Беларуская культурная прастора, па-сапраўднаму вольная ад дзяржаўных і фінансавых інстытутаў, ніколі не была дастаткова вялікай.
Больш падобная на такі невялічкі астравок унутранай свабоды, нечым нагадваючы гета, дзе аўтары ў розных напрамках і формах маглі займацца самавыяўленнем для сябе і сваіх аматараў. За апошнія восем месяцаў, якія прайшлі з прэзідэнцкіх выбараў жніўня 2020 года, нават гэты астравок фактычна знік. Дзякуючы намаганням улады і падначаленых ёй сілавікоў з краіны эмігравала або страціла працу шмат музыкаў, актораў, мастакоў. Адны — часова, іншыя — назаўжды.
Дзіўна, але пакуль не сутыкнешся з пераследам сам-насам, гэта цяжка ўявіць. Але я адчуў гэта на ўласнай скуры, калі ў пачатку сакавіка дамаўляўся пра магчымасць паглядзець дакументальную стужку «Смеласць» Аляксея Палуяна, прэм’ера якой толькі-толькі прайшла ў анлайн-фармаце на 71-м Берлінскім кінафестывалі. Працэс нагадваў сапраўдны шпіёнскі дэтэктыў: абмеркаванне дэталяў у шыфраваным мэсэнджары, сустрэча і прагляд на амаль што канспіратыўнай кватэры ўвечары, размова з рэжысёрам праз відэасувязь. Сапраўдная антыўтопія ў духу Оруэла, якая адбываецца цяпер у Беларусі. Нешта падобнае зможа ўспомніць толькі пакаленне гараджан, якія ў познесавецкія часы канца 70-х — пачатку 80-х таемна хадзілі на творчыя кватэрнікі чытаць вершы забароненых паэтаў ці слухаць заходнюю музыку. Але вось у чым рэч: з таго моманту прайшло як мінімум чатыры дзесяцігоддзі, а для беларусаў роўна нічога не змянілася. Пакуль іншы свет у большасці сваёй эвалюцыянуе і імкнецца ў будучыню, мы нібы трапілі ў пятлю часу, з якой ніяк не можам вырвацца.
Менавіта гэтую дылему прэпаруе «Смеласць» — поўнаметражны дакументальны дэбют Аляксея Палуяна, які ўжо дзевяць гадоў як з’ехаў жыць і працаваць у Германію. Падмуркам працы стала назіранне за акторамі Беларускага вольнага тэатра — Паўлам Гарадніцкім, Дзянісам Тарасенкам і Марынай Якубовіч — напярэдадні і пасля прэзідэнцкіх выбараў лета 2020 года. Выбар рэжысёрам менавіта такіх герояў цалкам відавочны, бо перад намі людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія ўдзельнічалі ў мірных акцыях пратэсту, а таксама ўвасаблялі вопыт рэпрэсаваных уладай беларусаў у палітычных пастаноўках тэатра, які ўжо пятнаццаць гадоў забаронены ў краіне.
Праца над стужкай пачалася ў 2018 годзе, але аўтары вырашылі адмовіцца ад часткі знятага матэрыялу, у якім не было адчування канфлікту, каб засяродзіцца на звышнасычаных падзеямі 2020 годзе. Глядач праходзіць з героямі той жа эмацыйны шлях, што і большасць пасіянарных беларусаў, які прагнулі калектыўнай перамогі і надыходу пераменаў. Тут ёсць і ўзнёслыя прадчуванні выбараў, і смешныя спрэчкі паміж Дзянісам і Паўлам пра тое, хто раней даведаўся, што складваць бюлетэнь для галасавання за Ціханоўскую трэба гармонікам, песня «Перамен» з дынамікаў старэнькіх «Жыгулёў» Тарасенкі. Аператары «Смеласці», беларуска Таццяна Гаўрыльчык і немец Джэсі Мазух, трапна зафіксавалі штодзённыя дробязі, з якіх склалася пазнавальная атмасфера жыцця грамадства перад электаральнай кампаніяй і пасля пратэснага выбуху. Дастаткова тут і драматычных момантаў: здымкі брутальнага разгону пратэстоўцаў са стэлы ў жнівеньскія дні, напружанае чаканне сваякамі арыштаваных ля брамы Акрэсціна з зачытваннем валанцёрамі спіса затрыманых, ад якога займае дыханне, поўныя фаталізму размовы герояў, што ўсё прапала і засталося толькі адно — эміграваць.
Эмацыйныя арэлі патрэбныя аўтарам не так для таго, каб пратакольна зафіксаваць падзеі для будучых нашчадкаў — тым больш што тое ўжо добра зробленае ў паказаных раней стужках дакументалістаў Андрэя Куцілы, Максіма Шведа, Вольгі Абрамчык, Алеся Лапа і інш. Гістарычны кантэкст 2020 года тут служыць пунктам уваходу ў асэнсаванне агульнага наратыву пратэсту, які пачаўся з сярэдзіны дзевяностых і цягнецца да сёння. Палуян як амбіцыйны аўтар паставіў перад сабой звышзадачу — адрынуць рэвалюцыйны пафас, падрабязнасці злачынстваў сілавікоў, каб з халоднай галавой паспрабаваць адрэфлексаваць, чаму чаканыя ўжо не адным пакаленнем беларусаў перамены дагэтуль не наступілі.
Прамога адказу на галоўнае пытанне «Смеласць» не дае, раз-пораз падкідваючы ключы да разумення працэсаў. Вось афганскі ветэран і былы амапавец кажа, што эфект будзе, калі атрымаецца падняць былых саслужыўцаў, а сам ён пад дубінкі лезці не хоча, бо гады не тыя і дзеці яшчэ малыя. Ці Ірына Красоўская, жонка выкрадзенага ў 1999 годзе і забітага бізнесоўца Анатоля Красоўскага, распавядзе праз тэатральную пастаноўку гісторыю кахання і гібелі свайго мужа. Усе гэтыя фрагменты, насычаныя дакументальнай хронікай з нулявых і дзевяностых, малююць маштабную карціну невырашальнага канфлікту паміж грамадствам, якое не можа і не хоча пераступаць межы гвалту, каб дабіцца свабоды, і ўладай, якая не звяртае ўвагі на жудасныя метады захавання статус-кво. Мёртвы клінч, ахвярамі якога сталі не адзінкавыя людзі, а цэлыя пакаленні беларусаў, жыццё якіх магло скласціся інакш, чым цяпер.
Песімістычны погляд Палуяна на працэсы гістарычнага развіцця Беларусі наўрад ці задаволіць любы з бакоў канфлікту. Апантаных рэвалюцыянераў ён раззлуе расчараванасцю, а праўладныя лаялісты абвінавацяць яго ў аднабаковасці. Але (і кожны ведае гэта з дзяцінства) лекі ад хваробы і не мусяць быць прыемнымі. «Смеласць» як спроба зразумець, чаму Беларусь дагэтуль жыве у бясконцым дні сурка, працуе роўна такім чынам.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by