Хто назваў габрэяў «грунтоўна сапсаваным, злачынным і амаль непапраўным народам» задоўга да Гітлера? І як гэта звязана з «мяжой габрэйскай аселасці»?
Габрэі ля лаўкі. Фота: Lebrecht Music & Arts / Alamy / Diomedia. 1916 год
Усё пачалося празаічна — з захопу новых тэрыторый Расійскай імперыяй, што стала магчымым пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Разам з новымі землямі расійскае кіраўніцтва атрымала і новых жыхароў. З імі і ўзнікалі праблемы адна за адной. Апроч вялікай часткі ўніятаў і значнай колькасці каталікоў, якія ўсё ж былі «амаль хрысціянамі» для Пецярбурга, у склад новых падданых трапіла і незлічоная колькасць габрэяў.
Расія, якая лічыла (дый і сёння лічыць!) сябе пераемніцай Візантыйскай праваслаўнай імперыі з ідэяй чыстай Русі, падазрона ставілася да іншых рэлігій. Таму і была ў 1791 годзе (паміж 1 і 2 падзеламі Рэчы Паспалітай) прынятая забараняльная норма для габрэйскага насельніцтва. Кацярына ІІ не магла дапусціць, каб «нячыстыя» масы габрэяў з новадалучаных тэрыторыяў хлынулі ў спрадвечна праваслаўныя губерні яе імперыі.
Габрэям дазволілі гандляваць і, галоўнае, жыць у «межах габрэйскай аселасці». Яна прыблізна і праходзіла па лініі былых межаў між Рэччу Паспалітай і Расіяй. У гэтую ж зону аднеслі раней захопленыя ўкраінскія землі ў складзе тагачасных губерняў.
Пашыранасць ідыша на тэрыторыі імперыі, што супадае з «Мяжой». Англійскае выданне пачатку ХХ ст.
Напачатку ХХ стагоддзя расійскі дзяржаўны дзеяч, пазней міністр асветы імперыі граф Іван Талстой сфармуляваў у адным сказе ўсю сутнасць расійскага антысемітызму: «Расійская дзяржаўная ўлада пры стварэнні і захаванні закона аб мяжы аселасці зыходзіла з перадумовы аб тым, што ў асобе габрэяў яна мае справу з грунтоўна сапсаваным, злачынным і амаль непапраўным народам».
Галоўнае, што трэба ведаць: гэтаму народу забаранялася жыць у вёсках і ўнутраных частках імперыі. Правы на адукацыю сталі вельмі абмежаванымі праз стварэнне так званых «квотаў на габрэяў» у розных установах адукацыі. Пачалася фактычная «стыгматызацыя» цэлага народа.
Адзін з законаў Расійскай імперыі адносна габрэйскага народа. Са зборніка ўсіх законаў пра габрэяў, 1874 год
Паводле пункта 11 «Палажэння аб габрэях» 1804 года, усе габрэі падзяляліся на чатыры класы: земляробы, фабрыканты і рамеснікі, купецтва, мяшчанства.
З расійскага дакумента, які рэгуляваў жыццё ўсіх габрэяў у імперыі 1835 года:
«Забараняецца Габрэям трымаць у сябе Хрысціянаў для пастаянных хатніх паслугаў, але дазваляецца наймаць іх:
1) Для працаў кароткачасовых, якія патрабуюцца ад рамізнікаў, сударабочых, цесляроў, муляроў і інш. 2) Для дапамогі ў хлебаробстве, садоўніцтве і агародных працах на землях, уласна Габрэям прыналежных, і асабліва ў той час, калі патрэбна першапачатковая апрацоўка гэтых земляў. 3) Для працы на фабрыках і заводах, акрамя аднак заводаў броварных». Быў яшчэ пералік нязначных выключэнняў.
«Сенненская справа»
Тое, што адбылося ў 1799 годзе ў Сенненскім павеце (сучасная Магілёўская вобласць) стала прадвесцем страшэннай і бяздумнай палітыкі антысемітызму, якая хуткімі крокамі ахоплівала Расійскую імперыю. Напярэдадні Песаха (габрэйскага рэлігійнага свята) каля адной габрэйскай карчмы было знойдзенае цела жанчыны.
Адзін сведка заявіў, што два дні перад тым ён быў на месцы і не бачыў трупа, з чаго можна было заключыць, што жанчына была забітая ў іншым месцы і толькі потым кінутая. Іншы ж сведка паказаў, што незадоўга да таго ён бачыў жанчыну ў карчме.
Адзін з законаў Расійскай імперыі адносна габрэйскага народа. Са зборніка ўсіх законаў пра габрэяў, 1874 год
Гэтага было дастаткова, каб следчая ўлада, «маючы падставай народны слых, што габрэям патрэбная хрысціянская кроў», абвінаваціла ў забойстве чатырох габрэяў, якія знаходзіліся ў карчме.
Справа выйшла далёка за межы мясцовай кампетэнцыі і разглядалася «крымінальным дэпартаментам галоўнага беларускага суда». Дэпартамент даручыў свайму сакратару Стукаву «таемным чынам спазнаць і даведацца: ці няма па народнай чутцы, засведчанай пад прысягай шматлікімі людзьмі, у законах габрэйскіх становішча, што габрэям хрысціянская кроў патрэбна?».
Сенненскім чатыром абвінавачаным пашанцавала ў выніку: іх вызвалілі. Аднак неўзабаве на Шклоўшчыну прыязджае вядомы расійскі паэт, сенатар, а ў хуткім часе і міністр юстыцыі Гаўрыіл Дзяржавін. У свой вялікі праект пераўтварэння жыцця габрэяў імперыі ён унёс наступныя радкі:
«У гэтых кагалах выконваюцца, ці прынамсі зараз толькі абараняемыя бываюць тыя хрысціянскія кровапраліцці, у якіх габрэі ў розных часах і краінах падазраваліся, і дагэтуль па архівах заўважаюцца. Хоць я, з майго боку, аб гэтых кровапраліццях думаю, што калі яны і бывалі дзе-небудзь у старажытнасці, дык няйначай як толькі па жарсці некаторых з фанатыкаў, але палічыў, аднак, за патрэбнае не выпусціць іх з-пад нагляду».
З-пад нагляду габрэяў не выпусцілі аж да скону турмы народаў у 1917 годзе. Пазней пачалася чарговая фаза, але гэта ўжо іншая гісторыя.
Першая старонка зборніка ўсіх законаў пра габрэяў, 1874 год
Рэпрэсіўныя законы
Калі жыць мала дзе, але можна было, дык з іншымі аспектамі існавання сітуацыя была яшчэ горшая. Напрыклад, у 1826 годзе быў уведзены нагляд над габрэйскімі кнігамі, якія ўвозяцца з-за мяжы, а таксама ўводзілася агульная цэнзура габрэйскіх кніг. У 1836 годзе быў выдадзены закон, які дазваляў кнігадрук толькі ў месцах, дзе ёсць цэнзар.
У 1827 годзе быў адменены грашовы падатак, якім абкладаліся габрэі наўзамен воінскай павіннасці. Быў уведзены рэкруцкі набор малагадовых габрэяў у так званыя салдацкія школы кантаністаў з наступным адбыццём 25-гадовага тэрміна воінскай павіннасці. Гэтая мера павінна была садзейнічаць гвалтоўнаму хросту.
З 1827 па 1856 гг., калі інстытут кантаністаў быў скасаваны, колькасць рэкрутаў склала больш за 50 тысяч чалавек, — адзначае расійскі гісторык Мікалай Членаў. Значная частка кантаністаў хрысцілася ў праваслаўе.
Цікава глянуць на вынікі афіцыйнага першага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі, які адбыўся ў 1897 годзе. З беларускіх земляў вылучаецца Гродзенская губерня, дзе габрэйскамоўнымі сябе пазначылі 17,4% насельніцтва (у адсоткавым вымярэнні — больш за любую іншую частку). У Мінскай — 16%, у Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай — прыблізна аднолькава, каля 12% жыхароў.
З расійскага дакумента, які рэгуляваў жыццё ўсіх габрэяў у імперыі 1835 года:
«Габрэі ва ўсіх публічных актах і ва ўсіх паперах, якія падаюцца ці дасылаюцца імі месцам і асобам урадавым, судовым і паліцэйскім, павінны ўжываць мову Расійскую, або тую, на якой у месцы іх знаходжання справы вырабляюцца, але аніяк не Габрэйскую».
У 1881-1921 гадах сотні пагромаў забралі, паводле розных ацэнак, ад 100 да 250 тысячаў габрэйскіх жыццяў. Гэта стала непасрэдным вынікам расійскай палітыкі «мяжы габрэйскай аселасці».
Падбухторыла гэтыя масавыя забойствы забойства расійскага імператара Аляксандра ІІ беларусам Ігнатам Грынявіцкім.
З 1881 года і да пачатку Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе здолелі эміграваць, пераважна ў ЗША, каля 1,4 мільёны габрэяў імперыі. Што цікава, на пачатак ХХ стагоддзя большая частка прадстаўнікоў гэтага народа ў свеце жыла менавіта ў Расіі.
Першая старонка «Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў»: антысеміцкага сфабрыкаванага выдання ў Расійскай імперыі
З расійскага дакумента, які рэгуляваў жыццё ўсіх габрэяў у імперыі 1835 года:
«Кожны Габрэй павінен быць прыпісаны на законнай падставе да аднаго з усталяваных у дзяржаве станаў. У выпадку невыканання гэтага, з ім абыходзіцца як з валацугам».
Расійскаму дзяржаўнаму дзеячу, даверанай асобе імператара Аляксандра ІІІ Канстанціну Пабеданосцаву прыпісваецца выказванне, зробленае напрыканцы ХІХ стагоддзя: «Траціна габрэяў выедзе з Расіі, траціна хрысціцца, а траціна вымрэ».
Да пачатку Халакосту заставалася пару дзесяцігоддзяў.
Павал Хадзінскі, budzma.org