Усё ж народжаныя ў Беларусі людзі — кніжны народ. Ці прафсаюзны дзеяч, ці філосаф, а нават хоць і таемны супрацоўнік спецслужбаў — кожнаму з іх было важна пакінуць па сабе кнігу — аўтабіяграфію ці там які ўспамін. Вось і гэтая кніга — “Хата — не дом” (у арыгінале “A house is not a home”) — таксама напісаная чалавекам, для якога Беларусь была калыскаю, домам-бацькаўшчынаю…
Напэўна, не кожным супляменнікам варта ганарыцца, але і забывацца на іх ніяк не выпадае. Тым больш што гэтым разам гаворка пойдзе пра кабету, а іх роля у гісторыі — і не толькі эміграцыйнай — застаецца ў цені мужчынскіх учынкаў. Нават калі ўчынкі тыя даволі неадназначныя з маральнага пункту гледжання, як, прыкладам, забойства бомбаю расійскага імператара адным нашым славутым земляком.
У амерыканскай літаратуры і ў сеціве краінаю нараджэння нашай гераіні называецца калі Расія, калі Польшча, хоць у сваёй кнізе аўтарка піша даволі недвухсэнсоўна, у адпаведнасці з тагачаснай тэрміналогіяй, пра месца, дзе пабачыла свет: White Russia. Адбылося тое 16 красавіка 1900 года ў Янаве (сёння Іванава Брэсцкай вобласці).
Паводле янаўскіх стандартаў сям’я жыла няблага: вялікі дом, напоўнены паветрам і святлом, немалы сад з кветкамі і садавіною, хлеў з коньмі і каровамі. Бацька Ізідар, кравец, быў чалавекам эмацыйным, з буйнымі ідэямі і аніяк не меншаю думкаю пра сябе самога. Месца жонкі ён бачыў выключна на кухні або з дзецьмі, і Сара, матка нашае гераіні, жыла менавіта паміж гэтымі двума пакоямі. Дзяўчына… але мы ўсё яшчэ не назвалі яе імені, дык вось — Перл была старэйшаю ў сям’і; пасля яе Бог падараваў бацькам яшчэ адну дзяўчынку і аж сем хлапчукоў.
У аўтабіяграфіі “Хата — не дом”, выдадзенай у 1953 годзе пад імем Полі Адлер, пра бацьку гаворыцца з усмешкаю Мэндэле-кніганошы. У сваю першую адысею ён скіраваўся, калі дачцэ быў толькі год, — у Амерыку, якую янаўцы называлі Goldine Medina — залатая зямля. І хоць прабыў там усяго некалькі месяцаў, гэтага хапіла, каб вярнуцца назад спецыялістам ва ўсім, датычным гэтае краіны. Цягам наступных гадоў ён адведаў таксама Варшаву, Берлін і зноў ЗША — і стаўся аўтарытэтам абсалютна ва ўсім. Гэтыя падарожжы не прынеслі ні золата, ні грошай, затое давалі дастаткова матэрыялу для бясконцых аповедаў-травелогаў — і паколькі рэдка хто з местачкоўцаў бываў нават у Пінску, бацька заўсёды меў удзячную аўдыторыю.
“Я атрымала ў спадчыну шмат рысаў свайго бацькі — яго няўрымслівасць і запальчывасць, яго прадпрымальны і дапытлівы характар, яго ўпартае нежаданне быць задаволеным другаснасцю. Мне здаецца, што ў даволі раннім узросце я пачала атаясамліваць сябе са сваім бацькам — калі пад атаясамленнем разумець тое, што я аддавала перавагу такой ролі ў жыцці, якая б не абмяжоўвала мой далягляд межамі Янава і не замыкала б мяне ў рамках кулінарыі, вышывання, прыбірання ў хаце і нараджэння дзяцей. Я не жадала быць чалавекам, які заўсёды з усім пагаджаецца, увесь час знаходзіцца ў цені і вечна адсунуты на другі план. Я хацела выйсці і пабачыць свет, стасавацца з людзьмі і выказваць сваю думку.
Колькі я сябе памятаю, у мяне заўсёды было моцнае жаданне атрымаць адукацыю. Калі мне споўнілася дванаццаць, усе мае планы на будучыню залежалі ад таго, ці атрымаю я стыпендыю на навучанне ў гімназіі ў Пінску. Я ведала, што атрымаць яе няпроста, бо на габрэйскіх дзяцей з Янава давалася толькі адна стыпендыя, і звычайна яе давалі толькі хлопчыкам. Але я не губляла надзеі і звярнулася па дапамогу да самага разумнага і адукаванага чалавека ў вёсцы – рабіна. Кожны дзень пасля школы ён вучыў мяне рускай мове, габрэйскай гісторыі і матэматыцы, і пасля года інтэнсіўнага зубрэння мая галава была так забітая рознымі ведамі, што добра, што ў мяне не было капелюша, бо ён быў не налез мне на галаву.
Якая спакуса сказаць, што цяжкая праца і ўпартасць акупіліся і што ўсе жыхары нашага мястэчка віталі мяне і плакалі ад радасці, што гэтую стыпендыю мне ўручыў сам Распуцін (ён жа не паедзе ў Янаў толькі для таго, каб абвергнуць гэтую інфармацыю). Але праўда заключаецца ў тым, што я ніколі так і не даведалася, ці атрымала стыпендыю, бо ў той дзень, калі абвяшчаліся вынікі, я ўжо ехала далёка па дарозе, якая вяла зусім не ў Пінск”.
Бацька заўсёды цешыўся мараю з сям’ёю перасяліцца ў Goldine Medina, але пакуль тое, вырашыў наперад выслаць сваю старэйшую дачку. Бацькава слова — закон, які не крануць матчыны слёзы, і 12-гадовая дзяўчынка з Янава апынулася адна ў Амерыцы.
Першым прыпынкам стаўся гарадок Holyoke, штат Масачусэтс. Тут у сям’і сяброў знаёмых яе згадзіліся прыняць, карміць і даглядаць — покуль з Янава будуць прыходзіць грошы на ўтрыманне. Справы ў школе пайшлі вельмі добра, і, здавалася, мара пра навучанне была ўжо на даляглядзе, як пачалася Першая сусветная вайна. Сувязь з бацькамі перарвалася, а з ёй — і фінансавая дапамога. Перл мусіла кінуць школу і ўладкавацца на фабрыку, але не магла болей жыць з людзьмі, у якіх, як казала, цячэ ў жылах рыбіна кроў. Яна перабралася да сваякоў у Бруклін, дзе знайшла працу на іншай фабрыцы і магла далей ісці да сваёй мэты. Праўда, каб ашчадзіць грошы на абед, трэба было ад фабрыкі да школы ісці пехам адну мілю і столькі ж ад школы дадому. Напэўна, недзе ў гэты час яна амерыканізавала сваё імя на Полі.
1917 год строс і перавярнуў дагары свет не толькі на абшарах яе старой бацькаўшчыны і новай — Амерыка абвясціла пра свой удзел у вайне — але і свет самой Полі: майстар з новай фабрыкі запрасіў яе на спатканне і згвалціў. Дзяўчына зацяжарала, адзіным выйсцем з сітуацыі было зрабіць аборт. “Гэта змяніла мяне, — пісала яна. — Я страціла сэрца, у мяне больш не засталося надзеі”.
Няўдачы палюбілі Полі: варта было ёй упершыню ў жыцці на запрашэнне новага знаёмца (будучай зоркі Брадвею, не меней, — Гары Рычмана; дарэчы, ягоныя бацькі таксама паходзілі з абшараў царскай Расіі) наведаць начны клуб, пакаштаваць алкаголь і з’явіцца дадому крыху нападпітку, як высокамаральныя сваякі, не ўпадабаўшы ўбачанае, загадалі пакінуць хату. У тую самую ноч.
Падсумоўваючы вынікі сваёй першай амерыканскай пяцігодкі, Полі пісала ў аўтабіяграфіі: “Пакуль што я нічога не дасягнула ў гэтай краіне. Мне не ўдалося атрымаць адукацыю. Я, магчыма, вярнуся дахаты. Я страціла цнатлівасць, рэпутацыю і працу. Усё, што я атрымала, — гэта тое, што я стала больш дарослай”.
Змены адбыліся ў 1920 годзе. Памяняўшы некалькі працаў, напаткаўшы новых знаёмцаў, ад аднаго з іх займела нечаканую прапанову: ёй будзе aплачвацца кватэра, калі там можна будзе час ад часу сустракацца з каханаю жанчынаю. Полі згадзілася — і стала гаспадыняю двухпакаёвай кватэры на Рыверсайд. А гэта вам не Бруклін. Калі ж тое каханне скончылася, займела іншую прапанову: пашукаць новую кабету. За высілкі сама будзе мець 50 даляраў, а тая жанчына — 100.
Так пачалася кар’ера, адносна якой у Полі не было ніякіх ілюзіяў: “Усё здарылася выпадкова — я зусім нечакана стала “мадам”. Тады я і не думала пра гэта як пра кар’еру і не лічыла сябе “мадам”. Мне здавалася тады, што я проста дапамагаю людзям — бо сапраўды, гэта ж не я прыдумала сэкс. Ніхто не быў абавязаны прыходзіць у маю кватэру, калі не жадаў гэтага. Я сапраўды рабіла ім ласку — так я лічыла”.
Жыццё змянілася. Полі магла нарэшце сабе дазволіць рэчы, пра якія раней толькі марыла: у першую чаргу не новыя сукенкі і спадніцы, а магчымасць высыпацца. Хоць для кліентаў, здольных плаціць па немаленькім тарыфе, яна была да паслугаў 24 гадзіны. Полі наняла на працу трох жанчынаў; гэта стала гарадской легендаю, як яна аберагала і ахоўвала сваіх дзяўчат. Сваіх — бo тое былі адзіныя блізкія ёй людзі: уласнай сям’і яна так ніколі і не займела: “Я не магла паводзіць сябе як іншыя жанчыны, бо мая праца заўсёды была на першым месцы. Немагчыма спадзявацца, што мужчына запросіць на рамантычную сустрэчу жанчыну, якая не можа думаць ні пра што іншае, як пра сваю працу, нават калі цяпер выходны дзень і ў яе вясёлы настрой. Такім чынам, я вырашыла, што найлепшае, што я магу зрабіць у такіх абставінах, — гэта забыць пра сваё прыватнае жыццё, зачыніць яго ў лядоўні, і пакуль я працую як “мадам” — не даставаць яго адтуль”.
Бізнес ішоў шпарка, і ўвесну 1921 года Полі мела дастаткова, каб паспрабаваць сябе ў чымсьці легальным. Разам з сяброўкаю яна адкрыла краму бялізны на Брадвеі — і менш чым за год збанкрутавала. Нічога не заставалася, як вярнуцца да апрабаванага. Толькі гэтым разам Полі пастанавіла: стацца “найлепшай, йіціць-тваю-маць, “мадам” у Амерыцы”.
Гэтым разам яна запрасіла дэкаратара, і бардэль быў абсталяваны ў стылі Людовікаў XV і XVI, а сцены атачалі шафы з кнігамі. У штат былі ўзятыя не толькі дзяўчаты, але і кухар, пакаёўка і нават цырульнік. З часам месца ператварылася ў клуб, дзе жанчыны далёка не абавязкова былі найбольшым магнітам; сюды прыходзілі выпіць кактэйль, згуляць партыю ў карты дый проста пабавіць час у прыемных размовах. Наведнікі розніліся: ад гангстараў да палітыкаў, ад пісьменнікаў (якія і дапамагалі Полі ў развіцці бібліятэкі) да зорак Брадвею; нават тагачасны мэр Нью-Ёрка Джэймс (Джымі) Волкер ведаў сюды дарогу. “Вечарам у Полі” — такім быў пароль у мясцовай эліты.
Уплывовыя знаёмствы, у тым ліку сярод суддзяў і паліцэйскіх, не рабілі Полі Адлер недатыкальнаю: яе арыштоўвалі 17 разоў. Адзін раз яна нават збегла ў Маямі (Фларыда), каб толькі не выступаць у судзе з паказаннямі супраць некаторых сваіх кліентаў-гангстараў. Праўда, праз паўгода яна не вытрымала і вярнулася ў Нью-Ёрк, але ў судзе ўсё адмаўляла да канца — і тым самым захавала сабе жыццё.
Апошні раз яна была арыштаваная падчас кампаніі новага мэра горада, Фіярэлі Ля Гуардыі, і тое быў адзіны выпадак, калі судовы вырак меў не толькі грашовае вымярэнне, але і ўвязненне, праўда, толькі на 30 дзён, з якіх адсядзела 24.
Полі Адлер заставалася ў бізнесе да пачатку 1940-х гадоў. У 1941-м найбольш вядомая і паспяховая мадам у гісторыі Нью-Ёрка перабралася ў Каліфорнію, дзе ў свае 50 гадоў нарэшце здзейсніла дзіцячую мару — закончыла школу і запісалася ў каледж. У 1953 годзе яна выдрукавала сваю аўтабіяграфію, якая сталася абсалютным бэстсэлерам у Амерыцы. У 1964-м паводле кнігі было зробленае кіно і напісаная аднайменная песня, але Полі гэтага ўжо не пабачыла і не пачула: яна памерла ў 1962 годзе.
Засталася кніга пра неардынарнае, няпростае жыццё моцнай, таленавітай жанчыны ў складаных варунках змагання за існаванне ў мужчынскім свеце. Назва аўтабіяграфіі стала крылатым выслоўем, якое і да сёння выкарыстоўваюць пісьменнікі і журналісты, а цытаты з кнігі разышліся па шматлікіх публікацыях і даследаваннях, датычных гісторыі эміграцыі і фемінізму.
Я — адна з тых людзей, якія не могуць не атрымліваць задавальнення ад жыцця — нават калі я атрымліваю па зубах.
Жанчыны, якія бяруцца шлюбам не па каханні, а ад хцівасці — каб муж аплачваў рахункі, каб займець багаты дом, дарагую адзежу і каштоўныя ўпрыгожанні, жанчыны, якія выходзяць замуж, каб збегчы з нелюбімай працы ці ўцячы ад непрыемных сваякоў, ці каб людзі не называлі іх “векавухамі” — вось яны і ёсць сапраўднымі прашмандоўкамі, хоць іх так і не называюць. Адзіная розніца паміж імі і маімі дзяўчынкамі — гэта тое, што мае дзяўчынкі адпрацоўваюць кожны цэнт, атрыманы ад мужчын.
Урэшце ўсё гэта зводзіцца вось да чаго: бакалейнік, мяснік, пекар, гандляр, уладальнік дома, аптэкар, прадавец алкагольных напояў, паліцыянт, доктар, мэр горада і палітычны дзеяч — вось яны, гэтыя людзі, і робяць грошы на прастытуцыі, менавіта яны зарабляюць сапраўдныя грошы дзякуючы гэтаму граху.
Я не магу нічога зрабіць са сваёй рэпутацыяй — ну што ж, добра: тады я буду адпавядаць ёй.
Вашае сэрца часта разумее нешта, перш чым ваш розум пачынае гэта разумець.
Не ступень бакалаўра робіць з чалавека пісьменніка, а тое, што чалавеку ёсць што сказаць.
Лявон Юрэвіч
Наталля Гардзіенка