У новых падручніках гісторыі Беларусі для старэйшых клясаў вайну Францыі і Расейскай імпэрыі 1812 году называюць «айчыннаю» – паведамляе Свабода. Аднак архіўныя матэрыялы таго часу пра сустрэчу Напалеона ў былым ВКЛ разьбіваюць гэтае ўяўленьне ўшчэнт.
Што Напалеон хацеў выкарыстаць настальгію элітаў Вялікага Княства Літоўскага па страчанай дзяржаве і што знайшліся людзі, якія яго падтрымалі, у беларускіх школах таксама вучаць. Але гэтыя фрагмэнтарныя веды не даюць уяўленьня, што ж адбывалася ў 1812 годзе насамрэч. Вядома, што эліты былі падзеленыя. Але падручнікі старанна хаваюць другі бок мэдаля — размах прафранцускай фракцыі ў ВКЛ.
Яшчэ за 5 гадоў да вайны 1812 году літоўская шляхта зьбірала грошы для францускіх ваеннапалонных у Расейскай імпэрыі, захопленых у Прусіі. Зь дзёньнікаў сучасьнікаў відаць, што ўжо ў 1807 годзе жыхары Вільні спачувалі францускай арміі. Калі французаў вялі празь Вільню, то жыхары давалі ім ежу, грошы і ратавалі параненых. Ужо тады каля 12 тысяч маладзёнаў з былога ВКЛ уцяклі на Захад, каб уступіць у армію Напалеона. Спадзяваньні на яго былі неверагодныя. За некалькі гадоў да 1812 году палкоўнік Тадэвуш Тышкевіч пісаў у рапарце Напалеону, што «у краіне ад Нёмана да Дзьвіны у людзей адкрытыя сэрцы на Напалеона». Гэтыя ўспаміны часта даюць зразумець, што Напалеон хацеў выкарыстаць ВКЛ у сваіх мэтах. Але частка літоўскай эліты цалкам сьвядома хацела выкарыстаць Напалеона.
«Напалеон як Майсей»
Напалеон і француская армія занялі важнае месца ў памяці жыхароў былога Княства. Праз 100 гадоў пасьля той вайны, у 1912 годзе, рэдакцыя часопісу «Літва і Русь» бараніла Напалеона ад крытыкаў, якія сьцьвярджалі, што Напалеон «праліў шмат крыві і выкарыстаў давер і энтузіязм народу былога ВКЛ».
«Хто ўпаўнаважыў гэтых грэблівых людцоў выступаць у абарону шматлікіх тысячаў тых, што радасна аддавалі сваё жыцьцё на вайне. Яны выбралі геройскую сьмерць на полі славы, а не смурод у спальні сярод аптэчных фляконаў», — гаварылася ў адной з публікацыяў 1912 году.
Выданьне прыхільнікаў ВКЛ называла Напалеона «найвялікшым дзеячом, якога дало чалавецтва ад стварэньня сьвету».
«Напалеон, як Майсей, ударыў кіем у скалу, і зь яе пацякла жыцьцядайная плынь, зь якой пакаленьні бралі сілу і суцяшэньне. Ён абудзіў адвагу і ахвярнасьць. Слава табе, Герой. За тое, што ў самую змрочную эпоху нашага падзеньня ты азалаціў нас арэолам несьмяротнай славы, што ўбачыў у нас герояў, годных быць поруч з тваімі арламі, за тое, што ты дазволіў нам паміраць з гонарам. Ave Caesar!»
Так пісалі ўжо праз 100 гадоў пасьля вайны. Нехта запярэчыць, што гэта вынік мітаў і рамантызацыі. Дык зазірнем у дакумэнты непасрэдна 1812 году. Прышпіліцеся.
«Мы зробім усё, каб Пагоня і Арол былі на адным шчыце»
1812 год багата адлюстраваны ў тагачаснай прэсе. Мноства артыкулаў «Літоўскага кур’ера» і «Часовай менскай газэты» за чэрвень, ліпень і жнівень былі прысьвечаныя Напалеону, ягонай арміі і спробам адраджэньня Вялікага Княства.
«Літоўскі кур’ер» апісаў, як 14 ліпеня ў Вільні адбылася цырмонія далучэньня ВКЛ да Генэральнай канфэдэрацыі з Польшчай. Пасьля імшы адбылася ўрачыстасьць, гучала «Няхай жыве вялікім імпэратар Напалеон» і сьпеў Salvem fac Imperatorem Napoleon. У горадзе насьпех знайшлі дзьве пары: ліцьвіна і полькі, а таксама паляка і ліцьвінкі. Сымбалізуючы адраджэньне Рэчы Паспалітай, яны ўзялі шлюб і атрымалі падарунак ад новых уладаў — па 1000 злотых.
«У віленскіх дамах праходзілі застольлі. У горадзе былі запаленыя паходні, у тэатры адбылася пастаноўка», — пісаў «Літоўскі кур’ер».
Такія цырымоніі адбыліся ў многіх буйных і меншых гарадах ВКЛ. У Ашмянах, напрыклад, на ўрачыстасьць сабраліся 1015 чалавек. «Літоўскі кур’ер» паведамляў, што «шмат людзей ад радасьці плакалі».
«Мы зробім усё, каб Пагоня і Арол былі на адным шчыце» — гаварылася ў акце горадзенскіх дэлегатаў.
Ахтунг у Вільні. Напалеон у горадзе
23 чэрвеня ў адной зь мясцовасьцяў Віленшчыны казакі пачалі забіраць увесь ураджай у мясцовых сялян. Моладзь намовіла іх уцячы ў лес. Студэнты ўзялі белы і чырвоны матэрыял і пашылі зь яго сьцягі. Узялі коней ад людзей, што хаваліся ў лесе, і выйшлі на дарогу, па якой казакі чакалі прыходу французаў. Парабілі з сухастою харугвы і ўрачыста паехалі ў бок мястэчка. Казакі, пабачыўшы «войска Напалеона», перапалохаліся і паўцякалі. А студэнты паехалі ў мястэчка, каб прывітаць «Збаўцу Напалеона і Ягонае Войска».
Імпэратар прыехаў у былую сталіцу ВКЛ 24 чэрвеня. Віленскі магістрат вітаў імпэратара сымбалічнымі ключамі ад гораду.
«Калі зьявіўся Напалеон, паветра напоўнілася крыкамі. Паўсюль быў чуваць вокліч “Няхай жыве Імпэратар і Кароль”. Куды ішоў Напалеон, туды ішоў натоўп. Кожны хацеў нацешыцца ягонай прысутнасьцю. Напалеон сеў на лаўку побач зь Вяльлёй і кожны жадаючы мог зь ім пагавырыць. Увечары жыхары Вільні запалілі на дамах паходні, горад быў сьвяточна асьветлены», — пісала прэса.
Паводле газэт, некалькі чалавек страцілі прытомнасьць «ад шчасьця».
У палацы Пацаў прайшоў вялізны баль з танцамі. Над уваходам былі вывешаныя два транспаранты. Адзін з партрэтам Напалеона, а другі з выявай дзьвюх рук з Пагоняй і Арлом, якія вітаюцца. Некалькі тыдняў запар у Вільні адбываліся вайсковыя парады.
«16 ліпеня апоўначы Яго Каралеўская Мосьць пакінуў наш горад. Як жа мы пакутуем, што ня можам цешыцца прысутнасьцю нашага Збаўцы», — пісаў «Літоўскі кур’ер».
Просты народ
Дык тое шляхта, а звычайны чалавек пляваць хацеў на таго Напалеона, запярэчыць крытык. Гэта здагадка, але яна мае пад сабой моцны грунт. Сяляне ў кожнай вайне хочуць проста выжыць, іх мала цікавіць геапалітыка. Паколькі сацыялягічных дасьледаваньняў сярод сялян ніхто тады не праводзіў, то адчуць атмасфэру сярод «простага народу» можна дзякуючы ўспамінам некаторых зь іх.
Этнограф Міхал Фэдэроўскі ў працы «Беларускі народ» прыводзіць аповеды 90-гадовай беларускі Ганулі Ласосіхі, якая у 1882 годзе ўзгадала пра вайну Напалеона.
«Як пранцузы прыйшлі, так людзі ўсе паўцякалі ў лес, забраўшы набытак і яду, пазагараджвалі заграды і там жылі. Было, пранцузы прыйдуць, угледзяць, што нікога няма, ходзяць каля лесу ды ўсё клічуць: “Крысь, Марысь, ідзеця да хаты, бо ўжэ непрыяцель пайшоў”. Хваробы мы да цябе прыйдзем, не дурныя. Аднаго разу надыйшло шмат галодных пранцузоў. Людзі павыкопвалі паграбы ды пазавальвалі туды адзетак, а яду хто дзе мог схаваў. Яны ўляцелі да хаты, усё гяргечуць ды поруць па падлавіччу, поруць — нічога не знайшлі. Так адзін схапіўся на гару, а там ляжаў нейкі асмалак, ён думаў, што кумпяк, ды давай яго грызьці. От вайна».
Новы ўрад Літвы
А ў Вільні імгненна пачалося стварэньне Нацыянальнай гвардыі. У яе склад увайшлі шэсьць батальёнаў. Часовы ўрад Літвы стварыў міністэрствы (камітэты): харчаваньня, паліцыі, фінансаў, узброенай сілы, юстыцыі, унутраных справаў, рэлігіі. Суды, дарэчы, адбываліся на падставе Статуту ВКЛ.
У вялікіх гарадах і мястэчках былі створаныя хлебныя склады. На іх было сабрана 200 тысяч цэнтнэраў збожжа, 2 мільёны цэнтнэраў аўса, па 18 тысяч сена і саломы. І гэта без уліку сотняў дробных пунктаў па ўсёй краіне.
Для фінансаваньня патрэбаў новага ўраду быў усталяваны падатак. Найбяднейшыя жыхары Княства ня мусілі яго плаціць. Чым багацейшы грамадзянін — тым вышэйшы падатак.
Пачаўся набор рэкрутаў у новае войска. Зь Віленшчыны і Меншчыны — па 3 тысячы чалавек. Па 2500 і 1500 з Горадзеншчыны і Беласточчыны. Новы тэрмін службы — 6 гадоў — людзі ўспрынялі зь вялізнай палёгкай. У Расеі яны мусілі служыць 25 гадоў. Асобна набіралі ў кавалерыю: 3000 чалавек зь Меншчыны, Віленшчыны, Гарадзеншчыны і Падляшша.
Узьніклі Нацыянальная гвардыя, жандармэрыя, 6 батальёнаў «стральцоў». Быў сфармаваны Літоўскі полк. Ён складаўся з тысячы маладых шляхцічаў ва ўзросьце ад 18 да 32 гадоў. Полк быў складзены амаль цалкам з добраахвотнікаў, студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту. У яго, дарэчы, быў уключаны Швадрон літоўскіх татараў пад камандаю Мустафы Ахматовіча.
«Бог спаслаў на зямлю Анёла»
15 жніўня ў гарадах Вялікага Княства сьвяткавалі імяніны Напалеона. У Вільні сьвята адкрывалі стрэламі артылерыі. Падчас імшы чыталі эпізод з Эвангельля пра «спасланьне Богам на зямлю Анёла». Людзі падалі ніцма перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай, маліліся аб дапамозе для францускай арміі.
Прэзыдэнт Вільні аддаў загад накрыць сталы для ўсіх жыхароў гораду. Адной з плошчаў гораду ён надаў імя Напалеона. Паводле «Літоўскага кур’ера», для ўрачыстасьці запякалі цэлых валоў, надзявалі іх курацінай, кабанінай, баранінай. Гарэлку і піва раздавалі бясплатна. Бясплатна працаваў і тэатар. Баль скончыўся а 6-й раніцы.
Сьвяточнай ілюмінацыяй зіхацела віленская сынагога. Там усю ноч гучала музыка і псальмы ў гонар Напалеона.
У Менску імяніны Напалеона пачаліся а 7-й раніцы таго ж дня званамі ва ўсіх касьцёлах гораду. Менская прэса пісала, што падчас набажэнства прысутныя плакалі і скандавалі: «Няхай жыве вялікі Напалеон, няхай жыве наш збаўца».
Калі шэсьце адправіліся на прыём у палац генэрал-губэрнатара, то яго спыніла дэлегацыя менскіх татараў, якую ўзначальваў мална. Яны прывіталіся і абвясьцілі пра свае пажаданьні. А 16.00 прэзыдэнт Менску і прадстаўнікі муніцыпалітэту накіраваліся на пляц Верхні рынак (цяпер плошча Свабоды) і ўрачыста абвесьцілі, што ад гэтага дня ён завецца пляцам Напалеона. У той жа дзень пад воклічы прыстуных там быў пастаўлены помнік імпэратару. Урачыстасьці працягнуліся ў гарадзкім парку. Там працаваў летні амфітэатар, адбываліся спаборніцтвы і паказы. У неба быў запушчаны вялікі паветраны балён, напоўнены вершамі пра Напалеона, каб «несьці ва ўсе бакі славу пра вызвольніка Айчыны». А 19.00 у мясцовым тэатры адбылася пастаноўка «Вызвольнік Літвы», якую напісаў сам прэзыдэнт Менску Ян Ходзька. На маскарад сабраліся 6 тысяч чалавек. Увесь даход быў накіраваны на патрэбы вайсковага шпіталю.
«Пасьля захаду сонца ўвесь горад зазіхацеў сьвяточнай ілюмінацыяй. У цэнтры Менску, на будынках урадоўцаў і прыватных сядзібах, людзі вывешвалі партрэты Напалеона. На сядзібе гімназіі нехта вывесіў вялікую літару N. Ілюмінацыя сьвяцілася і на будынку сынагогі, і на кляштары базылянаў», — паведамляла «Часовая менская газэта».
У Наваградку імяніны Напалеона пачалі сьвяткаваць у касьцёле пад барабанны бой жаўнераў мясцовага гарнізону. У цэнтры сьвятыні быў выстаўлены партрэт імяніньніка. У рапарце са сьвята пісалі пра словы людзей, што ў гэты дзень нават неба расчысьцілася пасьля доўгай непагадзі. Пачастунак для бамонду адбыўся ў францішканскім кляштары. А ў ратушы і навакольных дамах былі накрытыя сталы для жаўнераў. Частавалі іх жыхары гораду розных канфэсіяў, як пісалі ў газэтах. Усю ноч на рынкавай плошчы праходзіў баль. Да раніцы людзі сьпявалі песьні. Такія ж фэсты прайшлі ў Лідзе, Горадні, Ваўкавыску.
Сваё слова сказалі і праваслаўныя. Магілёўскі архіяпіскап Варлаам ужо ў ліпені 1812 года прысягнуў Напалеону, і за ягоным прыкладам гэта зрабілі дзьве траціны мясцовага духавенства.
На кожную з прыведзеных замалёвак апанэнт прафранцускай фракцыі ў ВКЛ можа прывесьці свае прыклады — на карысьць фракцыі расейскай. І выдатна. Гэта толькі чарговы раз пацьвярджае, што вайну 1812 году можна назваць як заўгодна, але толькі не «айчыннай». А ў кантэксьце прыведзеных вышэй падзеяў у ВКЛ «айчыннай» тую вайну язык павернецца назваць толькі ў тым выпадку, калі пад Айчынай маецца на ўвазе Вялікае Княства, якое на баку Напалеона ў той вайне пацярпела паразу і яшчэ 105 гадоў заставалася ў складзе Расейскай імпэрыі.