталёўвалі ў дамах па ўсёй краіне, а «нямецкія» цацкі са шкла з часам сталі «польскімі».
Цікава, што з канца 1960-х у Польшчы пачалася мода на штучныя разборныя елкі. Рэкламуючы іх, падкрэслівалі, што гэта экалагічны прадукт. Папулярнасць жывых дрэў вярнулася ў 2000-я.
Калядная елка ў польскай кватэры. 1950-1960-я. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Штучная калядная елка ў польскай кватэры. 1967 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
У Беларусі калядная елка з’явілася таксама пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і зноў-такі дзякуючы немцам. У пачатку XIX стагоддзі ўпрыгожваць іглічныя дрэвы пачалі немцы, якія жылі ў Санкт-Пецярбургу, у 1840-х гадах за імі стала паўтараць руская шляхта, а потым і астатнія гараджане. Паступова сталічная мода распаўсюджвалася на захад і дабралася да беларускіх гарадоў. У вёсках жа германская традыцыя яшчэ доўга не прыжывалася.
Пасля падзення Расійскай імперыі Беларусь стала часткай Савецкага Саюза. Нейкі час новая ўлада не чапала елку і нават спрабавала зрабіць яе сімвалам «камсамольскіх Калядаў». Больш за тое, бальшавікі адмянілі забарону на елку, якую ўвёў праваслаўны Сінод падчас Першай сусветнай вайны, каб засцерагчы насельніцтва ад традыцый ворага — немцаў.
Але ўсё змянілася пасля смерці Леніна: пачалася барацьба з Калядамі. Спачатку былі проста рэкамендацыі, высмейванне «буржуазных перажыткаў» у прэсе, забароны на высечку і продаж дрэў.
Аднак у 1929 годзе святкаваць Каляды забаранілі афіцыйна, а за тым, каб грамадзяне не ставілі елкі, сталі сачыць спецыяльныя людзі. Гэта датычылася ў тым ліку і дзіцячых садоў, дзе ранішнікі з зялёнай прыгажуняй ужо паспелі стаць традыцыяй.
Савецкая агітацыя супраць каляднай елкі. Крыніца: Часопіс «Сябар дзяцей» № 3. 1929 год
Тым нечаканей было, калі 28 снежня 1935 года ў газеце «Праўда» з’явіўся заклік: «Давайце арганізуем да Новага года дзецям добрую елку!» На наступны дзень у гарадах, у тым ліку ў Мінску, адкрыліся елачныя кірмашы, а ў дзіцячых садах, школах і працоўных клубах спешна пачалі арганізоўваць святочныя мерапрыемствы. Нямецкая традыцыя вярнулася, але елку зараз сталі зваць навагодняй, а не каляднай, а яе верхавіну — замест Віфлеемскай — упрыгожыла чырвоная зорка.
Першую агульнагарадскую елку ў Мінску ўстанавілі, мяркуючы па ўсім, у 1945 годзе, а ўпершыню сфатаграфавалі ў 1951-м. Вечназялёнае дрэва з мінімумам упрыгожванняў паставілі насупраць Дома ўрада.
Навагоднія святы з елкай праводзіліся ў школах, дзіцячых садах, палацах культуры БССР. Аднак ва ўласных дамах хваёвае дрэва беларусы ставілі нячаста, у тым ліку з-за праблем з жыллём: краіна адбудоўвалася пасля Другой сусветнай. Гэтая традыцыя стала масавай у нашых гарадах толькі ў 1960-х, а ў вёсках яе прынялі яшчэ пазней.
Навагодняя елка ў Мінску. 1951 год. Крыніца: БДАКФФД
Навагодняя елка ў Мінску, 1980-я. Крыніца: Realt.onliner.by
Славяне ўпрыгожвалі свае дамы ігліцай да Калядаў і да з’яўлення нямецкай традыцыі. Напрыклад, палякі выкарыстоўвалі для гэтага яловыя, сасновыя і піхтавыя галінкі, якія вешалі на сцены, дзверы, платы. У некаторых паўднёвых горных рэгіёнах было прынята падвешваць на столі над сталом сплеценыя іглічныя галіны ці нават цэлую верхавіну дрэва. Часта такую «люстру», якую называлі падлазнічкай (podłaźniczka), упрыгожвалі яблыкамі, арэхамі і аплаткамі.
Гэтая традыцыя мае паганскія карані — вечназялёныя расліны сімвалізуюць новае жыццё і адраджэнне прыроды, якое пачынаецца пасля зімовага сонцастаяння. Таксама яны павінны былі ахоўваць хату ад злых сіл і праклёнаў.
У беларускай жа народнай міфалогіі ігліца звязана са светам мёртвых. Да гэтага часу захоўваецца абрад, калі шлях, па якім нясуць нябожчыка да могілак, пасыпаюць яловымі іголкамі. Іглічныя галінкі таксама выкарыстоўваюцца для выраба пахавальных вянкоў. Магчыма, праз такі сімвалізм беларускія сяляне доўгі час не прымалі нямецкую традыцыю.
Але свае хаты нашы продкі да Калядаў усё ж упрыгожвалі. Першым чынам вешалі пад столь саламяных «павукоў»: лічылася, што яны ўбіраюць у сябе ўсё злое. Акрамя таго, калі побач з «павуком» запаліць свечку, то салома будзе «зіхацець» у водблісках полымя, амаль як сонца, якога так бракуе ўзімку.
Традыцыйны беларускі саламяны павук. Крыніца: wikipedia.org