Соф’я Вітаўтаўна — дачка вартая вялікага бацькі Частка 1. Заручыны з уцекачом

11.12.2024 Гісторыя

Адзіная дачка вялікага князя Вітаўта Соф’я выйшла замуж (а дакладней, была выданая бацькам) у даволі незвычайных абставінах. Жаніхом яе стаў уцякач, праўда, не абы які, але спадчыннік маскоўскага вялікакняскага пасаду Васіль Дзмітрыевіч, сын Дзмітрыя Данскога, пераможцы татараў на Куліковым полі. 


Палон Васіля быў якраз сведчаннем, што тая перамога 1380 г. не з’яўлялася такой вялікай, вырашальнай і вызвольнай, як яе прадстаўляюць у Расеі. Усяго праз два гады Дзмітрый Іванавіч пакорліва прыняў ярлык на сваё княжанне ад хана Залатой Арды Тахтамыша, выплаціў таму залеглую даніну і аддаў у закладнікі дзіця — сына-спадкаемцу (Васілю было тады 11 гадоў).

Уцёкі з палону

Праз тры з нечым гады Васіль, ужо падлеткам (а па тагачасных мерках, дарослым чалавекам), уцёк са стаўкі хана пры невядомых акалічнасцях. Зрабіў гэта так лоўка, што ў гісторыкаў з’явіліся версіі, што яму ў тым нехта дапамагаў, магчыма, нават са згоды самога хана. Супраць апошняй версіі сведчыць тое, што хлопец «блытаў след», пабег не наўпрост на поўнач да маскоўскай мяжы, але ў зусім іншы бок на захад ва ўладанні малдаўскага ваяводы Пятра Мушата. Расейскі летапіс паведаміў: «Того же году княз Василей, великого князя сын Дмитриеев прибеже из Орды в Подольскую землю в великие волохы к Петру Воеводе».

1_Еўропа ў 14 ст..jpgКарта Еўропы ў 14 ст.

З Падолля Васіль Дзмітрыевіч скіраваўся дамоў доўгай дарогай у абход ардынскіх уладанняў праз галіцка-валынскія землі і Літву. Вось на гэтай дарозе ён і спаткаўся з князем (тады яшчэ ніякім не вялікім) Вітаўтам Кейстутавічам і ягонай дачкой Соф’яй, сваёй равесніцай (абое 1371 г. нараджэння).

Шлюбная дамова

Невядома якім чынам дайшло да паразумення маладога княжыча з Вітаўтам наконт шлюбу з ягонай дачкой. Як часта бывае, калі не вядомыя акалічнасці, то знаходзяцца людзі, якія іх рэканструююць ці, папросту кажучы, прыдумляюць. Так і пра гэтую шлюбную дамову гісторыкі пісалі, што справу правярнуў мітрапаліт Кіпрыян, які таксама быў тады ў Літве дарогай з Канстанцінопаля. Была версія, што не абышлося без прымусу з боку Вітаўта. Апошняя прыдумка лёгка абвяргаецца, бо пазней Васіль, ужо цалкам вольны, вярнуўшыся на радзіму і заняўшы маскоўскі пасад, жаніцца не адмовіўся, наадварот, паслаў па нарачоную адмысловае пасольства.

2_Васіль Дзмітрыевіч.jpg
Васіль Дзмітрыевіч

Адбылося гэта ў 1390 г. прычым яўна не з палітычнага разліку, бо Вітаўт на той час яшчэ не быў вялікім князем літоўскім, а адно палітыкам у эміграцыі з невядомай будучыняй. Урэшце, чаму б не прызнаць, адкінуўшы ўсе палітычныя разлікі-спекуляцыі, што хлопец з дзяўчынай спадабаліся адно аднаму ды закахаліся (як вядома, шлюб іх аказаўся ўдалым)?!

Чаму справа рабілася ў таямніцы

Інтрыгі справе дадавала акалічнасць, што яна рабілася ў таямніцы. Для Вітаўта год 1387 быў часам «развітання з апошнімі ілюзіямі» наконт сваёй пазіцыі ў краіне. Ягайла, стаўшы польскім каралём, пакінуў намеснікам над Літвой не яго, а свайго роднага брата Скіргайлу. Вітаўт не збіраўся з тым мірыцца, а шлюб дачкі са спадчыннікам Маскоўскага вялікага княства несумненна падвышаў яго статус як суб’екта міжнародных адносін.

3_Вітаўт Вялікі (J. Aziambłoŭski, 1839).jpg Вітаўт Вялікі (J. Aziambłoŭski, 1839)

Вітаўт як удзельны князь — васал Ягайлы не меў права заключаць падобныя дамовы без згоды сюзерэна і ведаў, што згоды не будзе. Калі Ягайла ўрэшце пра дамову даведаўся, то мусіў пакараць свавольнага васала. Вітаўт пазней скардзіўся, што па загаду Ягайлы яго атачылі шчыльным кантролем, перахоплівалі пасольствы і лісты, хапалі і катавалі ягоных баяраў.

Соф’я — добрая жонка і буйны палітык

Урэшце пасля няўдалай спробы заняць Вільню, Вітаўт у пачатку 1390 г. выехаў у эміграцыю ў ордэнскую дзяржаву ў Прусіі. Васіль Дзмітрыевіч, які пасля смерці бацькі ў 1389 г. стаў вялікім князем маскоўскім і ўладзімірскім, выслаў туды адмысловае пасольства, якое павезла Соф’ю ў Маскву вакольнай дарогай, спачатку морам да Рыгі потым праз Пскоў і Вялікі Ноўгарад. Маладыя нарэшце злучыліся і 9 студзеня 1391 г. пабраліся шлюбам. Цвярскі летапісец запісаў: «В год 6898 (1390).... В ту же зиму женился князь великий Василий, взяв добрую дочь Витовта, Софию; добрый нрав имела от отца, была не блудный мед».

4_Васіль і Соф'я.jpg
 Васіль і Соф’я

Соф’я не згубілася ў чужой і далёкай Масковіі, стала не толькі добрай жонкай Васілю Дзмітрыевічу, маці ягонага спадкаемцы Васіля ІІ, але і буйным палітыкам. Пасля смерці мужа яна пераняла вярхоўную ўладу і дапамагла сыну здабыць перамогу ў доўгай міжусобнай вайне за маскоўскі трон.

(працяг будзе) 

Сцяпан Сарока, Budzma. org