Яна нарадзілася ў Менску, стала адной з першых жанчын-шафёрак у Парыжы, спаліла свае жывапісныя працы і стала адной з тых, хто заснаваў традыцыі сучаснага брытанскага балета. Распавядаем гісторыю Соф’і Федаровіч — беларускай сцэнографкі, якой аднойчы аддалі перавагу перад Како Шанэль.
На адукацыйнай платформе «Васьміног» выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ-ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфераў дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курса Лікай Юр’евай Budzma.org распавядае пра гэтых жанчын.
Соф’я Федаровіч за працай. Крыніца: www.flickr.com
Соф’я Федаровіч паходзіць са старога беларускага шляхецкага роду. Яна нарадзілася ў сям’і вядомага хірурга Атона Федаровіча ў 1893 годзе ў Мінску, дзе і правяла дзяцінства, а пазней — скончыла жаночую гімназію. Яна вывучала жывыпіс у Кракаве і Маскве, нязменна шукаючы сябе і свой стыль — але ўсё ёй падавалася не тым.
Падзеі таго часу не абмінулі яе: у Першую сусветную вайну жанчына валанцёрыла ў «Чырвоным Крыжы». Але і тады яна ўдасканальвала свае здольнасці: сярод іншага, малявала карыкатуры на чыноўнікаў. Тыя работы адзначалі за тонкі гумар і добразычлівасць.
Пасля вайны Соф’я перахварэла спачатку на брушны, а затым на сыпны тыф, пасля якіх доўга ўзнаўлялася.
У 1918 годзе — якраз пасля падзей рэвалюцыі — яна жыла ў неспакойным Петраградзе, дзе яе чакалі новыя выпрабаванні. Для сябе і сяброў яна здабывала паліва для абагрэву, пераўтвараючы ў дровы аскепкі лодак, што знайшла на берагах Нявы. Каб эвакуявацца з горада, з кавалкаў дрэваў яна зрабіла імправізаваныя сані — імі змагла перавезці свае рэчы да чыгуначнай станцыі.
Соф’я Федаровіч (сядзіць злева) і яе брат Вацлаў Лядніцкі (стаіць пасярэдзіне) у маёнтку Барок. Здымак другой паловы 1900-х гадоў. Крыніца: facebook.com
Праз два гады дзяўчына ўжо жыла ў Лондане, дзе нават арандавала студыю і пачала асвойвацца ў мастацкіх колах. У той час яна збольшага пісала партрэты і пейзажы, але гэта не задавальняла яе. Мастацкія пошукі прывялі жанчыну да французскага авангарду — у 29 гадоў яна пераехала ў Парыж.
Соф’я Федаровіч у маладосці. Фотаздымак Барабары Кер-Сеймэр. Крыніца: www.tate.org.uk
Грошай тады не было, а мастацтвам, як і цяпер, зарабляць было складана. Таму яна купіла ў растэрміноўку машыну і пачала падпрацоўваць у таксі па начох, стаўшы адной з першых у Еўропе жанчын-кіроўцаў. Польскі часопіс для жанчын «Пані» прысвяціў ёй рэпартаж «Мастачка-шафёрка». Там пісалася:
«Яе з маленства прыцягвалі дзве рэчы: жывапіс і тэхніка. Здавалася б, узаемавыключальныя рэчы, але ў яе душы яны ўтвараюць дзіўную гармонію. Яна любіць імклівыя машыны, любіць гучныя лакаматывы, але ёй хочацца і трэба маляваць».
Соф’я Федаровіч у касцюме шафёра. Фотаздымак з часопіса «Пані» (снежань 1924 г.). Крыніца: Лічбавая бібліятэка Regionalia Ziemi Łódzkiej
У вольныя ад працы дні жанчына працягвала займацца жывапісам. Яна працавала ў модным тады кубізме, адгалоскі якога таксама потым знойдуцца ў сцэнічных касцюмах, якія яна стварала. Сама Соф’я Федаровіч адпавядала лозунгам футурызму: захаплялася машынамі, хуткасцю і горадам, апраналася ў стылі «а-ля гарсон», як згадвалі яе тагачасныя сябры. З таго перыяду яе творчасці мала што ацалела: сама Федаровіч сімвалічна спаліла ўсе свае ранейшыя жывапісныя працы, калі знайшла сябе ў сцэнаграфіі.
Ужо ў Парыжы яе вабіла да балета: яна атрымала дазвол прыходзіць на рэпетыцыі балетных танцораў і замалёўвала іх рухі. Падчас адной з такіх замалёвак яна пазнаёмілася з Мары Рамбер, якая заўважыла талент Федаровіч і прапанавала ёй стварыць касцюмы для дабрачыннага перформанса «Ліліі». Менавіта Рамберт пазнаёміла Соф’ю з танцорам і харэографам Фрэдэрыкам Аштанам, з якім Федаровіч чакала плённая і доўгая супраца. Ён называў мастачку сваёй «самай дарагой сяброўкай, найлепшай суаўтаркай і найвялікшай творчай паплечніцай і дарадцай». Першапачаткова Аштан бачыў для адной са сваёй працы сцэнографкай Како Шанэль, аднак у выніку спыніліся на кандыдатуры Соф’і.
Тэатральны касцюм прадавачкі кветак у Парыжы 1890-х гадоў для балета Фрэдэрыка Аштана «Накцюрн». Зроблены паводле эскіза Соф’і Федаровіч. Цяпер знаходзіцца ў Музеі Вікторыі і Альберта, Лондан. Крыніца: collections.vam.ac.uk
Плённым пачаткам для супрацы стала замова 33-гадовай Соф’і на касцюмы і дэкарацыі для лонданскага балета «Трагедыя моды, альбо Пунсовыя нажніцы». Пасля гэтага Соф’я стала афіцыйнай мастачкай новаўтворанай трупы Ballet Club (першай сталай трупы ў брытанскім балеце), аформіла 25 балетаў, чатыры оперы і дзве п’есы. Адметнай рысай яе стылю былі мінімалізм і стрыманасць, але разам з тым і элегантнасць. На яе стыль паўплывалі краявіды Бранкастэра — вёскі на поўначы Англіі. Там яна бавіла шмат часу з сябрамі, знаходзіла натхненне ў роварных шпацырах па ўзбярэжжы.
Яна заўсёды імкнулася да таго, каб яе касцюмы былі зручныя. Напрыклад, падчас прымерак і працы над дэталямі яна магла прапанаваць танцорам пачаць танцаваць. Танцор выконваў рухі гэтак натуральна і вольна, што незамацаваныя эскізныя элементы, такія як шпількі, маглі адпасці, а тканіны — пачыналі цягацца па падлозе, дэманструючы праўдзівае ўвасабленне касцюма ў дзеянні і яго функцыйнасць для танца.
Двухбаковая карціна Соф’і Федаровіч «Дзве дзяўчыны ля вакна і Аголеная з коткай». Першая палова ХХ стагоддзя, масла. Выстаўленая на аўкцыёне. Крыніца: www.invaluable.com
Калі ёй было 47, Соф’я Федаровіч прыняла брытанскае грамадзянства. Яна супрацоўнічала з вядомымі балетмайстрамі, пісала партрэты і нацюрморты, якія выстаўляліся ў Лондане, Бруселі і Парыжы. У гэтым жа годзе распрацавала дэкарацыі і ўборы для пастаноўкі Андрэ Ховарда La fête étrange для трупы Лонданскага балета, які праіснаваў нядоўга.
Яе касцюмы крытыкі назвалі «простымі, але далікатнымі». Упершыню гэту пастаноўку ўбачылі ў Мастацкім тэатры ў Лондане ў 1940 годзе. Праз 18 гадоў гэтую пастаноўку возьме Каралеўскі балет — разам з Шатландскім балетам ён пакажа яе больш як 200 разоў.
Соф’я Федаровіч. Крыніца: planetabelarus.by
Памерла жанчына ў сваім доме ў лонданскім Чэлсі праз уцечку газы на 60-м годзе жыцця. Цяпер на тым доме можна пабачыць мемарыяльную шыльду — сціплую, як сам стыль сцэнаграфісткі. На ёй пазначаныя толькі даты жыцця і імя: «Тут жыла Сафі Федаровіч, мастачка балета і оперы». Мемарыяльная шыльда ў яе гонар ёсць і на Царкве святога Паўла ў Лондане.
У брытанскім часопісе «Балетны штогоднік» праз год пасля смерці Федаровіч напішуць, што Соф’я працягвае свой бясконцы шлях у месцы, дзе мастакі вечна знаходзяць натхненне:
«Яна плыве ў венецыянскай гандоле на заходзе дня, у атачэнні адданых сяброў і чатырох гандальераў у залатым, далікатна і ўмела калышуць яе па вечаровых водах».
Цяпер некаторыя з яе касцюмаў і дэкарацый можна ўбачыць у Музеі Вікторыі і Альберта ў Лондане. Да трэцяе гадавіны смерці мастачкі музей зладзіў мемарыяльную выставу, якая аб’ехала шэраг найбуйнейшых гарадоў Вялікабрытаніі. Цяпер кожны можа зайсці на сайт Музея і прагартаць эскізы касцюмаў, што яна малявала, а таксама ўбачыць узоры яе творчасці — больш за 400 аб’ектаў.
Зрабіць слайдэр
Подпіс да слайдэра: Эскізы касцюмаў, створаныя Соф’яй Федаровіч. Крыніца: collections.vam.ac.uk
(https://collections.vam.ac.uk/search/?id_person=A4752&page=1&page_size=15)
Шматлікія яе творы цяпер можна набыць на аўкцыёнах — на жаль, шмат дзе пазначана, што яна — мастачка расейскага паходжання.
Беларускі эксперт, імя якога мы не называем з прычын бяспекі, заўважае, што Федаровіч была адной з самых выбітных дызайнерак у англійскім тэатры:
«Соф’я Федаровіч вызначалася выдатнымі творчымі здольнасцямі і актыўна развівалася ў розных галінах мастацтва. На жаль, значная частка яе жывапісу была знішчана самой мастачкай дзеля яе адданасці і ўкладу ў тэатральнае мастацтва.
Сіла дызайнерскага падыходу Соф’і ўвасабляецца ў здольнасці да сінтэзу эканоміі формаў і выразнасці колеру, сцвярджаючы яе як майстарку візуальнай мовы балета. Яе працы не проста дапаўняюць або ўпрыгожваюць пастаноўкі, яны становяцца неадменнай іх часткай, падкрэсліваюць харэаграфію, музыку і глыбіню сцэнічнага дзеяння, дазваляючы гледачу пагрузіцца ў складнік спектакля.
Федаровіч даказвае, што праўдзівы талент дызайнера палягае ва ўменні працаваць на мяжы, дзе кожны выбар мае значэнне. Яна дасягае гэтага, ствараючы балетныя творы, якія застаюцца ў памяці дзякуючы сваёй візуальнай гармоніі і эстэтычна даска.
Сціпласць і адданасць мастацтву Федаровіч не спрыялі яе самапрэзентацыі ў сацыяльным і культурным кантэкстах. Балетны крытык Рычард Бакл казаў, што гэта вылучала яе сярод тэатральных дзеячаў, асабліва сярод славян — рускіх і палякаў. Для іх узаемадзеянні часта трактаваліся скрозь прызму інтрыг і прагі прызнання.
Соф’я Федаровіч, якую часта называлі «тэатральнай манашкай», была ўзорам служэння мастацтву без імкнення да асабістай славы.
Сябры і калегі Соф’і Федаровіч высока ацэньвалі яе ўнёсак у брытанскую культуру: узаемная падзяка і ўплыў адчуваліся паўсюдна. Артыстка балета Нінет дэ Валуа заўважае, што дзейнасць Федаровіч займае фундаментальнае месца ў гісторыі тэатральнага мастацтва і вызначае тэатральную сцэну Англіі. Паводле ацэнкі брытанскага спецыяліста ў галіне гісторыі мастацтва Кенета Кларка, Федаровіч была адной з самых выбітных і надзейных дызайнерак у англійскім тэатры. Яна разумела, што найважнейшай у тэатральным дызайне з’яўляецца ідэя, якая ляжыць у аснове першай творчай канцэпцыі, і што рэалізацыя гэтай ідэі павінна быць выканана максімальна проста і ясна. Балет «Сэдлерс-Уэлс», дзе былі прадстаўлены апошнія працы Федаровіч, адзначаў, што з сыходам Соф’і ангельская тэатральная сцэна страціла выбітную мастачку.
...Федаровіч распрацоўвала свой непаўторны стыль, які адлюстроўвае сінтэз славянскіх і заходніх традыцый, але пры гэтым магла не падыходзіць пад папулярныя на той момант культурныя тэндэнцыі. Гэта магло абмежаваць яе шырокае прызнанне. Яна працавала ў той час, калі культурны свет пачаў арыентавацца ўсё больш на наватарства і мадэрнізм, і хоць яе падыход быў сучасным, ён мог разыходзіцца з плынямі, якія дамінавалі ў масавым мастацтве».
Гісторыю Соф’і Федаровіч можна паслухаць на Spotify.
Ліка Юр’ева, Budzma.org