У пошуках беларускіх слядоў пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута выправілася ў падарожжа па Лацінскай Амерыцы. Спачатку Ганна Янкута наведала Мантэвідэа — горад дзяцінства беларуска-іспанскага перакладчыка, пісьменніка, заснавальніка Беларускага ПЭН-цэнтра Карласа Шэрмана. Калі Карласу было 6 гадоў, яго сям’я пераехала з Мантэвідэа ў Буэнас-Айрэс. Туды скіравалася і Ганна Янкута, тым самым шляхам, што і сям’я Шэрманаў. Што яна ўбачыла ў дарозе і як сёння выглядае срэбная рака Карласа Шэрмана, чытайце ў эсэ Ганны Янкуты.
Дарога з Мантэвідэа ў Калонія-дэль-Сакрамэнта
Еду аўтобусам з Мантэвідэа ў Калонія-дэль-Сакрамэнта, гэта тры гадзіны дарогі. Краявіды амаль беларускія: акуратныя палі з рэдкімі праслойкамі лясоў, Уругвай — раўнінная краіна з развітой сельскай гаспадаркай. На палях цвіце рапс. Калі не прыглядацца, здаецца, што ты дома. Калі прыгледзецца — у зарасцях сярод лісцвяных дрэваў высяцца пальмы, у лістоце пырхаюць чужыя птушкі.
Від на Буэнас-Айрэс з парома
Сям’я Шэрманаў перабралася з Мантэвідэа ў Буэнас-Айрэс, калі Карласу было шэсць гадоў. Гэта значыць, у канцы 1940-м ці ў 1941-м, калі дадаць шэсць гадоў да яго даты нараджэння — 25 кастрычніка 1934 года. У Аргенціну яны ўцяклі ад крызісу. У 1929 годзе ў ЗША пачалася Вялікая дэпрэсія, якая неўзабаве распаўсюдзілася на іншыя краіны, у тым ліку на Уругвай: знізіліся цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю і вырасла беспрацоўе. А ў 1933 годзе ўладу ў краіне захапіў генерал Габрыэль Тэра, усталявалася дыктатура. Новы ўрад зладзіў у 1934 годзе рэферэндум, прыняўшы сваю версію канстытуцыі, і паспрабаваў заткнуць дзіркі ў эканоміцы, пазбаўляючы людзей правоў. Праз 5 гадоў улада перайшла да паплечніка і сваяка Тэра Альфрэда Бальдаміра, які неўзабаве вярнуў ранейшую дэмакратычную канстытуцыю і ў 1943 годзе пакінуў прэзідэнцкую пасаду. Але Шэрманы гэтага ўжо не заспелі, на той момант яны трывала аселі ў суседняй краіне.
Жудасны вопыт бяссілля
Шукаю ў розных крыніцах, які дакладна гэта быў год: 1940 ці 1941. Мне здаецца, усё ж 1941. Па-першае, Шэрман паспеў пахадзіць ва ўругвайскую школу (і саму школу, і сваю першую настаўніцу, сеньёру Элену, ён згадвае з вялікай цеплынёй), па-другое, у «Блуканцы» ён апісвае, як яго бацька, Гірш Шэрман, яшчэ ў Мантэвідэа сачыў за ходам Другой сусветнай вайны — на той момант яна ўжо дабралася і да Беларусі.
«Пачалося сусветнае гора вайны, якая ўстрывожыла свет, і бацька набыў у растэрміноўку вялізны ды ўрачыста аздоблены прымач «Тэлефункен». Штоноч адбываўся сеанс чарадзейнага пошуку нябачных хваляў ды слухання франтавых навінаў, якія немінуча тапталі, знішчалі бацькаву радзіму. <...> На сцяне каля прымача з’явілася мапа далёкай, невядомай мне Еўропы, і бацька прымацоўваў самаробныя сцяжкі, рушыў іх на ўсход, пакідаючы цэлыя вобласці ў жахлівых вядзьмарскіх праколінах».
Шэрман расказвае, як бацька перажываў катастрофу на адлегласці, калі няма магчымасці дапамагчы і «адно, што застаецца — гэта лавіць хвалі ды ведаць, асэнсаваць, трансфармаваць веды ў жудасны вопыт бяссілля». Жудасны вопыт бяссілля — так могуць апісаць свой стан многія з нас, калі дзякуючы інтэрнэту за любой катастрофай можна назіраць ледзь не ў прамым эфіры і пры гэтым заставацца толькі маўклівымі сведкамі, аддзеленым ад месца дзеяння камп’ютарным экранам. І спосабы справіцца з гэтым бяссіллем застаюцца тыя самыя: у «Блуканцы» згадваецца, як колішнія землякі збіраюцца разам і пакуюць дапамогу франтавікам — цёплую вопратку і абутак — і як пасля, нягледзячы на высокія тарыфы ваеннага часу, адпраўляюць усё гэта за акіян.
Шляхі да Буэнас-Айрэса
Карлас Шэрман так апісвае шляхі да Буэнас-Айрэса: «...Колаваму параходу трэба было праплыць ноч, а раніцой маленькі гідраплан на тузін пасажыраў пралятаў над тым жа шляхам прыблізна за пару гадзін ды рабіў пасадку на рацэ побач з набярэжным праспектам ды муніцыпальным пляжам, насупраць аэрапорту імя Хорхэ Ньюбэры, заснавальніка аргентынскае авіяцыі».
З той пары ні параходаў, ні гідрапланаў на гэтым маршруце не засталося, а час падарожжа зменшыўся ці проста адлегласці ў свеце зрабіліся карацейшымі. Цяпер дабрацца з Мантэвідэа да Буэнас-Айрэса можна прамым паромам за 2 гадзіны 45 хвілін, а самалёт даставіць з аднаго аэрапорта ў другі ўсяго за 55 хвілін. Але я выбіраю таннейшы і крыху даўжэйшы варыянт: спачатку 3 гадзіны аўтобусам да старога гарадка партугальскіх перасяленцаў Калонія-дэль-Сакрамэнта (сама назва якога шмат гаворыць пра яго гісторыю) і адтуль яшчэ гадзіну 15 хвілін паромам да аргенцінскай сталіцы. Маршрут цяпер вымяраецца строга да хвіліны, у адрозненне ад колішніх «прыблізна за пару гадзін» — зрэшты, судна ўсё адно адчувальна спазняецца, да таго ж, даводзіцца пастаяць у чарзе на праверку пашпартоў.
На пароме
Ла-Плата — бурая і хвалістая, і калі апошнія промні сонца на заходзе кранаюцца яе паверхні, колер набывае шаравата-блакітнае адценне, каламуць зноў ператвараецца ў срэбра. У гэтым месцы яна расцягнулася ўшыркі на 40 кіламетраў, да Атлантычнага акіяна тут далей, чым у Мантэвідэа, хаця адчування таго, што перасякаеш раку, усё адно няма. Насустрач плыве судна іншай кампаніі — на гэтым маршруце дзейнічаюць два перавозчыкі. Усяго яны робяць 9 рэйсаў на дзень, нябачнымі сцяжкамі сшываючы процілеглыя берагі. Вецер моцны, і паром гайдае, з наветранага боку яго раз за разам абдае пырскамі. Я сяджу на палубе ля процілеглага борта, проста на дошках, бо крэслаў мала, яны ўсе занятыя. Нас такіх шмат — пасажыраў, што паселі там, дзе сушэй, не ўсім хочацца спускацца ў нутро карабля з шэрагамі сядзенняў як у самалёце і крамай дзьюці-фры (слодычы і алкаголь: усю дарогу там чэргі). Тым больш над вадой — такі заход. Многія, нягледзячы на гайданку, п’юць матэ — насыпаюць здробненага лісця падубу ў кубак, падліваюць з тэрмаса гарачай вады і цэдзяць гаркавую вадкасць праз трубачку-бамбішу.
Падарожжа за часамі Карласа Шэрмана
Мне цікава, як такое падарожжа магло праходзіць за часамі Карласа Шэрмана. Шукаю ў інтэрнэце. У 1914 годзе спецыяльна для начных рэйсаў паміж аргенцінскай і ўругвайскай сталіцамі ў Вялікабрытаніі былі набытыя два параходы, якія атрымалі назвы «Горад Мантэвідэа» і «Горад Буэнас-Айрэс». Падарожнічаць на іх можна было першым ці трэцім класам, і яны набіралі хуткасць да 30 км/г.
Магчыма, гэтыя параходы Карлас Шэрман і згадвае ў «Блуканцы» і менавіта на адзін з іх яго бацькі набылі білеты, каб пачаць новае жыццё.
Рака і дзяржаўны тэрарызм
Расказваючы пра сваю Лацінскую Амерыку, Карлас Шэрман не аднойчы згадвае Ла-Плату. «Калі ў нядзелю пасля сняданку ішоў з сястрою на шпацыры, я заўсёды прасіў яе пайсці да берагу. Там яна чытала на лаўцы, а я пазіраў на водныя прасторы, якія захоўваюць таямніцы неўтаймаванай моцы і шаленства».
Але ці тая самая рака каціць цяпер перада мной свае хвалі?
Моц і шаленства Ла-Платы ў тыя часы — не больш як вобразнае апісанне рачной плыні, паэтычнае вымярэнне яе гідралагічных характарыстык. Тады Карлас Шэрман наўрад ці мог уявіць, што яна зробіцца магілай для тысяч чалавек. Месцы, якія мы памятаем з дзяцінства, змяняюцца, зноў і зноў напаўняючыся трагедыямі. У 1976 годзе ў выніку перавароту да ўлады ў Аргенціне прыйшла ваенная хунта на чале з генералам Хорхе Рафаэлем Відэлам, і да 1983 года рэжым вёў са сваім народам «Брудную вайну», падаўляючы незадаволенасць людзей выкраданнямі, катаваннямі і забойствамі. Адным са спосабаў знішчыць рэальных ці ўяўных апанентаў і зацерці сляды злачынстваў былі так званыя «палёты смерці» — людзей скідвалі з верталёта ў Ла-Плату. Для гэтых і іншых злачынстваў аргенцінцы прыдумалі вельмі трапнае вызначэнне: дзяржаўны тэрарызм.
«Тут жыла Марыя Феліса Тырынанці, актывістка, — чытаю я на таблічцы, якую заўважаю падчас шпацыру ў Буэнас-Айрэсе, — 23 снежня 1978 года арыштаваная і зніклая без вестак праз разгул дзяржаўнага тэрарызму». Дакладная колькасць ахвяр «палётаў смерці» невядомая, як невядомыя імёны многіх забітых.
Скульптура, прысвечаная ахвярам дзяржаўнага тэрарызму
Я ў парку Памяці ў Буэнас-Айрэсе, гляджу на скульптуры, прысвечаныя ахвярам дзяржаўнага тэрарызму, у тым ліку «палётаў смерці». Адна з іх — у выглядзе геаметрычных контураў, яны як рамы, якія заключаюць у сабе фрагменты воднай прасторы. У скульптуры няма назвы, яе аўтар — Раберта Айзенберг, праца прысвечаная гісторыі яго сям’і. Трое дзяцей яго партнёркі, Матыльды Эрэра, былі за часамі дыктатуры выкрадзеныя і зніклі без вестак — двое сыноў і дачка, яна была цяжарная. Пустата, выразаная з вакольнага пейзажу рамамі скульптур, сімвалізуе бясследнае знікненне іх цел, іх растварэнне ў вадзе, і ў той жа час — нязменную прысутнасць побач з намі ўсе гэтыя гады, гаворыцца на шыльдзе з тлумачэннем.
Ла-Плата ля музея Памяці
Шлях у бок аэрапорта
«...На кожным скрыжаванні я любаваўся вулкамі, якія збягалі да зусім блізкага пясчанага берагу, да водных даляглядаў ракі Ла-Плата пад сонцам, якія раз-пораз мне дасюль сняцца. Мусібыць, далягляды рассоўваюць межы ўяўлення. Відаць, я нібыта насіўся па хвалях, шукаючы штосьці істотнае, што не знойдзена і па сёння» (Карлас Шэрман, «Блуканец»).
Ад парку Памяці рухаюся ў бок аэрапорта «заснавальніка аргенцінскае авіяцыі» Хорхэ Ньюбэры, аднаго з двух у аргенцінскай сталіцы. Гэты, меншы, абслугоўвае пераважна ўнутраныя рэйсы і рэйсы ў межах Лацінскай Амерыкі. Ён быў акрыты ў 1947 годзе, то-бок ужо пасля пераезду Шэрманаў — відаць, у «Блуканцы» згадка пра яго ў апісанне дарогі з Мантэвідэа ў Буэнас-Айрэс заблукала з іншага часу. Другі, аэрапорт міністра Пістарыні, ці Эсэйса, дзейнічае з 1949-га; ён знаходзіцца ў прыгарадзе і прымае ў асноўным міжнародныя рэйсы. Цяпер я хачу паглядзець, ці застаўся ля аэрапорта Ньюбэры, ці, як яго тут называюць, аэрапарка, хоць нейкі след ад згаданага Шэрманам муніцыпальнага пляжа.
Крочу набярэжным праспектам, avenida costanera. Ад Ла-Платы пахне рыбай і вільгаццю — не акіянам. Неба ў доўгіх хвастах аблокаў — відаць, яго пакрэслілі самалёты. Адзін ідзе на пасадку, спераду ён падобны на НЛА, талерку з агнямі. З пляцоўкі на пагорку ўзбоч праспекта можна назіраць, як самалёты прызямляюцца, часта, кожныя пяць хвілін. Аргенціна — вялізная краіна, тутэйшыя гарады аддзеленыя адзін ад аднаго прасторамі пампы ці пустыннымі горнымі ланцугамі. Таму ўнутраныя пералёты тут — такая ж будная з’ява, як паездкі аўтобусам, часам ляцець нават танней, чым ехаць. З пад колаў вырываецца воблачка дыму — першы раз бачу так блізка, як самалёт сядае.
Самалёт сядае
Куды знік пляж
Не падобна, каб недзе побач быў пляж: дарога адгароджаная ад вады бетонным борцікам, да берага не спусціцца. За борцікам брудна ці, хутчэй, гразка, гэта не бераг нават, а проста намыла хвалямі пяску.
Уздоўж ходніка ідзе роварная дарожка, і ўсю дарогу я не бачу на ёй ніводнага ровара. Магчыма, несезон, пятнаццаць градусаў тут — ужо зіма, пры такой тэмпературы сабакам апранаюць цёплыя касцюмчыкі. Затое на кожны зялёным лапіку зямлі — у скверыках і на газонах — адпачываюць людзі: тэрмасы, кубкі для матэ, бамбішы. У Буэнас-Айрэсе пятнаццаць мільёнаў жыхароў, гэта гіганцкі горад, які ўваходзіць у дваццатку самых вялікіх у свеце, і паркаў для такой колькасці людзей у ім замала. Зеляніны хапае хіба што ў дарагім і прэстыжным раёне Палерма. Наўзбоч — шапікі-кавярні з грыляваным мясам, латкі з салодкім і гронкі зялёных папугаяў на галінках, якія выпрошваюць ці крадуць ежу.
Узбярэжжа Ла-Платы
А вось муніцыпальнага пляжа нідзе няма.
І каб зразумець, куды ён знік, можна звярнуцца да іншага тэксту Карласа Шэрмана, эсэ «Аргентына: вяртанне праз паўжыцця», якое ён напісаў пасля таго, як у 1988 годзе зноў пабываў у Буэнас-Айрэсе на міжнародным кніжным кірмашы. У гэтым эсэ Шэрман так расказвае пра сваю сустрэчу з ракой: «А вось проста фізічна ўвайсці ў раку Ла-Плата, дзе я гэтак часта купаўся, адчуваючы свежасць бязмежнай воднай прасторы і паўднёвую ласку сонца нада мною, я ўжо не змог. Ціхі сум агарнуў душу, калі на беразе майго юнацтва выказалі мне яшчэ адну горкую праўду: забаронена купацца, не раіцца есці рыбу, якая надзіва дасюль жыве ў рацэ. Аргентынскі, заходні бераг Ла-Платы атручаны моцнай глеістай плынню, якая з нізоўяў ракі Паранà нясе прамысловыя адыходы. <...> Двойчы ўвайсці ў раку Ла-Плата майму пакаленню не дадзена».
З тых часоў купацца ў Ла-Плаце ў Буэнас-Айрэсе і іншых гарадах аргенцінскага ўзбярэжжа так і не дазволілі, таму захоўваць старыя пляжы ці ўладкоўваць новыя, асабліва ў цэнтры горада, не мае сэнсу. Увайсці ў Ла-Плату можна хіба што на ўзроўні Мантэвідэа, там, дзе рачная вада ўжо змешваецца з акіянічнай. Гэтак жа было і ў 1988 годзе: «А іншая плынь ракі нясе чыстыя, празрыстыя воды на ўсходні, уругвайскі бераг, на шырокую паласу тонкага, залацістага пяску. Там пакуль купаюцца, але наўрад ці мне давядзецца парушыць даўнюю філасофскую думку і ўлезці ў тую ваду яшчэ раз».
Бераг Ла-Платы ў Буэнас-Айрэсе
А вось з рыбай сітуацыя змянілася: цяпер на буэнас-айрэскім узбярэжжы рыбакоў хапае, і хаця іх усё яшчэ менш, чым у Мантэвідэа, жаліцца, што рыба не бярэ, яны напэўна не будуць. Кожны раз, гуляючы ўздоўж ракі, я бачу людзей з вудамі, і кожны раз дзе-нідзе паплавок пачынае тузацца і ў нейкі момант знікае пад вадой, пасля чаго шчаслівы лавец выцягвае на бераг срэбную рыбіну. У Ла-Плаце нават ёсць свой від дэльфінаў, але колькі я ні ўглядалася ў далягляд, плывучы паромам ці шпацыруючы ўзбярэжжам, мне ні разу не пашчасціла іх заўважыць. Жнівень-верасень тут — гэта халодны сезон, і большая частка дэльфінаў яшчэ качуе на поўначы. Бо вырай у гэтай частцы свету — і ёсць поўнач, і толькі антыподы могуць сцвярджаць, што насамрэч усё мусіць быць наадварот.
Дзякуй Балтыйскаму цэнтру пісьменнікаў і перакладчыкаў, Шведскаму саюзу пісьменнікаў і Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменнікаў за магчымасць працаваць над гэтым цыклам эсэ на рэзідэнцыі ў г. Вісбю (Швецыя).
I’m grateful to the Baltic Center for Writers and Translators, the Swedish Writers’ Union and the International Belarusian Writers’ Union for the possibility to work on this series of essays at the residence in Visby (Sweden).
Фота аўтаркі (апроч не пазначанага)
Ганна Янкута, Budzma.org