Ён нарадзіўся ў расійскім Петразаводску ў яўрэйска-ўкраінскай сям’і, але з дзяцінства жыў у Мінску. Тут вывучыў мову, тут палюбіў беларускую культуру, піша «Наша Ніва».
Георгій Галенчанка. Фота з сацыяльных сетак
Георгій Галенчанка нарадзіўся 28 лютага 1936 года ў Петразаводску (Карэлія). Георгій Якаўлевіч быў гісторыкам з сусветным іменем, паважаным сярод усёй кнігазнаўчай супольнасці.
Гэта Галенчанка вярнуў Скарыну сапраўднае імя: ён знайшоў дакумент, які паказвае, што насамрэч «Георгіус» — не другое імя друкара, а прыкрая памылка, дапушчаная перапісчыкам у копіі дакумента: замест «выдатнага» — «egregius» — Францыск Скарына стаў «georgius’ам».
Расійскім гісторыкам хапіла гэтага, каб сцвярджаць пра прыналежнасць Скарыны да праваслаўнага свету. У той час як Скарына быў у сучасным разуменні чалавекам сусвету: друкаваў Біблію для усяго «народу руськага» ў ВКЛ, а не для пэўнай канфесіі.
Маштабнай працай Галенчанкі стала факсімільнае выданне Бібліі Скарыны — славуты вялікафарматны трохтомнік у чырвонай вокладцы, аднагодак беларускай незалежнасці. Галенчанка разам з фатографам ездзіў па свеце і адшукваў кнігу за кнігай, каб урэшце выдаць для беларусаў поўны камплект.
Галенчанка скончыў гістфак БДУ і аспірантуру Гісторыка-архіўнага інстытута ў Маскве. Толькі ў цэнтры савецкай краіны ў той час можна было абараніць настолькі культуралагічную і настолькі беларусацэнтрычную дысертацыю — «Гісторыя беларускага кнігадрукавання XVI–XVIII стагоддзяў».
Галенчанка першы адкрыў для шырэйшага кола чытачоў кнігі, выдадзеныя на беларускіх землях у першыя стагоддзі існавання кнігадрукавання.
У каталозе «Кніга Беларусі 1517–1917» ён даў не толькі падрабязна апісанне ўсіх кніг, але і выклаў іх змест, што было смелым крокам у тагачаснай савецкай Беларусі — усе ж старадрукаваныя кнігі былі рэлігійнымі.
Арганізатар беларускай навукі, спецыяліст па гістарычных крыніцах, ад якіх у сваіх даследаваннях не адыходзіў ні на крок. І ў савецкі час, і ў незалежнай Беларусі аб’ектыўнасць — асноўны арыенцір у яго работах.