Славутасці ВКЛ і РП у Літве, якія мусіць наведаць кожны (частка 2)

Працягваем аглядаць замежную спадчыну ВКЛ і РП. Мы вяртаемся ў Літву, дзе яшчэ багата помнікаў тых слаўных часоў. Будзе цікава!

 

Глядзіце таксама:

Славутасці ВКЛ і РП у Літве, якія мусіць наведаць кожны беларус

 

І пачнём мы з чарговага замка, які знаходзіцца ў вёсцы Віценай, – Панямунскага замка. Будынак сумяшчае палац і элементы замка. Пабудавалі яго ў пачатку XVII стагоддзя, а яго першым уладальнікам быў венгр Я. Эперш. Потым будынак змяніў шмат гаспадароў, многа разоў перабудоўваўся і разбураўся, асабліва падчас сусветных войнаў. Пры гэтым да нашых дзён там захавалася дастаткова, каб Панямунскі замак з’явіўся на мапе падарожжаў.

Таксама варта хаця б мімаходзь згадаць самы стары будынак Панявежыса – былы архіў павятовага суда, які датуецца ажно 1614 годам!

А ў Медзінінкаі таксама ёсць замак, прытым даволі стары – Мядніцкі замак. Будынак першы раз згадваецца ажно ў XIV стагоддзі. Засталося ад яго не так і шмат, але з рэштак зрабілі выдатную рэканструкцыю, на якую варта паглядзець і дакрануцца да сценаў, якія бачылі росквіт ВКЛ!

На поўначы Літвы, амаль на мяжы з Латвіяй, у мястэчку Біржай, знаходзіцца рэканструкцыя Біржайскага палаца-замка, які ў свой час быў чарговай рэзідэнцыяй Радзівілаў! Будынак датуецца канцом XVI стагоддзя.

А мы рухаемся ў бок Жамайціі. І галоўнай славутасцю гэтага краю (на суб’ектыўную думку аўтара жамайцкага паходжання) можна назваць палац Агінскіх у мястэчку Плунге. Першая згадка гэтага будынка датуецца XVI стагоддзем, але сучасны выгляд ён набыў толькі ў ХІХ пад кіраўніцтвам тагачаснага ўладара – Міхала Агінскага. І палац атрымаў размах! Канюшні, паркавы ансамбль, аранжарэя, дамы прыслугі і шмат чаго іншага! І самае галоўнае – гэта ўсё захавалася і чакае, калі чарговы аматар славутасцяў прыедзе паглядзець на гэтую прыгажосць!

Ёсць яшчэ адно мястэчка, якое мы сёння ўспомнім, гэта Кейдайняй. Тут вельмі добра захаваўся стары горад, дзе большасць будынкаў датуецца XVI стагоддзем. Тут нават захавалася гімназія, якая працуе ў сваім будынку з 1625 года! Таксама тут ёсць касцёл святога Георгія XVI стагоддзя. А ў рэфарматарскай царкве  1652 года знаходзіцца яшчэ адзін склеп Радзівілаў! І гэта далёка не ўсе славутасці маленькага, але старажытнага мястэчка. Тут вы знойдзеце вельмі старую сінагогу, дом шатландскага купца, дамы гутнікаў XVI стагоддзя! Тут таксама ў свой час пакінуў свой след граф Чапскі, які меў тут нават сваю сядзібу, але яна, на жаль, не захавалася. У любым разе, гэта мястэчка, чый стары горад па памерах не саступае Рызе! Таму сапраўды must see!

У Літве можна знайсці шмат рэліктаў агульнай спадчыны ВКЛ і РП, мы пералічылі толькі самыя значныя і прыгожыя, на якія трэба звярнуць увагу. Мы не закраналі будынкаў часоў Расійскай імперыі, бо гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Наступнай краінай у нашым экскурсе будзе Польшча!

 

Багдан Сакалоў, budzma.org