Менш за ўсё чакаеш, что падчас вялікай і крывавай вайны, да якой мае непасрэднае дачыненне Беларусь, ва Украіне можа з’явіцца фестываль украінска-беларускага кіно. Але ў змрочныя часы нават немагчымае магчыма — такая падзея пад назвай «1084. На мяжы» адбылася. Прычым адразу ў трох гарадах: Львове, Кіеве і Адэсе, а зараз праходзіць анлайн да 18 снежня і для Беларусі. Над фестывалем працавалі беларускія медыйшчыкі і грамадскія актывісты, якія на радзіме ў свой час праводзілі фестываль правоў чалавека «Watch Docs Belarus».
Суарганізатарка «1084» Таццяна Гацура-Яворская распавяла budzma.org пра тое, як узнікла ідэя фестывалю, як на яго рэагуе ўкраінскае грамадства і ці магчыма адбудаваць культурны мост паміж краінамі, калі звычайныя масты бамбяць і ўзрываюць.
Фота са старонкі Таццяны Гацура-Яворскай у Фэйсбуку
— Львоў, дзе вы зараз жывяце, расіяне бамбяць дакладна раз на тыдзень. Цяжка ўявіць, як жыць у такіх умовах, а вы пры гэтым праводзіце фестываль. Як у вас атрымоўваецца? І адкуль бяруцца сілы?
— Я зараз жыву ў Кіеве, а вось мае сябры ў Львове. Кіеў больш «трывожны», яго часцей бамбяць, але галоўная праблема ў нас агульная — электрычнасць. Але да ўсяго прызвычайваешся, жывеш і працуеш далей з улікам абставін. Сілы бяруцца з усведамлення, што Пуцін таго і дамагаецца, а Лукашэнка таго б і хацеў — каб усе склалі лапкі, сядзелі панурыя і нічога не рабілі.
А яшчэ сілы мы даем адно аднаму ў камандзе і атрымоўваем са сваёй жа актыўнасці — нешта зрабілі разам, атрымалася — і ўжо верыш, што можаш зрабіць яшчэ і яшчэ.
Ну і наша дзейнасць насуперак усяму — не ўнікальная тут, усе актыўныя грамадзяне і неграмадзяне ўвесь час робяць двіж, збіраюць ахвяраванні, змагаюцца на мірным фронце.
— Калі б Расія не пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну 24 лютага, ваш фестываль мог бы з’явіцца? Што стала важным трыгерам, каб яго правесці?
— Скажу шчыра, асабіста я ў бок нейкіх культурных грамадскіх праектаў, якія б інфармавалі народы дзвюх краін, стваралі ўмовы для дыскусіі, ніколі не глядзела. Я жыла стэрэатыпам, як і большасць людзей, што мы ўсе добра адно пра аднаго ведаем і ўвогуле вельмі блізкія народы.
Пасля 24 лютага для мяне адкрылася новая рэальнасць, і асабліва балюча, што аказалася — украінскія СМІ не асабліва раней асвятлялі сітуацыю ў Беларусі, а цяпер, пасля агрэсіі з тэрыторыі Беларусі, ім як бы і не камільфо. То-бок інструментаў даносіць інфармацыю пра Беларусь шырокай грамадскасці сёння тут мала.
Паказы нашых фільмаў пра Беларусь — гэта спроба хоць неяк паўплываць на сітуацыю. Але ж калі казаць пра трыгер, то, напэўна, трыгерам былі не ўкраінцы і клопат пра нашы адносіны, а беларусы ўнутры Беларусі. Хацелася зрабіць мерапрыемства менавіта для іх, падтрымаць тых, хто застаецца ўнутры краіны і чуе ў свой бок абвінавачанні. Мы хацелі не толькі паказаць кіно для іх, хацелі таксама запісаць звароты ў падтрымку ад украінцаў. Але гэта частка, буду шчырай, не атрымалася. Шмат хто пагаджаўся і казаў, што гэта важна, але на справе ў нас адзін відос ад кіеўскай адвакаткі.
— Чаму вырашалі будаваць канект з украінскай супольнасцю менавіта праз культуру, прагляд кіно? Іншыя фарматы менш удалыя?
— Не магу казаць за ўсе фарматы, бо пакуль асабіста ў мяне спроба была праз фестываль кіно. Дарэчы, у рамках фестывалю таксама праходзіць выстава плакатаў Цэслера. Яна ўжо адбылася ў Адэсе, у Музеі заходняга і ўсходняга мастацтва, і з 13 снежня будзе ў Львове ў вулічным фармаце. Пачалі з фестывалю, бо тут у мяне ёсць вялікі досвед. Але было вельмі шмат перасцярог, бо аўдыторыя зусім новая, я ніколі нічога не рабіла для ўкраінцаў і на іх тэрыторыі. Таму і праграма ва Украіне зусім маленькая, хутчэй такі пілот, каб зразумець настроі і адчуць глебу, вывучыць аўдыторыю, знайсці партнёраў.
«Тато» мы заўсёды паказвалі першым, гэта была такая прамая сувязь паміж Беларуссю і Украінай: гераіня — украінка, а над фільмам працавала ў тым ліку беларуска. Далей фільмы пра 2020 год і адлюстраванне рэальных магчымасцей рэалізацыі для моладзі ў Беларусі, бо існуе стэрэатып ва Украіне пра Беларусь як «краіну для жыцця». Хацелася паказаць, што насамрэч.
Цяпер нам значна прасцей планаваць мерапрыемствы на будучыню, ужо ёсць пэўны досвед, разуменне, што ўкраінская аўдыторыя цікавіцца нашай павесткай.
— Датычна беларускіх стужак, цікава, як гледачы рэагавалі на фільм «Смеласць», прысвечаны пратэстам. Якія меркаванні ад украінцаў вы пачулі?
— Мы гэтага не чакалі, думалі, што цягнік сышоў і найменш цікава ўкраінцам падчас поўнамаштабнай вайны глядзець пра беларускі супраціў, і памыліліся. Найбольшы інтарэс якраз быў да гэтага фільма. У Кіеве зладзілі дадатковы паказ і нават запыталі ў прысутных, колькі беларусаў і ўкраінцаў — беларусаў было 10% поўнага зала. У Адэсе таксама прыйшло больш за ўсё гледачоў менавіта на «Смеласць», і цікава, што былі зусім маладыя хлопцы, гадоў 20-22. Самае папулярнае пытанне было — чаму ж усё-ткі ў вас не атрымалася? Ну і ўсе казалі, што не ведалі ані пра маштабы пратэстаў, ані пра маштабы рэпрэсій.
Фота са старонкі Грамадскага аб’яднання «Звяно» ў Фэйсбуку
— Якія водгукі ідуць ад простых украінцаў і мясцовых медыяў датычна вашага фестывалю? Больш ухваляюць ці крытыкуюць?
— Ха. Ігнаруюць. У СМІ нічога амаль не пісалі пра наш фестываль, некалькі нататак. Гэта, як я казала, магчыма, не камільфо, а магчыма, гэта не такая вялікая падзея для СМІ, бо ўвесь час адбываюцца нейкія паказы, канцэрты. На агульным фоне гэта яшчэ адно шараговае мерапрыемства. СМІ б паспяваць пісаць пра розных зорак, якія прыязджаюць ва Украіну штотыдзень. То Джалі, то Бэнксі і г. д.
Так што ні адмоўнага, ні пазітыўнага. Але ў сацсетках шмат пісалі самі гледачы, рабілі сторыз, пасты. Мы гэта адсочвалі, і там не было ніякага негатыву, наадварот, падтрымка і падзякі за івэнты.
— Мэтай фестывалю з’яўляецца збор грошай на расходныя матэрыялы для апаратаў вакуумнай тэрапіі ран. Якія ваші поспехі ў зборы сродкаў? Хто больш за ўсё данаціць?
— Больш за ўсё данацяць беларусы, на другім месцы самі ўкраінцы. Беларусы данацяць з розных краін свету і з тэрыторыі Беларусі таксама. На дадзеным этапе мы сабралі 30 тысяч з 50 запланаваных. Падчас паказаў ва Украіне ў трох гарадах мы сабралі тысячу еўра. Гэта крыху больш за 2% ад збора. Цяжка прадказаць, ці збяром усе 100%, дэдлайн у нас зараз — канец студзеня. Пасля гэтага будзем закупаць на тое, што сабралі, і дастаўляць ва Украіну расходнікі.
— Ці можа зараз культурная падзея ў ваюючай Украіне не мець адмысловую актывісцкую мэту?
— Я думаю, што так, хаця, здаецца, скрынка ці картка на данаты для ЗСУ амаль на кожным мерапрыемстве. Гэта такая звыклая ўжо дэталь. Таксама як і пры продажы квіткоў пазнака, што частка грошай ідзе некуды таксама для фронта. Дарэчы, наш партнёр, анлайн-кінатэатр «Такфлікс», таксама частку грошай з квіткоў пералічае на ЗСУ, гэта з’явілася пасля 24 лютага. Я думаю, что 90% культурных мерапрыемстваў усё ж так ці іначай дапамагаюць фронту.
Фота са старонкі Таццяны Гацура-Яворскай у Фэйсбуку
— Па ўласным досведзе магу сказаць, што адносіны ўкраінцаў да беларусаў зараз знаходзяцца ў спектры ад нянавісці да спачування. А як вы назіраеце гэтае стаўленне знутры Украіны?
— Маё атачэнне — гэта ўсё ж людзі, якія разумеюць сітуацыю і даўно мяне ведаюць. З украінцамі я знаёмлюся, калі перадаю дапамогу, і тут толькі адзін выпадак быў прамога наезду. Гэта было ў вайсковым шпіталі ад лекара, які перажыў акупацыю ў Бучы. Астатнія адносіліся з павагай і ўдзячнасцю да мяне. На вуліцах, калі я знаёмлюся, напрыклад, з сабачнікамі, то хутчэй да мяне ставяцца са здзіўленнем і асцярожнасцю. Нібыта ўпершыню пабачылі беларуса, здаецца, з варожай тэрыторыі, але выглядае нармальным. То-бок з нянавісцю, калі гэта можна так сказаць, сутыкнулася аднойчы. Эмпатыі ні ад кога не адчувала ўвогуле.
— Цікава, ці раздзяляюць украінцы, з якімі вы стасуецеся, беларускую ўладу і беларускае грамадства? І ці бачыце, як змянілася стаўленне да асобы Лукашэнкі, рэйтынг адабрэння якога ва ўкраінскім грамадстве быў даволі высокі да 24 лютага?
— Зноў жа тыя ўкраінцы, якіх я ведала раней, разумеюць, хто такі Лукашэнка і аддзяляюць ад яго асобы і палітыкі народ. А з астатнімі мы калі і гаварылі пра Лукашэнку, то ўсе яго ненавідзяць і ніхто не прызнаўся, што раней яго любіў. Хаця чула не раз, што раней да дыктатуры ў Беларусі было лёгкае стаўленне, ціпа якая там дыктатура, хіханькі-хаханькі з яго селектарных паседжанняў, затое не крадуць, як у нас, прадпрыемствы працуюць.
Карацей, катастрофа з правамі чалавека не бачылася з Украіны і не бачылася пры турыстычных паездках у Брэст ці Мінск. Так што змянілася стаўленне, на мой погляд. Увогуле і для беларусаў, і для ўкраінцаў цяпер відавочна, чым кепскія дыктатуры і да чаго яны прыводзяць. Гэта цяжкі, але важны ўрок нам усім.
— Чалец вашай каманды Аліна Рудзіна падчас стрыма на «Еў*р*р*д*ё» казала, што культурнае жыцце Кіева і Львова віруе. Ці шмат культурных падзей адбываецца зараз ва Украіне, улічваючы створаны расійскімі войскамі наўмысны «блэкаут»?
— Ну спачатку ўсе прызвычаіліся праводзіць мерапрыемствы ў бамбасховішчах, бо калі трывога, арганізатары абавязаны спыняць імпрэзы. Цяпер новы выклік — адсутнасць электрычнасці. Але тут ужо таксама ўсё адпрацавана. Падчас нашага фэста ў Кіеве, у нашым кінатэатры-сховішчы амаль заўсёды не было святла, але будынак быў падлучаны да генератара і гэта ніяк не ўплывала на падзею. Нязручна было цёмнымі вуліцамі дабірацца да лакацыі, але калі дабраўся, то ніякай розніцы. Тое самае ў Адэсе — кіно паказвалі на генератары. Пацярпела толькі выстава, бо музей на гэты час закрываўся, гэта было звязана з сістэмай аховы, нельга было пакідаць наведвальнікаў у залах, калі электрычнасці няма. Але да гэтага ўсе прызвычайваюцца. Усе працуюць і не зважаюць на гэтыя дэталі.
І ў Львове, і ў Кіеве культурнае жыццё ідзе інтэнсіўна.
— У Беларусі вы раней праводзілі фестываль пра правы чалавека Watch Docs Belarus, які адбыўся афіцыйна апошні раз у 2020 годзе. Праект на паўзе ці ўжо афіцыйна зачынены? І што сталася з былой камандай?
— Насамрэч апошні фэст афіцыйна быў у 2021. Ён праходзіў для беларусаў таксама анлайн, і гледачоў нашай праграмы было каля 3 тысяч. Зараз праект на паўзе, я спадзяюся, што мы яго адновім адразу, як можна будзе вярнуцца дадому. Каманда зараз у розных краінах, у розных статусах, мы падтрымліваем сувязь, але не працуем разам. Фестываль «1084.На мяжы» зроблены цалкам новай камандай, з якой мы ніколі раней не працавалі. Але, думаю, у нас добра атрымалася.
— Бачыў, што польскі Watch Docs зараз пачаў паказваць беларускае кіно анлайн. Атрымоўваецца, зараз палякі працягваюць былую місію вашага фэста?
— Можна так сказаць. Я заўсёды рада, калі беларускае кіно даступна як мага на большай колькасці пляцовак. Добра, што калегі не губляюць цікавасці да беларускай павесткі і даюць магчымасць сваёй аўдыторыі ўбачыць і пачуць пра Беларусь.
— Чытаў, што ідея фестывалю паўстала пасля лекцыі пра расстралянае ў 30-я гады ўкраінскае адраджэнне. А якія яшчэ кропкі судакранання беларусаў і ўкраінцаў Вы бачыце, акрамя нашага агульнага траўматычнага савецкага мінулага? Ці трэба іх адмыслова шукаць і распрацоўваць?
— Пасля лекцыі паўстала ідэя не фестывалю, а правесці «Ноч нерасстраляных паэтаў». Гэта Аліна Рудзіна была ініцыятарам. Але гэта імпрэза стала адкрыццём усяго фэсту, і толькі падчас яе я ўсвядоміла, наколькі гэта трапна, і лепшага адкрыцця для такога фестывалю мы б ніколі не прыдумалі. Там гучалі вершы беларускіх расстраляных паэтаў, вершы замардаваных камуністамі ўкраінскіх паэтаў і творы нашых сённяшніх палітвязняў — становіцца відавочна, што мы ўсе ў адной лодцы, што мы аднолькава пацярпелі і супрацьстаялі дыктатуры, але на сёння беларусам даводзіцца змагацца з гэтым злом зноў. Сядзець у турмах, трываць там гвалт і катаванні, паміраць, але пісаць вершы, даносіць свае думкі, веру і не пагаджацца на зло. Гэта раней праходзілі абодва народы, і яны нічога не маглі зрабіць з гэтым злом. Добра, калі ўкраінцы могуць паглядзець на сітуацыю ў Беларусі праз гэту прызму. Бо відавочна, што ў смерці Васіля Стуса вінны камуністы і сістэма, а не грамадства, якое не ўзброілася і нібыта дазволіла яго закатаваць.
— Сімвалічна, што «1084» названы ў гонар памеру беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, на якой зараз будуецца плот. Гэта падзея робіць ідэю будавання моста паміж народамі марным? І чаму?
— Развалілі Берлінскую сцяну, разваліцца і гэты плот. Пытанне толькі калі. Я думаю, што гэта будзе няхутка. Спачатку трэба, каб развалілася дыктатура і мы вярнулі кіраванне дзяржавай народу. Толькі пасля гэтага мы зможам будаваць адкрыты дыялог з украінцамі на ўзроўні дзяржавы, а не на ўзроўні актывізму. Але актывізм важны, каб глеба была падрыхтаваная, каб украінскае грамадства разумела і ведала, што дыктатура — гэта не народ, і народ ёй супраціўляецца, што мы супраць «русского мира», і ў нас еўрапейскія каштоўнасці, што мы не чакаем, а дапамагаем сёння Украіне выстаяць у страшны час. Гэта ўсё важна, і таму варта працягваць.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org