Соф’я Вітаўтаўна, дачка вартая вялікага бацькі. Частка 2. Жонка, маці, «пасол міра»

20.12.2024 Гісторыя

Дачка Вітаўта Соф’я, стаўшы вялікай княгіняй маскоўскай і ўладзімірскай, не засталася проста жонкай Васіля І Дзмітрыевіча з асноўнай функцыяй дзетанароджання і гадавання спадчыннікаў вялікаму князю. Яна дзесяцігоддзямі амаль да самай смерці была важным гульцом у палітычным жыцці не толькі адной Масковіі.


Характарам пайшла ў бацьку, умела быць уладарнай, выклікаць павагу і паслушэнства. Належала да роду Гедыміна, а Гедымінавічы ў маскоўскай феадальнай іерархіі ставіліся вышэй за Рурыкавічаў.

Sofja Vitaŭtaŭna
Соф’я Вітаўтаўна

Чытайце яшчэ:

Соф’я Вітаўтаўна — дачка вартая вялікага бацькі Частка 1. Заручыны з уцекачом.

Выдатная маці

Цягам дваццаці гадоў між 1395 і 1415 гг. нарадзіла пяцёра сыноў і чатыры дачкі. Праўда, лёс не быў літасцівы да сыноў, яны паўміралі падчас эпідэмій у дзіцячым ці юначым узросце, акрамя малодшага Васіля — будучага вялікага князя.

Дочкі пражылі даўжэй, старэйшая Ганна выйшла за візантыйскага імператара, другая Настасся вярнулася ў Літву, стаўшы жонкай кіеўскага князя Алелька, унука Альгерда. Дзвюх малодшых Васілісу і Марыю выдалі за суздальскага і старадубскага князёў.

«Пасол міра» паміж Масквой і Літвой

Соф’я Вітаўтаўна стала сапраўдным «паслом міра» паміж мужам і бацькам, між Масквой і Літвой. Гэта была нялёгкая справа, лагодзіць адносіны паміж непрымірымымі канкурэнтамі ў аб’яднанні ўсходнеславянскіх земляў, дзяржавамі-антаганістамі з розным грамадскім ладам. Адно што сілы на той час былі няроўныя.

VKŁ pry Vitaŭcie

Вялікае Княства Літоўскае — наймацнейшая дзяржава ва Усходняй Еўропе, стараннямі дзядоў Соф’і дуумвіраў Альгерда і Кейстута (1345–1377) выцесніла з пазіцыі лідара аслабелую Залатую Арду. Афіцыйную дэкларацыю вялікага князя Альгерда «ўся Русь павінна належыць Літве» настойліва праводзіў у жыццё ягоны пляменнік Вітаўт, стаўшы гаспадаром Літвы ў 1392 г. Альгерд з Кейстутам занялі большасць Украіны, Вітаўт завяршыў аб’яднанне беларускіх земляў праз далучэнне да Літвы Смаленскага княства.

Маскоўскае княства хоць і прысвоіла сабе тытул Вялікае, змагалася за лідарскую пазіцыю адно ў сваім рэгіёне — Паўночна-Усходняй Русі — будучай Расіі. Каб цягацца з Літвой за валоданне ўсёй Руссю, не было і гутаркі. У Маскве з вялікім непакоем сачылі, як Вітаўт забірае Смаленск (самыя б хацелі), але адкрыта выступіць не насмельваліся, толькі прынялі ў сябе выгнанага смаленскага князя.

Vasil I i skinuty Vitaŭtam smalenski kniaź. Litahrafija 1838 h.
Васіль І і скінуты Вітаўтам смаленскі князь. Літаграфія 1838 г.

Аднак калі Вітаўт заходзіў занадта далёка ў «законную» зону маскоўскага ўплыву, падбіраўся блізка да Масквы, Васіль Дзмітрыевіч рашуча таму пярэчыў, нават з ужыткам збройнай сілы.

Некалькі разоў зяць і цесць збіраліся ваяваць, сыходзіліся ў полі, але да бітвы ніколі не даходзіла. У 1406 г. пскавічы, у якіх Вітаўт разарыў прыгарадны горад Каложу, звярнуліся па дапамогу да Масквы.

Васіль вывеў войска ў поле, сустрэў Вітаўта на смаленскай мяжы і заключыў з ім перамір’е на год (хоць яго дружына была ўзмоцненая яшчэ цверскім і татарскім аддзеламі).

Vasil I u pachodzie na Vitaŭta. Miniaciura XVI st.
Васіль І у паходзе на Вітаўта. Мініацюра XVI ст.

Тое ж паўтарылася ў наступным годзе, калі зяць з цесцем сышліся пад Вязьмай.

У 1408 г. Вітаўт пайшоў вайной на Васіля, бо той прыняў у сябе яго ворага князя Свідрыгайлу Альгердавіча. І зноў да бітвы справа не дайшла, пагаварылі, дамовіліся, замірыліся і разышліся.

Гісторыкі не сумняваюцца, што галоўнай прычынай такога міралюбства была асоба Соф’і Вітаўтаўны і яе палітыка прымірэння мужа з бацькам. Крыніцы засведчылі, што яна рэгулярна ездзіла ў Літву, здаралася, што разам з мужам, каб сустрэцца з бацькам і паказаць таму ўнукаў. Васіль Дзмітрыевіч сам не аднойчы прыязджаў у Літву да Вітаўта.

Vasil Dźmitryjevič. Partret z Carskaha tytularnika 1672 h.
Васіль Дзмітрыевіч. Партрэт з Царскага тытулярніка 1672 г.

У 1393 г. Васіль і Соф’я ездзілі ў Смаленск «на повиданье» з Вітаўтам, у 1396 г. Васіль з Вітаўтам святкавалі ў Смаленску Вялікдзень, а восенню таго года сустракаліся ў Каломне.

У 1398 г. Соф’я разам з дзецьмі гасцявала ў бацькі ў Смаленску. Яе бачылі пры Вітаўце ў 1414 г. у адным з замкаў над Нёманам.

Расійскія летапісы адзначаюць вялікую павагу Васіля Дзмітрыевіча да Вітаўта, выкліканую, напэўна, не толькі моцай яго дзяржавы, але і асабістымі адносінамі да цесця. Не выпадкова сваім тастаментам ён перадаў таму пад апеку сям’ю і дзяржаву.

Васіль Дзмітрыевіч памёр у 1425 г. ва ўзросце 54 гадоў, і ў жыцці княгіні-ўдавы пачаўся новы доўгі і самы бурлівы перыяд. Соф’я Вітаўтаўна стала рэгентам пры дзесяцігадовым вялікім князі Васілі Васіллевічы і прайшла поруч з сынам праз дзесяцігоддзі міжусобнай вайны за вярхоўную ўладу ў Масковіі.

(працяг будзе)

Сцяпан Сарока, Budzma.org
Ілюстрацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў

Чытайце яшчэ:

Апошняя бітва Тадэвуша Касьцюшкі

Шанаваная ў свеце, але забытая ў Беларусі: гісторыя жыцця сусветнавядомай фатографкі з Палесся Соф’і Хамянтоўскай