“Трэнд 2019 года: мець дома або ў офісе насценны каляндар са Сталіным”, – паведамляе “Маскоўскі камсамолец”. Паводле інфармацыі выдання, энтузіясты з Екацярынбурга выдалі насценны каляндар з цытатамі Сталіна, які адразу ж займеў вялікі попыт у маскоўскіх кнігарнях.
Да гэтага варта дадаць, што цана на календара зусім не камсамольская – 450 расійскіх рублёў за штуку. За такія грошы можна і кнігу добрую купіць. Для небагатых аматараў сталіншчыны стваральнікі распрацавалі бюджэтную версію – аднастаронкавы варыянт, які каштуе ўсяго 40 рублёў. А першапачаткова грошы на выданне календара збіралі праз краўдфандынгавую кампанію. Прычым кампанія аказалася больш чым паспяховай: замест заяўленых 150 000 сабралі 232 450 рублёў.
Выдаўцы, паводле ўласнай дэкларацыі, такім чынам імкнуцца актуалізаваць самыя розныя выказванні Сталіна пра сацыялізм, капіталізм і ідэалы бальшавізму, якія прыдадуцца і сёння. На іх думку, гэта паспрыяе папулярызацыі камуністычных ідэй у расійскім грамадстве.
Сам жа каляндар дастаткова мульцяшны. Намаляваны ён прыгожа, але зусім не ў стылі часоў, калі “вождь всех народов” знаходзіўся ў вертыкальным становішчы. Яшчэ менш гэтаму стылю адпавядае аднастаронкавая версія. А цытата “Бог помогает большевикам!”, якая, трэба думаць, выбраная ў якасці лозунга, канчаткова расстаўляе ўсё па сваіх месцах: рэальнымі сталінскімі ідэямі тут нават і не пахне.
Мы жывём у сапраўды дзіўны час: у кагосьці на дварэ яшчэ постмадэрнізм, а недзе ўжо надышоў постпостмадэрнізм – усё залежыць ад календара, паводле якога жывеш. Здаецца, цяпер самы час не проста міксаваць у адным кактэйлі самыя неспалучальныя інгрэдыенты, але і адвольна інтэрпрэтаваць іх. Як хочаш, так і разумей!
Я доўга думаў над тым, якім чынам мог адрадзіцца культ Сталіна. Раней здавалася, што пасля ўсіх гэтых кніг, фільмаў ды перадачаў у прайм-тайм пра злачынствы камуністычнага рэжыму ў часы яго кіравання каму-каму, а яму дакладна не знойдзецца месца ў пантэоне сучаснай моладзі. Знайшлося. Людзей сталага веку, якім ён сімпатычны, я яшчэ разумею: пры ім была іх шчаслівая маладосць ці дзяцінства. Але як яго могуць цытаваць, захапляцца ім людзі, якім цяпер плюс-мінус 30 гадоў, а то і зусім маладыя?
Усё насамрэч дастаткова проста: часы, калі дух сталіншчыны быў сапраўды жывыя, незваротна мінулі. Няма ўжо даўно і краіны, якой ён кіраваў. А людзей, якія жылі пры ім, з кожным годам усё меней. Больш за тое, мы перажылі эпоху, калі ў мэйнстрыме былі зусім іншыя, супрацьлеглыя, ідэі. Я памятаю часы, калі паказвалі “Стомленыя сонцам” Міхалкова ці менш вядомыя “Піры Валтасара, або Ноч са Сталіным” паводле апавядання Фазіля Іскандэра. Некалі і Эдвард Радзінскі на Першым канале ў аўтарскіх перадачах апавядаў пра начныя папойкі і нервовую атмасферу на крамлёўскіх дачах.
Як тут не згадаць і геніяльнае “Сабачае сэрца” Бартко паводле Булгакава, які зрабіў у свой час наймаднейшы кульбіт і апынуўся ў шэрагах КПРФ. Але ці было гэта кульбітам? Насамрэч нічога дзіўнага не адбылося. Многія з нібыта адданых камуністаў у часы Перабудовы перамятнуліся ў стан дэмакратаў і лібералаў, дзе знаходзіліся нібыта ў летаргічным сне да падзеяў 5-гадовай даўніны. А як “пачалося”, то зноў аказаліся ў стане “патрыётаў”, якія настальгуюць па страчанай чырвонай імперыі.
Дзіўным чынам (насамрэч не) падзеі ва Украіне супалі з адраджэннем моды на ўсё савецкае. Калі раней гэта было проста “па накатаным”, то цяпер усё болей і болей з’яўляецца розных дробязяў (і не толькі) з савецкай тэматыкай: стужак, сцяжкоў, магнітаў, маек і г.д. Пасля доўгіх гадоў забыцця усё гэта ўдыхнула новае жыццё і ў культ Сталіна. І, натуральна, напоўніла яго новым сэнсам, часам дыяметральна супрацьлеглым першапачатковаму. І гэта невыпадкова, бо ён, бадай, адзіны з савецкіх лідараў, да каго ўсю дарогу ставіліся без смеху.
Усе камуністы таемна п’юць Pepsi
Ленін без кантэксту насамрэч нікому асабліва і не цікавы. Адзін ягоны выгляд сам па сабе не прадугледжвае ідэалізацыі. Як памятаем, адбывалася яна акурат гвалтоўнымі метадамі: без цытаты Ільіча не мог з’явіцца ні адзін падручнік, партрэты, мазаікі, значкі, песні. Але папулярнага ідала не выйшла, бо цяпер піянерскі значак з надпісам “Всегда готов” можа надзець хіба якая-небудзь дзяўчынка-хіпстар. А пра “геній” Леніна згадваюць звычайна выключна ў рэчышчы Кастрычніцкай рэвалюцыі. І толькі асобныя публіцысты левага кірунку пішуць пра тое, як дбаў пра ўсіх нас самы “выбітны мысляр усіх часоў і народаў”.
Са Сталіным жа гісторыя іншая. Ніхто не возьмецца чытаць ягоныя працы, якія і чытаць насамрэч вельмі складана. Прыведзеныя на календары цытаты яскрава сведчаць пра гэта, як і агулам пра пісьменніцкія здольнасці аўтара. Але чытаць яго і не трэба, бо ўжо адзін ягоны вобраз сам па сабе стварае ўражанне “грознага, але справядлівага” лідара, практыка, але не тэарэтыка. Дайшло ж неяк да таго, што Кобу называюць “савецкім цэзарам”.
Такі “культ” пачаў складвацца яшчэ пры жыцці Сталіна, але ўвасабляўся ён не толькі адміністратыўнымі мерамі – былі ж і добраахвотнікі. У гэтым рэчышчы прыклаў вялікія высілкі Мікалай Устралаў, тэарэтык расійскага нацыянал-бальшавізму і незаслужана забыты (камуністамі і Ко) цяпер мысляр. Яшчэ ў той час Устралаў спрабаваў напоўніць сэнс Кастрычніцкай рэвалюцыі ідэямі, якія шмат у чым актуальныя акурат цяпер. Ці варта казаць, што сам Устралаў, які вярнуўся з эміграцыі ў СССР у сярэдзіне 1930-х, быў перамолаты жаронамі рэпрэсіяў у крывавым 1937-м…
Пялевіна і Сарокіна нярэдка называюць найлепшымі расійскімі пісьменнікамі, бо ўвесь той сюр, які яны апісваюць у сваіх кнігах, потым увасабляецца ў жыцці. Прыкол у тым, што “зразумець Расію” ўдалося і замежніку. Гадоў 20 таму свет пабачыў раман брытанскага пісьменніка Роберта Харыса “Архангел”, дзе якраз і ўзнятая тэма аднаўлення сталінізму ў Расіі. Потым паводле яго нават знялі аднайменны фільм з Дэніэлам Крэйгам у галоўнай ролі.
Рэч у тым, што чым далей ад той эпохі мы будзем, тым болей будзе з’яўляцца новых нечаканых версій і інтэрпрэтацый яе. Выяўляецца, што той, каго сярод ночы вынеслі тайком з маўзалея і закапалі ля крамлёўскай сцяны, чый культ развенчвалі самі ж ягоныя паплечнікі і таварышы, жывы і паціху ператвараецца ў папулярнага героя. Бо сам вобраз Сталіна настолькі размыты, што ляпіць з яго можна каго заўгодна: і эфектыўнага менеджара, і выбітнага мысляра, і нават савецкага цэзара. Спраўджваць усё адно мала хто возьмецца.
Канстанцін Касяк, budzma.by