Да 100-х угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі па старым стылі
Адзін нямецкі пісьменнік у свой час вынес прысуд беларускай сталіцы: “Мінск – адзін з самых нудных гарадоў у свеце”. А дарма, бо тут можна ўбачыць шмат цікавага. Вось, напрыклад, такая замалёўка: позні вечар, амаль пусты другі паверх адрамантаванага “Цэнтральнага”. У зале заўважная група паўночных карэйцаў, якія доўга выбіраюць сабе прадукты на вячэру.
Выдаў іх невялікі чырвоны значак з Кім Ір Сэнам і сімвалам Працоўнай партыі Карэі на грудзях аднаго з іх. Нічога шкоднага яны не набывалі: садавіна, гародніна, крыху мяса і кансерваў, некалькі бутэлек піва. Дысгармонію ў гэтай карціне стварала капіталістычная Pepsi, якой маладыя адэпты ідэй Чучхе набралі нерэальна шмат. Увесь транспарцёр на касе быў літаральна завалены бутэлькамі з сінімі этыкеткамі і словам з пяці літар, вядомым кожнаму з дзяцінства. Вось менавіта ў гэтым і ёсць логіка саўдэпіі – усе камуністы таемна п’юць колу.
Цікава, а хто-небудзь з той кампаніі адлюструе гэта ў сваім чырвоным нататніку? Рэч у тым, што ў адпаведнасці з ідэямі Чучхе, якія з’яўляюцца своеасаблівай карэйскай адаптацыяй марксізму-ленінізму, кожны карэец мае два жыцці: фізічнае і палітычнае. Жыхары Паўночнай Карэі маюць чырвоныя нататнікі, якія называюцца “Справаздача аб жыцці”. Гэта нешта накшталт дзённіка, у якім уладальнік фіксуе ўсе свае дасягненні, поспехі, памылкі і правалы, каб потым разам з аднапартыйцамі абмеркаваць іх на адмысловым сходзе. А вось набыццё Pepsi ў цэнтры Мінска – гэта дасягненне або памылка? Пытанне, канечне ж, рытарычнае, але адказ на яго вядомы загадзя.
Ці задумваецца нехта, што Мінск – гэта горад, дзе ўсё пачыналася? Побач з Плошчай Перамогі стаіць хата. Месца першага з’езду РСДРП. Ненатуральная, бо арыгінальная згарэла ў апошнюю вайну, і не на сваім месцы – раней яна стаяла там, дзе цяпер пралягае праспект Незалежнасці. А каб хата не замінала будаўніцтву новай магістралі, яе крыху пасунулі. Нават да гістарычнага для ўсіх бальшавікоў свету месца не было літасці ў гарадскіх уладаў у камуністычныя часы, а вы пра цэрквы ды касцёлы…
Менавіта ў гэтым доме, менавіта ў гэтым горадзе, менавіта на гэтым месцы, прабачце, побач з гэтым месцам, у 1898 годзе сабралася 9 чалавек. Яны не выпрацавалі агульнай праграмы, не стварылі партыі, але заклалі фундамент сваёй веры. Не прайшло і паўстагоддзя, як на сусветнай мапе паўстала першая ў гісторыі чалавецтва дзяржава працоўных і сялян, чацвёртага саслоўя.
Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, а да 1927 года ўсяго толькі Кастрычніцкі пераварот, была па сваёй сутнасці сапраўды вялікім сацыяльным эксперыментам, які мала чым саступае Вялікай французскай рэвалюцыі. Як у часы Рабесп’ера насаджваўся штучны культ Вярхоўнай істоты, так у часы, калі ва ўладзе быў Ленін, пачаў насаджвацца атэізм. І варта прызнаць, што ў сваіх эксперыментах, бальшавікі зайшлі нашмат далей, чым іхнія папярэднікі з ліку якабінцаў.
Калі французскія рэвалюцыянеры былі першымі нацыяналістамі ў сучасным сэнсе гэтага слова, то бальшавікі зрабілі першыя спробы глабалізацыі. Французы, пры дапамозе мовы і гісторыі, спрабавалі пабудаваць адну нацыю ў межах адной дзяржавы. Бальшавікі ж, наадварот, пасля сваёй перамогі фанатычна верылі, што здолеюць раздуць полымя сусветнай рэвалюцыі з раскладзенага ў Петраградзе вогнішча.
Але любая рэвалюцыя заканчваецца наступленнем рэакцыі – гэта аксіёма. Вось і гэты вялікі сацыяльны эксперымент скончыўся тым, з чаго некалі пачынаўся: галечай, галотай, войнамі, нянавісцю і няпэўнасцю ў заўтрашнім дні для простых людзей.
Дыктатура пралетарыяту скончылася дыктатам старых наменклатуршчыкаў, якія ўтульна і надзейна занялі свае цёплыя месцы, эксплуатацыя чалавека чалавекам нікуды не знікла, а пра нейкую сацыяльную роўнасць наогул не выпадае гаварыць. Камунізм так і не быў пабудаваны, найперш таму, што ад яго ўзнёслых і светлых ідэалаў першымі адмовіліся ягоныя будаўнікі. Усе гэтыя марксісцкія прынцыпы нібыта сацыяльнай справядлівасці замянілі простыя каштоўнасці кшталту “хто мацнейшы, той мае рацыю”.
Старэйшыя таварышы распавядалі, што ў канцы савецкай эпохі ніхто з моладзі не верыў у тую ідэалагічную баланду, якой кармілі ў школах, войску і ўніверсітэтах. Плакат са Шварцэнэгерам і самаробная качалка ў сутарэннях вельмі хутка замянілі піянерскі гальштук.
Камуністычная эпоха – гэта цікавы досвед, які, магчыма, трэба было прайсці, каб зразумець, што ўтопіі маюць права на жыццё хіба што ў творах мастацтва, галовах мысляроў ды літаратараў. Бо як тады камсамольскім значкам нельга было перамагчы Pepsi, так цяпер ім жа нельга перамагчы Facebook.
Канстанцін Касяк