Працягваем шэраг традыцыйных вандровак па прасторах нашай Бацькаўшчыны. Гэтым разам прапануем наведаць Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці. Тут нас чакае процьма цікавых архітэктурных і прыродных помнікаў, магілы славутых месцічаў, цікавыя гістарычныя мясціны. Сёння наведаем найбольш адметныя прыродныя аб’екты і вялікую колькасць драўляных і мураваных каталіцкіх ды праваслаўных храмаў у вёсках Раготна, Горка, Явар і Руда Яварская.
Фота: poshyk.info
Раготна
Першым нашым прыпынкам сёння будзе вёска Раготна, якая ўпершыню ў пісьмовых крыніцах узгадваецца ў 1400 годзе, калі тут была заснаваная першая каталіцкая парафія. У 1630-х, вядома, што старажытны будынак быў перароблены пад кальвінскі збор, але згарэў падчас вайны з Масковіяй. Пра аднаўленне касцёла ў 1673 годзе парупіўся тагачасны ўладальнік навакольных земляў, выбітны дзяржаўны дзеяч Андрэй Завіша, але і гэты будынак быў знішчаны падчас Паўночнай вайны.
Андрэй Казімір Завіша, 1676
У розныя часы Раготна належала разнастайным шляхецкім родам: Завішам, адзін з прадстаўнікоў якога, Крыштаф Завіша, сын згаданага раней Андрэя Завішы, называў паселішча «маленькім Парыжам», пазней тут гаспадарылі Шукевічы, Валовічы.
Раготна, 1915
Касцёл у Раготна, 1915
Галоўнай архітэктурнай перлінай у вёсцы, вядома, з’яўляецца касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Храм быў узведзены на месцы згарэлых папярэднікаў на ўзгорку сярод паселішча ў 1840 годзе ў стылі позняга класіцызму.
Чытайце яшчэ: Вандруем разам з «Будзьма!» па Дзятлаўскім раёне. Частка другая
Фота: wikipedia.org
Фота: wikipedia.org
Пасля паўстання 1863–1864 гг. касцёл быў аддадзены расійскімі ўладамі праваслаўным вернікам і перароблены пад царкву. За Саветамі ў будынку колішняга касцёла было размешчана збожжасховішча, але некаторыя іконы і іншыя ўнутраныя аздабленні храма мясцовым вернікам атрымалася ўратаваць і зберагчы да 1989 года, калі касцёл быў вернуты вернікам зноў.
Фота: poshyk.info
Горка
Далей на Дзятлаўшчыне прапануем завітаць у вёску Горка, тут захаваліся ажно два помнікі, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, архітэктурны і прыродны адпаведна: царква Святога Георгія ХІХ стагоддзя і так званыя «Паклонныя камяні» ХІ—ХІІ стагоддзяў.
Фота: @elgatomarinero7
Фота: @elgatomarinero7
Храналагічна правільна будзе пачаць знаёміцца са славутасцямі Горкі з «Паклонных камянёў», што месцяцца на ўзлеску ля мясцовых могілак. Помнік уяўляе з сябе тры вялізныя замшэлыя валуны, размешчаныя такім чынам, што ўтвараюць нібы арку. Побач, у двух метрах, ляжыць чацвёрты камень. Вышыня валуноў больш за два метры, шырыня каля трох.
Фота: @elgatomarinero7
Фота: @elgatomarinero7
Месцічы лічаць камяні святымі, існуюць легенды, што людзі адвеку хадзілі сюды прасіць лекавання ад усіх хваробаў. Рытуал наступны: прайсці пад «каменнай брамай», і хвароба адступіць. Але калі да валуноў прыйдзе чалавек злы, з кепскімі намерамі, думкамі, камяні глыбей урастаюць у зямлю. Першапачаткова, вядома, «каменная брама» была настолькі высокая, што пад ёй мог праехаць вершнік. Але ж не ўсе людзі маюць добрыя думкі...
Фота: @elgatomarinero7
Яшчэ адна цудадзейная ўласцівасць дадзеных камянёў — з-пад іх часам пачынае прасочвацца вада. Людзі пагаворваюць пра тое, што гэта камяні «плачуць». Сабраную ваду яшчэ з дахрысціянскіх часоў месцічы выкарыстоўвалі для лекавання, ачышчэння арганізму.
Фота: @elgatomarinero7
Фота: @elgatomarinero7
Яшчэ адна славутасць Горкі — царква Святога Георгія, узведзеная па тыпавым праекце напрыканцы ХІХ стагоддзя расійскімі ўладамі ў псеўдарускім стылі. Царква была ўрачыста асвечана ў 1900 годзе. За савецкім часам у будынку храма размясцілі збожжасховішча, да вернікаў царква вярнулася толькі ў 1990-я. Не так даўно храм перажыў рамонт, быў нанова атынкаваны, пафарбаваны.
Фота: poshyk.info
Быў у Горках і свой палацава-паркавы ансамбль, узведзены ў ХІХ стагоддзі тагачаснымі гаспадарамі навакольных земляў. Але ён не перажыў Другой сусветнай вайны, і сёння ад яго засталіся адно толькі крушні гаспадарчых пабудоваў ды рэшткі колішняга парку.
Фота: @elgatomarinero7
Явар
Далей на Дзятлаўшчыне рушым у вёску Явар, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1624 годзе як уласнасць роду Сапегаў. Апроч маляўнічых краявідаў Наваградскага ўзвышша, якое недзе ў раёне вёскі спалучаецца са Слонімскім, тут варта звярнуць увагу і на рэшткі старадаўняй брукаванкі.
Фота: @elgatomarinero7
Але, безумоўна, галоўнай славутасцю Явара з’яўляецца царква Раства Багародзіцы прыкладна 1926 года. Храм быў узведзены жыхарамі мясцовых вёсак на ўласныя грошы. У 1927 годзе, пасля свята Тройцы, акурат пасля царкоўнай службы ў вёсцы Явар адбылася моцная навальніца, праз якую вялікая частка хатаў і будынак царквы былі моцна пашкоджаныя. З таго часу месцічы зноў узяліся за аднаўленне сваёй святыні, толькі ўжо не з дрэва, а мураванай.
Фота: @elgatomarinero7
Новы храм быў асвечаны ў 1932 годзе. Вядома, што бетонныя блокі, з якіх складалі царкву, выраблялі ў Явары мясцовыя жыхары. Захаваліся звесткі пра стварэнне драўлянага іканастасу і крыжа на купал таксама намаганнямі месцічаў. Вось такая беларуская талака атрымалася на прыкладзе адной царквы.
Фота: @elgatomarinero7
З прыйсцем савецкай улады ў 1939 годзе царква часова была зачынена. Але ў гады Другой сусветнай зноў адчыніла свае дзверы для вернікаў, да яе была дабудаваная плябань. Доўгія гады ў Яварскім храме не спыняліся службы і за савецкай уладай, але ў снежні 1963 года мясцовае кіраўніцтва усё ж дамаглося закрыцця царквы, а ў 1969 годзе, выпадкова ці не, тут адбыўся пажар, у будынка згарэў дах ды ад яго засталіся толькі сцены. Храм атрымалася аднавіць толькі ў 1990-х гадах.
Фота: planetabelarus.by
4 снежня 1992 года ў адноўленым будынку адбылося ўрачыстае асвячэнне царквы, якая і сёння захавала сваю колішнюю назву — царква Раства Багародзіцы.
Фота: planetabelarus.by
Руда Яварская
Апошнім нашым прыпынкам на Дзятлаўшчыне прапануем зрабіць вёску Руда Яварская, якая ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах у XVIII стагоддзі як паселішча, якое ўзнікла навокал аднога з першых месцаў па здабычы балотнай руды для вытворчасці жалеза ў міжрэччы Нёмана і Шчары. Уладальнікамі рудніка быў род Радзівілаў, якім належыў размешчаны непадалёк двор Руднік. Ад назвы двара і пайшла назва рудніка, а пасля і вёскі.
Фота: planetabelarus.by
Напрыканцы XVIII стагоддзя маёнтак перайшоў ва ўласнасць Тамаша Іваноўскага. Тут, у Рудзе-Яварскай, у 1816 годзе ў яго нарадзіўся сын Станіслаў Іваноўскі — бацька Леанарда Іваноўскага і дзед трох выбітных дзеячаў для розных народаў Вацлава Іваноўскага — беларускага нацыянальнага дзеяча, Юрыя Іваноўскага — польскага, Тадэвуша Іваноўскага — літоўскага. Станіславу Іваноўскаму і перайшоў маёнтак Руда Яварская па спадчыне як старэйшаму сыну.
Тадэвуш, Юры і Вацлаў Іваноўскія
Асноўнай архітэктурнай перлінай Руды-Яварскай з’яўляецца касцёл Святога Юзафа — каталіцкі храм, помнік архітэктуры драўлянага дойлідства. Храм быў узведзены ў 1936 годзе, асвечаны 10 жніўня 1937 года. Пасля прыходу да ўлады Саветаў у 1939 годзе касцёл быў нечакана перададзены праваслаўным вернікам. Царква тут праіснавала да 1976 года, калі святыню ўсё ж зачынілі і ў памяшканні колішняга храма зрабілі сховішча пад патрэбы мясцовага калгаса. Толькі ў 1990-я храм вярнуўся назад да каталікоў.
Чытайце па тэме: 7 цудаў Друі: гайд ад «Будзьма!»
Фота: planetabelarus.by
Вандруйце разам з «Будзьма!».
ПЖ, budzma.org