Сто разоў можна пачуць ад пэўных людзей, што “Вільня наша”, і толкам нічога ад іх не даведацца пра беларускую прысутнасць у Вільні – мінулую і сучасную. То бок у галіне месцажыхарства вялікіх князёў усе, канечне, прафесіяналы, але канкрэтыку амаль заўсёды давядзецца шукаць. І ў дзевяці выпадках з дзесяці ўтыркацца ў інтэрнэт-версію “Вандровак па Вільні” Лявона Луцкевіча, якія зусім нядаўна былі перавыдадзеныя намаганнямі Аб’яднання беларускай моладзі Віленшчыны ў выглядзе шыкоўнага фотаальбома-даведніка.
Кніга Луцкевіча – не зусім звыклы турыстычны дапаможнік, хоць адпачатку менавіта ім і быў, бо сам аўтар правёў нямала экскурсій па беларускіх мясцінах Вільні і выкладаў матэрыял згодна з уласнаручна распрацаваным маршрутам. З іншага боку, казаць пра турызм – гэта значыць пакідаць недагаворанасць. Ці, прынамсі, істотна змяншаць значнасць гэтай кнігі.
Мабыць, асноўная каштоўнасць рознага кшталту даведнікаў у тым, што яны могуць даць табе канкрэтную інфармацыю. Калі глядзіш фотаальбом, чытаеш тэкст альбо робіш усё гэта адначасова, знаёмячыся з пэўным горадам, найперш тваю ўвагу займаюць дробныя факталагічныя штукі, дэталі, якія могуць ажывіць даўно вядомы ландшафт. Эфект прысутнасці ствараецца толькі пры наяўнасці вагомага бэкграўнду – і начытанасці, і ўласнага досведу. Адрозненне кнігі Луцкевіча ў тым, што тут захоўвалася раўнавага першага і другога. Аўтар кнігі і экскурсавод сам быў экспанатам музея, у якім працаваў. Сын ідэолага “Нашай Нівы” і прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча, зяць Зоські Верас, ён асабіста памятаў шмат каго з беларускіх дзеячаў. Кажучы пра тое, што “на гэтым месцы была (было, існавала)”, ён мог апісаць усё звышдасканала і падрабязна, таму што гэта былі не кніжныя веды, а штосьці з убачанага на ўласныя вочы. Аповеды пра Лявона Антонавіча займаюць немалое месца ў размовах з наведнікамі Вільні васьмідзясятых-дзевяностых, што паказвае істотнасць не толькі месца і часу, але і асобы ўнутры гэтых сістэмаў каардынат.
На час тых экскурсій у беларусаў, груба кажучы, мала што заставалася з беларускага. Палітыка памяці ў БССР была заідэалагізаванай, і месца даваеннай Вільні ў ёй не было – хіба як узору дзейнасці “белапольскіх фашыстаў” ці чагосьці падобнага. Вандроўкі з Луцкевічам замянялі тамы манаграфій, дысертацыі, фотарэпартажы і Google Maps. Усё, што дадалося цяпер, аднак, не адмяняе значнасці кнігі Луцкевіча. Бо, па вялікім рахунку, іншы падрабязны гайд па беларускай Вільні за дваццаць гадоў так і не з’явіўся – пры ўсёй інфармацыйнай нашай заваленасці і пры тым, што ўсё вышэйпералічанае цяпер ёсць.
Таму, можна сказаць, “Вандроўкі па Вільні” – гэта і гістарычны дакумент, і артэфакт, і адзіны актуальны дапаможнік для турыста з дакладнымі адрасамі беларускіх месцаў у горадзе. Даволі зайздросны лёс для кнігі новага часу: яна дзесяцігоддзямі жыла ў вуснай форме, стала паўдаступнай кніжачкай – падручнікам па вільнязнаўстве для мінчукоў 1990-х – і ўрэшце паўстае каштоўным падарункавым фотаальбомам у 2017-м.
Кніга пачынаецца экскурсам у далёкую мінуўшчыну, плямёны, княствы, праходзіць праз польскі і расійска-імперскі перыяд, падрабязна асвятляе нашаніўства і міжваенную пару, ставячы кропку ці шматкроп’е на гадах нямецкай акупацыі. Мабыць, пэўныя падставовыя рэчы пра Вялікае Княства, Рэч Паспалітую і “старэйшага брата”, якія важна было прагаварыць Луцкевічу ў тыя гады, цяперашні чытач можа ўспрыняць як нешта збыткоўнае. Але ў свой час такія гутаркі былі фактычна сталкерскай працай. Тут вычувалася беларускае ў савецкім беларусе. Асцярожнасць і акуратнасць луцкевічаўскіх ацэнак (асабліва датычных перыяду 1941–1945 гадоў) можа тлумачыцца і тым, што небяспечнасць сталкерскай прафесіі аўтар адчуў на ўласнай скуры. Гэткую ж лапідарнасць і лаканізм знаходзім у мемуарах і лістах Луцкевічавай цешчы Зоські Верас, якая, пры тысячах старонак рукапіснай спадчыны, вельмі нячаста дазваляла сабе адысці ад зацвярдзелага канону-масіву выбарачна прыгаданых фактаў і ацэнак.
Луцкевіч называе “Вандроўкі па Вільні” “спробай зірнуць на гэты горад вачыма беларуса”. Дарэчнай тут будзе гіпотэза, што гэтым самым кампрамісным тонам, адкрытым да дыялогу тонам аўтар звяртаецца не толькі да мінчукоў і іншых панаехалых дзядзькоў, але і мае надзею на прачытанне кнігі ўласна літоўцамі, якія ў цяперашні час, ды і даўней, далёка не заўсёды “спрабавалі зірнуць” на Вільню ў гэтым ракурсе. Тым больш цікавым паўстае паведамленне цяперашніх выдаўцоў з Аб’яднання беларускай моладзі Віленшчыны, што поўным ходам ідзе праца над літоўскамоўным выданнем “Вандровак па Вільні”.
На жаль, пры перавыданні не знайшлося месца, хаця б у падрадковых заўвагах, дадатковым звесткам і пашыраным каментарам да аўтэнтычнага тэксту Луцкевіча. Безумоўна, за апошнія дваццаць гадоў кнігу было чым дапоўніць. Выдаўцы ж засяродзіліся на новых “беларускіх кропках” – іх у дадатку, цыкле артыкулаў, апісвае Кірыл Атаманчык. Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры пры філфаку Віленскага педуніверсітэта, Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава – тое, чым апякуюцца цяпер беларусы ў Вільні. Мемарыяльныя шыльды Арсенневай, Гарэцкаму, Каліноўскаму, Ластоўскаму, Скарыну і Тарашкевічу – тое, што ўдалося ў простым сэнсе “замацаваць” беларусам у Вільні за апошнія дваццаць пяць гадоў.
Зроблена за апошнія гады не так і мала, аднак канцоўка кнігі хутчэй нагадвае пытальнік, чым клічнік. Пры шчыльнай плыні беларусаў у “Озасе” і “Акропалісе”, пры такой відавочнай набліжанасці Вільні да Мінска, другія ўдзельнікі дыялогу, уласна, самі літоўцы, значна далей адсунуліся ад усіх савецкіх традыцый, у тым ліку ад бязмежнай любові да рускай мовы, што стварыла моўны і, бадай, каштоўнасны бар’ер паміж краінамі. Гэта не толькі шэнгенскі бар’ер, але і зразумелае жаданне тытульнай нацыі бачыць Вільню перадусім літоўскім цэнтрам прыцягнення, пакінуўшы ўсю мультыкультурнасць у мінулым. Што далей чакае беларусаў Вільні і ці з’явяцца ў новых даведніках новыя беларускія кропкі прыцягнення? Вялікае пытанне, якое застаецца адкрытым.
Ціхан Чарнякевіч