Абвешчаны поўны спіс прэміі Шэрмана

Журы зацвердзіла поўны спіс намінантаў на прэмію імя Карласа Шэрмана для перакладчыкаў. На галоўную ўзнагароду прэтэндуюць 24 кнігі, перакладзеныя з 11 моў, сярод якіх ідыш і нарвежская, а таксама ісландская і харвацкая, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтр. На прэмію прымаліся пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ўпершыню ў папяровым або электронным варыянце ў 2020 годзе (альбо ў 2019, калі кніга не была пададзеная ў мінулым сезоне).


Шэрман.jpg

У прэміяльным працэсе сёлета ўдзельнічаюць 10 выдавецтваў. Лідарам па колькасці намінантаў з’яўляецца выдавецтва «Янушкевіч» — 7 кніг, на другім месцы выдавец Зміцер Колас — 6 кніг. Выдавецтвы «Koska», «Галіяфы» і «Логвінаў» прадстаўлены 2 кнігамі, «Лімарыус», «Мастацкая літаратура», «Пазітыў-цэнтр», «Папуры» і выдавец Раман Цымбераў — адной кнігай.

Сёлета журы будзе абіраць трох пераможцаў у трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі. Пераможца ў кожнай намінацыі атрымае прыз.

У журы прэміі Шэрмана ўвайшлі: пісьменніца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак; выкладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык; паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца Аксана Данільчык; выкладчыца, перакладчыца, рэдактарка Вольга Калацкая; літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук Дзяніс Кандакоў.

Пераклад прозы

  • Лявон Баршчэўскі, пераклад з нямецкай — Франц Кафка «Працэс». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
  • Вольга Гронская, пераклад з нямецкай — Даніэль Кельман «Тыль». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.
  • Алена Казлова, пераклад са шведскай — Сціна Джэксан «Срэбная дарога». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.
  • Яніна Кісялёва, пераклад з польскай — Антоні Эдвард Адынец «Успаміны пра мінулае». Выдавецтва «Лімарыус», Мінск, 2020.
  • Таццяна Кляшчонак, пераклад з польскай — Збігнеў Жакевіч «Віленскі трыпціх». Выдавец Раман Цымбераў, Мінск, 2020.
  • Алена Талапіла, пераклад з нямецкай — Фелікс Акерман «Аўташкола па-віленску». Выдавецтва «Логвінаў», Вільня, 2020.
  • Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай — Міленка Ергавіч «Арэхавы палац». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2019.
  • Сяргей Шупа, пераклад з ідышу — Мойшэ Кульбак «Мэсія з роду Эфраіма». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2019.
  • Ганна Янкута, пераклад з англійскай — Салі Руні «Нармальныя людзі». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020. 

Пераклад паэзіі

  • Лявон Баршчэўскі, пераклад з ісландскай — Стэйн Стэйнар «Выбраная паэзія». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
  • Лявон Баршчэўскі, Сяргей Шупа, пераклад з харвацкай — Цін Уевіч «Выбраная паэзія». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
  • Марыя Мартысевіч, пераклад з польскай — Антоні Эдвард Адынец «Успаміны пра мінулае». Выдавецтва «Лімарыус», Мінск, 2020.
  • Георгій Ліхтаровіч, пераклад з рускай — Анна Ахматава, «Выбраныя вершы». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.
  • Алесь Плотка, пераклад з украінскай — Юры Іздрык «Папяросы». Выдавецтва «Галіяфы», Мінск, 2020.
  • Андрэй Хадановіч, пераклад з рускай — Сямён Ханін «Уключаючы рэшту». Выдавецтва «Логвінаў», Вільня, 2020.
  • Юля Цімафеева, пераклад з англійскай — Стывен Крэйн «Выбраныя вершы». Выдавец Зміцер Колас, Мінск, 2020.

Пераклад дзіцячай кнігі

  • Алена Казлова, пераклад са шведскай — Астрыд Ліндгрэн «Піпі Доўгая Панчоха» і «Піпі Доўгая Панчоха падымаецца на борт». Выдавецтва «Папуры», Мінск, 2020.
  • Надзея Кім, пераклад са шведскай — Астрыд Ліндгрэн «Роня, дачка разбойніка». Выдавецтва «Пазітыў-цэнтр», Мінск, 2020.
  • Ірына Палякова, пераклад з нямецкай — Янаш «Ах, якая цудоўная краіна Панама». Выдавецтва «Галіяфы», Мінск, 2020.
  • Алена Пятровіч, пераклад з англійскай — Дж.К. Роўлінг «Гары Потэр і таемная зала». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.
  • Алена Трацякова, пераклад з французскай — Элізабет Брамі «Дэкларацыя правоў дзяўчынак і хлопчыкаў» і «Дэкларацыя правоў мам і татаў». Выдавецтва «Koska», Мінск, 2020.
  • Марына Шода, пераклад з польскай — Анджэй Марэк Грабоўскі «Галляш Бяляшык — сябра цмокаў». Выдавецтва «Мастацкая літаратура», Мінск, 2020.
  • Юля Цімафеева, пераклад з нарвежскай — Стыян Холе, «Неба Ганны». Выдавецтва «Koska», Мінск, 2020.
  • Юля Цімафеева, пераклад з нарвежскай — Мая Лундэ «Снежная сястра». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.
  • Ганна Янкута, пераклад з польскай — Катажына Рырых «Лапуховае поле». Выдавецтва «Янушкевіч», Мінск, 2020.

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд «Вяртанне».

У 2020 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Ігар Кулікоў (пераклад паэзіі), Сяргей Матырка (пераклад дзіцячай кнігі) і Кацярына Маціеўская (пераклад прозы).

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў. Задаць пытанні па прэміі можна, напісаўшы на konkurs.pierakladau@gmail.com.

Беларускі ПЭН-цэнтр