Гатуем з «Будзьма»! Чарговы рэцэпт ад нас для вас. Цяпер — гэта бограч. Страва паляўнічых і шляхты, якую прывёз на нашыя землі кароль Стэфан Баторый ды ласаваўся ёю пасля палявання. Рэцэпт вельмі просты, а прадукты да яго можна набыць у бліжэйшай краме. Прыгатаваўшы такую страву ў выходны дзень, вы парадуеце сябе і сваіх блізкіх.
Гісторыя бограча сягае ў стагоддзі і мае венгерскія карані, яе гатавалі паляўнічыя, бо ім прыходзілася сыходзіць далёка ад дома на нейкі час у лес, таму есці прыходзілася здабычу. Першапачаткова бограч быў падобны на суп — мяса, цыбуля і морква, усё варылася разам. Бывала, што мяса з бограчу сушылі, а потым ужывалі ў час перакусу, такія снэкі свайго часу. Бограч у сучасным выглядзе з’яўляецца адначасова і першым, і другім.
З часам паляванне становіцца ганаровай справай, якой пачынаюць займацца мужчыны з вышэйшых саслоўяў. Пасля палявання яны ласаваліся бограчам са здабытай свежаніны.
Ёсць меркаванні, што беларусы даведаліся пра бограч ад караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Ён паходзіў са славутага венгерскага ваяўнічага роду, шляхта абрала Баторыя каралём нашай дзяржавы ў 1575 годзе. Кароль вельмі любіў паляванне. Займаўся ім на нашых землях і частаваўся гарачым бограчам са здабытай дзічыны. Мясцовая шляхта хутка перахапіла каралеўскую традыцыю заканчваць удалае паляванне бограчам.
Рэцэптура стравы не стаяла на месцы, у яе пачалі дадаваць мучныя клёцкі, капусту. Пасля з’яўлення на нашых землях бульбы, фасолі, памідораў і перцаў, бограч стаў больш разнастайны. Рэцэпт стравы, якую мы прапануем прыгатаваць, мае амаль стогадовую гісторыю.
Прадукты на 4 порцыі:
Салёнае сала — 100-150 г
Мяса (ласяціна/свініна/ ялавічына/ кураціна) — 400 г
1 вялікая цыбуліна
Памідоры — 2 шт
Лаўровы ліст — 2-4 шт
Зялёны салодкі перац — 1 шт
Фасоля — паўшклянкі (замачыць у халоднай вадзе за суткі да прыгатавання)
Часнок — 1 галоўка
Каляндра, сумесь перцаў, соль — па смаку
Зеляніна — невялікі пучок
Для клёцак:
2 вялікія бульбіны
Мука — прыкладна 3 сталовыя лыжкі без верху
Бограч заўсёды гатавалі на салёным сале, рэзалі яго мелкімі кавалачкамі і вытаплівалі ў чыгунку тлушч. Цяпер жа вы можаце карыстацца рондалем або глыбокай патэльняй.
Каб прыгатаваць страву на 4 порцыі, вам спатрэбіцца 400 грам мяса. Дзеля таго, каб быць бліжэйшымі да аўтэнтыкі і традыцыйнай кухні паляўнічых, мы выкарысталі мяса лася, але ваш бограч не стане менш смачным, калі вы будзеце выкарыстоўваць свініну, ялавічыну або курынае мяса. Яго варта нарэзаць кавалачкамі ў форме кубікаў. Больш за тое, калі вы не ўжываеце мяса, можна зрабіць веган-бограч, прыбраўшы мясныя складнікі, замест сальнага тлушчу добра падыдзе звычайны алей.
Акрамя мяса і сала, нам спатрэбіцца вялікая цыбуліна, якую трэба нарубіць кавалкамі, а затым закінуць у рондаль з тлушчам. Калі цыбулька стане залаціцца — да яе дадаем ужо парэзанае мяса.
Два памідоры, нарэзаныя кубікамі, дададуць страве вадкасці і таматнага смаку, некалькі лаўровых лісткоў таксама не зашкодзяць. Для пікантнасці нам спатрэбіцца сумесь перцаў, каляндра і соль — усё трэба дробна змалоць і дадаць у страву.
Каб страва была больш сытная, у яе дадавалі фасолю. Калі захочаце зрабіць бограч згодна нашаму рэцэпту, то за суткі замачыце фасолю вадой — яна стане мяккай і хутчэй прыгатуецца. Не зашкодзіць і салодкі зялёны перац, яго трэба нарэзаць кубікамі і дадаць у бограч. Тушым бограч паўтары гадзіны.
Традыцыйна бограч падавалі з клёцкамі, спачатку мучнымі, а калі на беларускіх землях бульба стала «другім хлебам» — бульбянымі з дадаткам мукі. Каб іх зрабіць, нам спатрэбяцца дзве вялікія бульбіны, іх трэба нацерці на дробнай тарцы, як на дранікі. Зліць лішнюю вадкасць і дадаць мукі, добра перамяшаць. Мусіць атрымацца такая маса, каб вы маглі сфармаваць круглыя клёцкі. Дадаем іх праз паўтары гадзіны тушэння бограча наўпрост у страву. Пакуль клёцкі насычаюцца булёнам бограча, рэжам часнок тонкімі пласцінамі, галоўкі хопіць. Дадаем яго ў бограч і чакаем 15 хвілін. Пакуль чакаем — нарэжам зеляніну, яна дадасць нашай страве прыгажосці і водару, можна пры падачы дадаць лыжку смятаны. Праз 15 хвілін бограч з клёцками гатовы! Упрыгожце яго зелянінай, або смятанай, і клічце сваіх блізкіх да стала.
Смачна есці!
АМ, budzma.org