Раман «Смерти.нет» беларускай пісьменніцы Таццяны Заміроўскай, якая цяпер жыве ў Нью-Ёрку, увайшоў у шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Андрэя Белага ў намінацыі «Проза».
«Вельмі радасная і зусім нечаканая навіна — вось гэта ўсім шорт-лістам шорт-ліст! Пра такую кампанію нават марыць не магла — рада, што кнігу ўбачылі і разгледзелі менавіта ў гэтым кантэксце, і менавіта ў гэтай прэміі. Вялікі дзякуй журы, у мяне проста душа суцешылася. (Так, я там чалавек з Мінска, а не Нью-Ёрка, але Мінск — гэта такая справа, што канчаткова з’ехаць з яго немагчыма)», — піша пісьменніца пра прэмію на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Чытайце таксама: Літаратурнае інтэрвʼю Таццяны Заміроўскай пра Мінск. Раздвоеная ўтопія
Таццяна Заміроўская ў рамане малюе будучыню ў якой больш няма смерці — месцы памерлых займаюць лічбавыя копіі, якія пасля смерці «арыгінала» актывізуюцца і могуць кантактаваць з блізкімі праз сацсеткі. У нейкі момант копіі прарываюцца ў аналагавы свет.
Прэмія Андрэя Белага — літаратурная прэмія ў СССР і сучаснай Расіі. Гэта першая непадцэнзурная прэмія ў савецкі перыяд. Заснавана ў 1978 годзе рэдакцыяй ленінградскага самвыдатаўскага літаратурнага часопіса «Часы». Адметна, што ў мінулым годзе лаўрэаткай прэміі ў намінацыі «Паэзія» стала беларуская пісьменніца Таня Скарынкіна за кнігу «И все побросали ножи».