Сёння прапануем выправіцца ў вандроўку на радзіму Уладзіміра Караткевіча — горад Орша. Тут у 1630 годзе была адчынена найбуйнейшая на той час на тэрыторыі Беларусі друкарня, дзе выдалі першы «Буквар» па-беларуску, у будынку еўзуіцкага калегіума ў Оршы спыняліся ў свой час Напалеон і Стэндаль, ёсць у горадзе і свой «Аршанскі Нотр-Дам».
Чым яшчэ знакамітая Орша і што там варта паглядзець (а паглядзець ёсць на што!), дзе лепш спыніцца і дзе паесці, распавядаем у артыкуле.
Фота: planetabelarus.by
1. Аршанскае замчышча
Пачнем знаёмства з Оршай з Замкавай гары, якая знаходзіцца на месцы сутоку рэкаў Дняпро і Аршыцы. Орша была заснаваная ў 1067 годзе, на замчышчы можна пабачыць памятную шыльду, прысвечаную гэтай падзеі. У ХIV—XVI стст. тут знаходзіўся Аршанскі замак, збудаваны яшчэ за князем Вітаўтам. Замак мужна вытрымліваў усе бітвы і вайсковыя сутычкі ВКЛ і Маскоўскага княства, шмат разоў пераходзіў ад адной дзяржавы да іншай, а напрыканцы XVII стагоддзя быў цалкам зруйнаваны ды больш не аднаўляўся. Сёння з замчышча можна пабачыць маляўнічыя краявіды горада.
Фота: planetabelarus.by
2. Свята-Троіцкая царква (вул. Скарыны, 79)
Фота: planetabelarus.by
На ўскрайку Оршы, на левым беразе Дняпра, на месцы, дзе ў яго ўпадае рэчка Куцеінка, падарожнікаў ды турыстаў чакае Свята-Троіцкая царква, узведзеная пры колішнім Богаяўленскім Куцеінскім кляштары. Месцічы здаўна называлі кляштар Куцеінка. Першапачаткова будынак быў закладзены тут ў 1623 годзе, у 1630-м пры ім была адчынена найбуйнейшая на той час на тэрыторыі Беларусі друкарня. Тут выдаваліся разнастайныя кнігі, аздобленыя гравюрамі ручной працы, ноты і іншыя друкаваныя выданні, а ў 1631 годзе друкар Спірыдон Собаль выдаў у аршанскай друкарні пры Куцеінскім кляштары першы «Буквар» па-беларуску.
Богаяўленскі Куцеінскі кляштар, Дзмітрый Струкаў, 1864
Кляштар быў занядбаны ў сярэдзіне XVII стагоддзя падчас вайны з Расіяй. Сёння ад некалі велічнага кляштарнага комплексу адноўлена праваслаўная царква Святой Тройцы, збудаваная ў 1624–1626 гг. у стылі барока, часткова захаваліся кляштарныя памяшканні, якія зараз выкарыстоўваюцца для патрэбаў адноўленай царквы.
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
Фота: planetabelarus.by
3. Кляштар бернардзінцаў (вул. Камсамольская, 2)
Узвядзенне кляштара бернардзінцаў было фундавана родам Саковічаў у 1714 годзе на беразе ракі Аршыца. Кляштарны корпус складаўся з будынка Троіцкага касцёла і двухпавярховага жылога будынка. Касцёл пасля Лістападаўскага паўстання і скасавання ордэна бернардзінцаў быў перабудаваны і перададзены праваслаўным, а ў 1957 годзе будынак быў зруйнаваны савецкімі ўладамі. Жылы комплекс — помнік архітэктуры барока з элементамі ранняга класіцызму захаваўся па сённяшні дзень, тут месціцца адзін з філіялаў аршанскай гарадской лякарні.
Фота: valatsuga.by
4. Кляштар трынітарыяў (вул. Камсамольская, 21)
Кляштар трынітарыяў быў заснаваны ў Оршы ў 1636 годзе. Мураваны ж жылы корпус кляштара, які захаваўся да нашых дзён, быў узведзены ў стылі барока ў 1714 годзе з фундацыі братоў Саковічаў Уладзіслава і Адама. Пад патрэбы кляштара побач быў закладзены касцёл, які моцна пацярпеў падчас апошняй сусветнай вайны і зруйнаваны за Саветамі ў 1960-я. Зараз будынак колішняга кляштара адрэстаўраваны і перададзены пад патрэбы архіва і аршанскага ЗАГСу.
Фота: wikimedia.org
5. Касцёл Святога Міхала Арханёла і калегіум езуітаў (вул. Леніна, 6)
Сапраўднай архітэктурнай перлінай Оршы з’яўляецца захаваны ў добрым стане калегіум езуітаў, які месціцца на левым беразе ракі Аршыца. Езуіцкі калегіюм быў заснаваны ў Оршы ў 1590 годзе на сродкі канцлера Льва Сапегі.
Чытайце яшчэ: «Маленькі Парыж» і цудадзейныя «Паклонныя камяні». Маршрут на выходныя па Дзятлаўшчыне. Частка 4
Фота: planetabelarus.by
У 1680-я гады езуіты ўзвялі тут мураваны двухпавярховы будынак калегіума, які ў адрэстаўраваным выглядзе можым пабачыць і сёння. У свой час у сценах будынка апроч аўдыторыяў і жылых памяшканняў месціліся музычная школа, аптэка і нават гарадскі тэатр. Зборнік выдадзеных пры тэатры п’есаў зараз захоўваецца ў музеі польскага горада Уроцлаў. У свой час аршанскі езуіцкі калегіум лічыўся адной з лепшых навучальных установаў Беларусі. Вядома, што падчас наведвання Оршы тут спыняліся Напалеон і Стэндаль.
Фота: wikimedia.org
Касцёл, збудаваны пры калегіуме ў 1786 годзе, на жаль, да нашых дзён не захаваўся, быў зруйнаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя расійскімі ўладамі, а будынак калегіума на 150 год быў ператвораны ў вязніцу. Тут у свой час сядзелі «вялікія людзі і з падручнікаў змагары»: паўстанцы 1863–1864 гг., ахвяры сталінскага тэрору і іншыя вартыя павагі асобы. Сёння ў колішнім калегіуме месцяцца дзіцячая бібліятэка імя Ул. Караткевіча, Аршанская гарадская мастацкая галерэя і дом рамёстваў.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
6. Кляштар базылянаў (зав. Музейны, 12)
Базылянскі кляштар быў узведзены на правым беразе ракі Аршыца ў 1758–1774 гг. у найбольш распаўсюджаным на той час архітэктурным стылі на тэрыторыі Беларусі — барока. За прыгажосць і вытанчанасць формы архітэктурны ансамбль базылянаў называлі «Аршанскім Нотр-Дамам».
Фота: valatsuga.by
Базылянская цаква, Орша, 1943
Кляштарны корпус складаўся з царквы Покрыва Багародзіцы і жылога будынка. Царква пасля скасавання Уніі расійскімі ўладамі была пераасвечана ў праваслаўную, а напрыканцы 1960-х, за Саветамі, яе зруйнавалі. Будынак жа кляштара пачаў выкарыстоўвацца ў якасці жылых памяшканняў. Да нашых дзён захаваліся толькі сцены некалі велічнага будынка, які імкліва працягвае занепадаць.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
7. Касцёл Святога Язэпа пра колішнім кляштары дамініканаў (вул. Савецкая, 6)
Касцёл Святога Язэпа — сёння адзін з самых старых захаваных будынкаў у Оршы, ён быў узведзены ў 1780–1808 гг. у стылі барока з элементамі класіцызму. Касцёл знакаміты тым, што тут захоўваецца копія вядомай карціны «Бітва пад Воршай» — сапраўднага помніка эпохі Адраджэння, арыгінал якога знаходзіцца ў Нацыянальным музеі Варшавы.
«Бітва пад Воршай», 1520–1534
Фундавалі ўзвядзенне кляштара Геранім Альбрэхт Друцкі-Сакалінскі і ягоная жонка, партрэты якіх можам пабачыць у касцёле Святога Язэпа і сёння. Дамініканцы былі высланы з Оршы расійскімі ўладамі пасля Лістападаўскага паўстання, і касцёл стаў парафіяльным. Але каталікі прынялі ўдзел і ў паўстанні 1863–1864 гг., пасля чаго кляштарны корпус быў цалкам зруйнаваны расійцамі, як і вежы касцёла. У 1937 годзе савецкія ўлады зачынілі касцёл і прыстасавалі яго пад дом культуры будаўнікоў. У 1950 годзе храм быў моцна перабудаваны і толькі ў 1989-м вернуты вернікам.
Касцёл Святога Язэпа, 1913
Фота: valatsuga.by
8. Стары млын, музей (вул. Замкавая, 2)
Раім наведаць і этнаграфічны музей «Млын», будынак якога ўзведзены ў 1902 годзе на месцы колішняга драўлянага гарадскога млына, вядомага ажно з XVIII стагоддя як самы прыбытковы мясцовы млын. Варта звярнуць ўвагу і на рэстаўраваны мост з чырвонай цэглы, якому таксама больш за сто год.
Фота: poshyk.info
У будынку ж млына сёння месціцца музей, наведаўшы які, можна пазнаёміцца з матэрыяльнымі і культурніцкімі здабыткамі Аршаншчыны, прыладамі працы, прадметамі ткацтва, нацыянальнымі строямі і іншымі цікавымі экспанатамі. Самы стары экспанат музея — прылада для памолу зерня, якой карысталіся нашыя продкі яшчэ ў ІІІ стагоддзі да н. э.
Фота: poshyk.info
Фота: planetabelarus.by
9. Музей Уладзіміра Караткевіча (вул. Леніна, 3)
Музей Уладзіміра Караткевіча месціцца ў будынку канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, дзе з 1925 года функцыянаваў радзільны дом. Тут 26 лістапада 1930 года нарадзіўся будучы пісьменнік. Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы — асаблівае месца памяці выбітнага творцы, па сёння значнай і ўплывовай асобы для беларускай культуры, літаратуры, нацыянальнага самавызначэння. У экспазіцыі музея прадстаўлены асабістыя рэчы пісьменніка, малюнкі, рукапісы ягоных твораў і нават унікальныя запісы голасу.
Фота: fotobel.by
10. Кудаеўскі валун
Аматарам прыродных аб’ектаў раім наведаць падлесак у раёне Мікрараёна-1, дзе знаходзіцца знакаміты валун. Трэці па велічыні з усіх вядомых валуноў Беларусі мае даўжыню пад сем метраў, а шырыню каля пяці. Дваццаць гадоў таму Міністэрства прыродных рэсурсаў прыняла рашэнне аб ахове гэтага каменя, наклала забарону на ягонае перамяшчэнне, пашкоджанне, на тое, каб рабіць на ім надпісы. Але на камені перыядычна з’яўляецца намаляваны крыж.
Фота: wikimedia.org
Існуе мясцовая легенда, што валун здольны лекаваць ад хваробаў і выконваць жаданні. Здаўна людзі ў адтуліну на камені ля зямлі кладуць у якасці ахвяры грошы, а на дрэва побач завязваюць абракальныя стужкі.
Фота: wikimedia.org
Дзе паесці
У Оршы не бракуе месцаў, дзе падсілкавацца, пералічым толькі некаторыя з іх, каб вандроўнікам прасцей было вызначыцца з выбарам:
1. Рэстарацыя хуткага абслугоўвання Funny Chicken @funnychikenorsha (Савецкая, 2в) месціцца ў ГЦ «Орша-Сіці». Тут прапануюць хутка падсілкавацца стандартнымі фрыткамі ці роламі з куркай. Тут жа можна замовіць піцу, бургеры, нагетсы і вялікую колькасць іншага фаст-фуду.
2. Кафэ «Замкавае» @kafe.zamkovoe (Леніна, 6) месціцца побач з езуіцкім калегіумам, меню тут разнастайнае, маюцца дэсерты, цёплыя ды гарачыя напоі. У гэтым годзе ў кафэ адбыўся рамонт і атмасфера стала яшчэ больш прыязнай.
3. Кафэ «Арбат» @cafe_arbat_orsha_ (Піянерская, 6), тут можна паслухаць жывую музыку і пакаштаваць арыгінальнай кухні.
4. Аматарам беларускай кухні раім завітаць у рэстарацыю «Атмасфера» (Леніна, 79), што месціцца ў Лядовым палацы. Рэстарацыя вядомая разнастайнасцю меню па прымальных коштах і таксама жывой музыкай па выходных.
5. Па сталоўскую атмасферу і хатнюю ежу раім зазірнуць у кафэ «Бярозка» (Энгельса, 19).
6. Па каву і слодычы раім завітаць у кавярню Piri-Piri (Міра, 4), што месціцца ў ГЦ «Цэнтрум». Кавярня адметная ўтульнай атмасферай і ветлівым персаналам.
Фота: centrum-tc.by
Дзе спыніцца
У Оршы спыніцца можна ў аднайменным гатэлі «Орша», які месціцца ў самым цэнтры горада (Міра, 3). Кошты балансуюць ад 25 BYN за койка-месца да 150 BYN за нумар-люкс. Гатэль «Гранд» месціцца ў прыгарадзе Оршы (Андрэеўшчына, вул. Віцебская, 26). Гатэль пабудаваны дзесяць год таму, таму мае дастаткова свежы рамонт, утульную атмасферу і абсталяваныя ўсім неабходным нумары.
Фота: orbiz.by
Вандруйце разам з «Будзьма!».
ПЖ, budzma.org