Смерць Кейстута. Натуральная ці гвалтоўная?

Ці ваявалі Ягайла і Кейстут паміж сабой? На чыім баку быў князь Вітаўт? Як Кейстут з сынам патрапіў у палон? У якім замку іх утрымлівалі? Як не стала князя Кейстута і якія версіі агучваюцца гісторыкамі? Пастаўленыя пытанні разбірае доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.


Alieś Kraŭcevič

Вясной 1382 года выбухнула вайна паміж Ягайлам і Кейстутам. Падчас адсутнасці Кейстута (быў у далёкім паходзе) прыхільнікі Ягайлы захапілі сталіцу — Вільню. Абодва бакі рыхтаваліся да вырашальнай бітвы. Кейстут з Вітаўтам набіралі войска ў Жамойці, на дапамогу Ягайле паспяшаўся вялікі маршал Тэўтонскага ордэна з вайсковым аддзелам.

Саюзнікі здабылі сталіцу Кейстута — Троцкі замак, абодва бакі рыхтаваліся да вырашэння справы на полі бітвы. 3 жніўня 1382 года Кейстут прывёў пад Трокі некалькі тысяч войска ў складзе гарадзенцаў, падляшанаў і жамойтаў.

Але да бітвы справа не дайшла. Паведамленні крыніц і, адпаведна, інтэрпрэтацыя гісторыкамі таго, што адбылося ў той дзень, істотна розняцца. Найбольш вядомае апісанне з беларуска-літоўскіх летапісаў, паўторанае ў гэтак званым «Мемарыяле» Вітаўта.

Калі войскі стаялі насупраць «за тры або чотыры стрыленя», да Кейстута прыбылі парламенцёры ад Ягайлы, якія прывезлі прапанову скончыць справу перамовамі і мірам. Спачатку да Ягайлы паехаў адзін Вітаўт. Вярнуўся са Скіргайлам і пад ягоную паруку (прысягу) ад імя свайго і Ягайлы Вітаўт паехаў ў стан Ягайлы разам з бацькам.

Аднак у лагеры Ягайлы Кейстута з сынам узялі пад варту і адправілі ў Вільню, а да іх войска паслалі ганцоў з весткай, што князі замірыліся і ваяры раз’ехаліся.

Кейстута з Вільні перавезлі ў Крэўскі замак (родавае ўладанне Ягайлы), дзе праз некалькі дзён ён страціў жыццё.

Вітаўт, перавезены ў тое ж Крэва, здолеў неўзабаве ўцячы і выехаў у эміграцыю ў Ордэн, адкуль пачаў барацьбу з Ягайлам за бацькоўскую спадчыну.

Названыя факты ніхто не аспрэчвае, але між гісторыкамі маюцца істотныя разыходжанні ў іх інтэрпрэтацыі. Прычым, у інтэрпрэтацыях польскіх гісторыкаў відавочная яўная ці прыхаваная апалагетыка Ягайлы, імкненне апраўдаць яго дзеянні вышэйшымі дзяржаўнымі інтарэсамі ці нават цалкам абяліць, а ўсю віну за канфлікт перакласці на Кейстута. Па-першае, польскімі калегамі выказвалася меркаванне, што Кейстут з Вітаўтам не былі схопленыя, але здаліся Ягайлу самыя. Па-другое, Кейстута ў Крэве нібыта не забілі па загаду Ягайлы ці Скіргайлы, а, магчыма, ён сам памёр натуральнай смерцю — немалады чалавек, да таго ж, прыгнечаны паразай.

Як прыклад, можна прывесці адну з новых манаграфій, прысвечаных Вітаўту, дзе познаньскі гісторык Яраслаў Нікодэм прадставіў усе апалагетычныя для Ягайлы інтэрпрэтацыі. Агулам Нікадэм таксама перакладае віну на Кейстута, абвінавачвае ў парушэнні дамовы з Альгердам. Маўляў, Кейстут перш за ўсё вінаваты, што Вітаўт не стаў другой асобай у дзяржаве. Даследчык лічыць, што Ягайла хацеў скончыць справу мірна, таму і прыслаў Скіргайлу з прапановай дамовіцца; Ягайла не парушаў слова, не схапіў Кейстута, а належыць верыць «незацікаўленаму» (нібыта) ордэнскаму храністу Віганду, што Кейстут «сам аддаў свой лёс у рукі Ягайлы» (некалькімі радкамі той жа аўтар напісаў, што Кейстут хацеў бітвы). І ўрэшце, гісторык вывеў, што смерць Кейстута, хутчэй за ўсё была натуральнай: «Мяркую, аднак, што версія забойства, за якім стаялі Ягайла або Скіргайла, не заслугоўвае малейшага даверу».

Тым не менш, паколькі, па-першае, падобныя інтэрпрэтацыі не маюць належнай апоры ў крыніцах; па-другое, версія з беларуска-літоўскіх летапісаў, у некаторых дэталях пацвярджаецца іншымі крыніцамі (той жа Хронікай Віганда), то насоўваецца выснова, што яны выкліканыя імкненнем абараніць рэпутацыю Ягайлы, як афіцыйнага заснавальніка дынастыі польскіх каралёў Ягелонаў. У беларуска-літоўскіх летапісах пералічваюцца імёны забойцаў Кейстута: «каморнікі Ягайлавы» Прокша, які яму ваду даваў, Белік Мосцеў брат, Кучук, Лісіца Жыбенцяй.

У Альшэўскім летапісе маецца ўдакладненне пра службу апошняга «Лісіча, што свяціў». Несумненна, «каморнікі» Ягайлы не маглі рашыцца на забойства князя-Гедымінавіча без адабрэння гаспадара.

Ягайла ўсё жыццё адмаўляў сваё дачыненне да смерці Кейстута. Ён зладзіў дзядзьку ўрачыстае пахаванне па язычніцкаму звычаю — спаленне на вогнішчы.