У гадавіну пачатку Слуцкага паўстання распачынаем публікацыю тэксту гісторыка Андрэя Блінца пра гэтую падзею.
Беларуская Народная Рэспубліка, абвешчаная ў 1918 г., не стала паўнавартаснай дзяржавай. Гэта факт. Але яе з’яўленне выклікала шырокую хвалю нацыянальнага руху, які ахапіў усе колы грамадства. Гэта таксама факт. Дзейнасць беларускіх адраджэнцаў праяўлялася ў выданні кніг і газет, арганізацыі асветніцкіх гурткоў, стварэнні школ і, нарэшце, ва ўзброенай барацьбе за незалежнасць. Самай вядомай праявай гэтага стала выступленне случчакоў супраць савецкай улады, якое адбылося сто гадоў таму. Марна чакаць, што гэту падзею неяк ушануе афіцыйная ідэалогія. Але нішто не перашкаджае нам згадаць пра Слуцкі збройны чын.
Беларускі рух на Случчыне
Слуцкі павет, разам з суседнім Наваградскім, быў адным з найбольш ураджайных і, адпаведна, заможных рэгіёнаў Беларусі. У адрозненне ад Наваградчыны, усходняя частка Случчына не пацярпела ад баёў Першай сусветнай і не зазнала настолькі магутнай хвалі прымусовага бежанства. Гэта дазволіла захаваць яе гаспадарчы патэнцыял. Падчас рэвалюцыі, калі памешчыкі пачалі за бясцэнак прадаваць сваю зямлю, дабрабыт тутэйшых сялян нават вырас. Таму нядзіўна, што савецкая палітыка “ваеннага камунізму” сутыкнулася з варожым стаўленнем мясцовага насельніцтва. Разам з тым у павеце разгортваўся нацыянальны рух. Пачынаючы з 1917 г. у Слуцку і вакольных вёсках адкрываліся беларускія школы, ствараліся кааператывы, дзейнічалі культурна-асветніцкія арганізацыі: “Папараць-кветка” ў Слуцку, “Зарніца” ў Старыцы, “Полымя” ў Вясеі, “Зорка” ў Капылі, “Прасвета” ў Нясвіжы і інш. Нават некаторыя прадстаўнікі праваслаўнага духавенства, даволі кансерватыўнага па сваёй сутнасці, прыхільна паставіліся да нацыянальнага адраджэння. Настаяцель кафедральнага сабора протаіерэй Мікалай Шамяціла ў сваіх казанях параўноўваў беларускія арганізацыі з зоркамі, якія ззяюць у цёмным небе, асвятляючы шлях, і заклікаў прыхаджан усяляк іх падтрымліваць.
Пячатка таварыства “Папараць-кветка”
Беларускі рух набіраў моцы нягледзячы на частыя змены ўлады (нямецкая, польская, савецкая). Падчас польскай акупацыі (жнівень 1919 – ліпень 1920) на Случчыне афіцыйна дзейнічаў Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), а неафіцыйна разгортвалася антыпольскае падполле і фарміраваліся баявыя дружыны. З пачатку 1920 г. рыхтавалася ўзброенае паўстанне, якое меркавалася ўзняць у сярэдзіне лета. Але да таго часу польскія аддзелы пакінулі Случчыну пад націскам Чырвонай арміі. Як аказалася, ненадоўга.
11 кастрычніка таго ж года Слуцк зноў быў заняты палякамі. А на наступны дзень польскі і савецкі бакі падпісалі замірэнне, паводле якога будучая мяжа мелася прайсці на захад ад горада. У такіх умовах вайсковая ўлада дазволіла дзейнасць БНК з разлікам, што ён павядзе агітацыю за далучэнне да Польшчы альбо абвесціць якую-небудзь “рэспубліку” пад польскім пратэктаратам. 14 лістапада ў горадзе сабраўся даволі прадстаўнічы з’езд Случчыны, на які прыбыло больш за сто дэлегатаў. Насуперак чаканням камандавання 11-й дывізіі, сход абвясціў Случчыну часткай Беларускай Народнай Рэспублікі і пастанавіў абараняць яе са зброяй у руках. Неадкладна былі сфарміраваныя Рада Случчыны на чале з суддзёй Уладзімірам Пракулевічам і “вайсковая тройка”, якой было даручана сфарміраваць узброеныя сілы. Некаторыя ўдзельнікі з’езда сцвярджалі, што Беларусь як ніколі блізкая да таго, каб стаць незалежнай. Па ўсёй Міншчыне пракочваліся сялянскія паўстанні. У Мазыры генерал Станіслаў Булак-Балаховіч абвясціў сябе “начальнікам Беларускай Дзяржавы”. Яго войскі нібыта з дня на дзень мусілі прыйсці пад Слуцк. Дэлегаты з’езда, які скончыўся 15 лістапада, не маглі ведаць, што 17-га атрады Балаховіча пачнуць адступленне, а праз тыдзень будуць выбітыя чырвонымі ў нейтральную паласу. Сведкі пісалі, што ў тыя дні горад ахапіў незвычайны грамадскі ўздым.
Такога павароту падзей польскія афіцэры не чакалі, але і перашкаджаць дзейнасці Рады не сталі. Тым больш што, выказаўшы пратэст супраць “акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай Савецкай улады”, з’езд вітаў “нашу сястру Польшчу”. А значыць, з’явілася магчымасць стварыць ачаг напружання для Чырвонай арміі. Таму польскае камандаванне заняло прыхільны да случчакоў нейтралітэт. Хаця афішы з заклікамі запісвацца ў беларускае войска былі пазрываныя, і нават з’явіўся загад, які забараняў іх расклейваць.
Паручнік Ян Мацэлі, 1920 г.
“Тройка”, у якую ўваходзілі Павел Жаўрыд, паручнік Ян Мацэлі і капітан Анастас Анцыповіч, пачала фарміраванне Слуцкай брыгады войска БНР. Армейскі вопыт Жаўрыда абмяжоўваўся вучэльняй, некалькімесячнай службай у Туркестане і на румынскім фронце ў 1917 г. і кароткім перыядам знаходжання ў Чырвонай арміі ў якасці памочніка камандзіра каравульнай роты. Але яго добра ведалі як актывіста партыі эсэраў і кіраўніка Беларускага нацыянальнага камітэта. Акрамя таго, у лістападзе 1920 г. Жаўрыд выступіў як камісар Найвышэйшай Рады БНР (аднаго з беларускіх урадаў, які арыентаваўся на саюз з Польшчай) на Случчыне. Ураджэнец Мінска Ян Мацэлі пачаў службу ў 1916 г. прапаршчыкам 300-га Заслаўскага пяхотнага палка. У 1917 г. быў ужо падпаручнікам і камандзірам роты. Вясной 1920 г. ён стаў адным з арганізатараў падпольнага руху на Случчыне, а ў кастрычніку фарміраваў тут аддзелы беларускай міліцыі. Біяграфія Анцыповіча застаецца найменш вывучанай. На падставе ўзнагародных дакументаў можна меркаваць, што ў 1916 г. ён быў прапаршчыкам, а потым падпаручнікам 8-га Сібірскага стралковага палка, за баявыя заслугі атрымаў ордэны Святога Станіслава і Святой Ганны (такія ж узнагароды меў і Ян Мацэлі). Дзе ён знаходзіўся з 1917 па 1920 г., сказаць цяжка.
Асновай для фарміравання брыгады стала ўжо згаданая міліцыя і добраахвотнікі. У апошніх недахопу не было. У данясенні бальшавіцкага рэўкама адзначалася (захаваная арфаграфія арыгінала): “Отношение населения к Советской власти в большинстве неудовлетворительное, причины: непосильная Государственная развёрстка и реквизиции Продорганов войсковых частей…; затем крайне тяжёлая трудовая подводная повинность, также не имеющая определённого плана… Во время отступления наших войск у многих хозяев захвачены лошади, чем создано весьма недоверчивое отношение у крестьян. Развившееся в период польской оккупации национальное движение и отсутствие политработников не позволяет парализовать движение”.
Значна горш выглядала справа з камандным складам. Паводле ўспамінаў удзельнікаў падзей, у Слуцку і ваколіцах на той момант жыло каля 300 афіцэраў былой царскай арміі. Усе яны мелі вопыт баявых дзеянняў, некаторыя камандавалі буйнымі злучэннямі або служылі ў штабах. Аднак абсалютная большасць кадравых ваенных адхіліла прапановы аб паступленні ў брыгаду. Аргументацыя зводзілася да кароткай фразы: “Вас мала!” Тым не менш некалькі дзясяткаў малодшых афіцэраў добраахвотна прыйшло ў беларускае войска.
24 лістапада 1920 г. польскія аддзелы выйшлі са Слуцка. Рада не магла абараніць горад тымі нешматлікімі сіламі, якія мела ў сваім распараджэнні, таму абмежавалася ўручэннем пратэсту прадстаўнікам савецкага камандавання. У той самы дзень добраахвотнікі і цывільныя ўцекачы рушылі на захад. Дазволю сабе прывесці гэтую сцэну ў апісанні Андрэя Федарэнкі, які прысвяціў случчакам раман “Нічые” (але нагадаю, што перад намі мастацкі тэкст, а не дакумент):
“Польскае войска пакідала Слуцак прыкладна ў сярэдзіне дня… і случчакі правялі гэтае войска як дагэтуль не раз праводзілі чарговых акупантаў – панурым маўчаннем.
Аж не паспелі схавацца з вачэй апошнія ўланы і падводы бежанцаў, як у горадзе пачало адбывацца штось незвычайнае.
На цэнтральнай плошчы, раптам невядома адкуль пачалі з’яўляцца і строіцца ў баявыя шыхты, са зброяю і з пустымі рукамі, апранутыя хто ў вайсковую форму, хто ў што, людзі. Неўзабаве не бачанае дасюль, незразумелае войска пад сцягам залацістага колеру з вышытай “Пагоняю” ў цэнтры, з бел-чырвона-белымі сцяжкамі на штыках трохлінеек і карабінаў і з такога ж колеру істужкамі на грудзях, зацягнуўшы “Ад веку мы спалі”, рушыла на захад.
Увесь, мабыць, Слуцак высыпаў на ўзбочыны вуліцы, якой маршыравалі вайскоўцы… Адбываўся нейкі гістарычны нонсэнс. Войска, якое не зрабіла ніводнага стрэлу, якое нават не спрабавала арганізаваць абарону роднага горада, з песнямі чаканіла крок і пакідала гэты самы горад з годнасцю напалеонаўскай арміі, што заваявала паўсвету, і людзі са слязамі радасці праводзілі яго – так, як звычайна толькі сустракаюць пераможцаў”.
На нейтральнай паласе
Па меры адыходу палякаў і набліжэння Чырвонай арміі з абодвух бакоў будучай дзяржаўнай мяжы ўтваралася 15-кіламетровая нейтральная зона, уваходзіць у якую арміі, паводле ўмоў замірэння, не маглі. Менавіта ў нейтральную зону адступілі Рада і Слуцкая брыгада. Месцам іх дыслакацыі стала мястэчка Семежава недалёка ад шашы Брэст – Масква. Сюды яшчэ перад эвакуацыяй Слуцка пачалі накіроўваць большую частку добраахвотнікаў, якіх штодня з’яўлялася ад 200 да 500 чалавек. Аднак такую колькасць людзей Рада проста не магла ўзброіць. У яе распараджэнні было толькі некалькі соцень вінтовак, кулямёт і 120 ручных гранат. Яшчэ каля 300 вінтовак перадалі палякі, але многія з іх мелі розныя дэфекты (напрыклад, адсутнічалі мушкі). Агулам зброяй былі забяспечаныя каля 800 чалавек, прыблізна пятая частка асабовага складу. Добраахвотнікаў аб’ядналі ў два палкі: 1-ы Слуцкі і 2-і Грозаўскі (паводле назвы вёскі, дзе пачалося яго фарміраванне), якімі камандавалі капітаны Пётр Чайка і Лукаш Сяменік. Палкі складаліся з трох батальёнаў, па тры роты ў кожным. Слуцкі полк займаў пазіцыі на поўдзень ад Семежава, Грозаўскі – на поўнач. Акрамя таго былі створаныя: аддзел контрвыведкі, палявы шпіталь, ваенна-палявы суд, збройная майстэрня. Камандзірам брыгады быў прызначаны капітан Анастас Анцыповіч, начальнікам штаба – капітан Антон Борык.
Беларускае войска не мела аднастайнай уніформы. Дабраахвотнікі заставаліся ў сваёй сялянскай вопратцы. Некаторыя насілі курткі-фрэнчы і галіфэ, папахі або заячыя шапкі-аблавушкі. Адметным знакам жаўнераў была нарукаўная бел-чырвона-белая павязка. Нашыўкі такіх колераў маглі выкарыстоўвацца і замест пагонаў. Некаторыя мелі на галаўных уборах кукарду з выявай Пагоні. Савецкая разведка таксама паведамляла, што ў якасці цэшкі выкарыстоўваецца чэрап са скрыжаванымі косткамі, а некаторыя жаўнеры носяць чырвоныя нарукаўныя павязкі з чорным надпісам “Бей жидов, спасай Россию!”. Апошняе выглядае дзіўна, паколькі для случчакоў былі не ўласцівыя антысеміцкія настроі. Імаверна, такога кшталту павязкі насілі вайскоўцы расійскіх аддзелаў арміі Булак-Балаховіча, якія час ад часу з’яўляліся ў размяшчэнні брыгады.
Зрэшты, у Семежава наведваліся не толькі “балахоўцы”. Сюды ж прыбыла дэлегацыя ад буйнога партызанскага злучэння, якое складалася з беларусаў – дэзерціраў з чырвонага войска. Усяго іх было каля 3000 чалавек, яны мелі нават некалькі гармат і кулямётаў і дзейнічалі на ўсходзе Беларусі. Дазнаўшыся пра падзеі ў Слуцку, партызаны спрабавалі прабіцца праз чырвонаармейскія аддзелы, але, панёсшы вялікія страты, былі спыненыя ў раёне Глуска. Рада Случчыны, якая сама знаходзілася не ў найлепшым становішчы, магла забяспечыць сувязных толькі інструкцыямі і беларускімі газетамі. Больш ад іх навін не паступала.
Інфармацыю пра чырвонаармейскія аддзелы часам здабывалі самым неверагодным чынам. Так, на шашы пост случчакоў спыніў аўтамабіль з савецкімі прадстаўнікамі, якія ў суправаджэнні польскага афіцэра накіроўваліся на “польскі бок”. На пытанне, дзе знаходзяцца бальшавіцкія войскі, яны расказалі ўсё, што ведалі, і нават паказалі на карце месцы дыслакацыі. Сустрэча скончылася сумесным распіццём бутэлькі каньяку, пасля чаго аўтамабіль рушыў далей.
Прасцей за ўсё аказалася вырашыць пытанне харчовага забеспячэння. Амаль штодня ў Семежава прыходзілі абозы з правіянтам і фуражом, сабранымі жыхарамі вакольных вёсак. Як правіла, на першым возе быў прымацаваны бел-чырвона-белы сцяг. Адзін з жаўнераў пісаў у тыя дні: “Лепшых адносін і жадаць не трэба. Да гэтага часу мы і не мыслілі рабіць нейкія рэквізіцыі: сяляне дастаўляюць хлеб, картофлю, муку, крупы, сала, мяса. Кабеты вясковыя сушаць сухары, арганізаваны пральні, дзе дарма мыюць бялізну”.
У апошнія дні лістапада ў Семежава прыбыў прадстаўнік Найвышэйшай Рады Кузьма Цярэшчанка, для якога быў праведзены парад беларускіх аддзелаў. Убачанае так узрушыла Цярэшчанку, што ён нават расплакаўся. Прадстаўнік Рады абяцаў зрабіць усё, каб атрымаць для брыгады зброю і амуніцыю, а таксама прыслаць камандзіраў з рэзерву Беларускай Вайсковай Камісіі, якая дзейнічала ў Лодзі. Факт фарміравання беларускіх органаў улады і ўзброеных сіл выклікаў шырокі розгалас. Пра гэта пісалі варшаўскія, віленскія, гродзенскія газеты, паведамляла беларускае прэс-бюро ў Коўне. З Гародні ў падарунак случчакам перадалі вышыты сцяг з Пагоняй. Вайсковая камісія накіравала ў брыгаду каля 20 афіцэраў. Але да Семежава даехалі толькі чацвёра. Адных не прапусцілі польскія ўлады, другія проста дэзертавалі, баючыся магчымага ўдзелу ў баях.
Афіцэры Беларускай вайсковай камісіі, 1919 г. Рэканструкцыя
Віктара Ляхара.
Тым часам Рада Случчыны вырашыла перайсці да больш актыўных дзеянняў. Нешматлікія беларускія сілы былі разгрупаваныя ўздоўж фронту ў 50-60 кіламетраў, што выключала магчымасць наступальных аперацый. Таму была абраная тактыка партызанскай барацьбы: напады на бальшавіцкія раз’езды, разведвальныя групы, харчовыя і чэкісцкія атрады.
Андрэй Блінец, budzma.by
Працяг будзе...