У майстэрні. Фота: Ульяна Чудук
Для беларускай мастачкі Таццяны Кандраценка 2020 год стаў штуршком, каб змяніць жыццё.
Пасля хвалі рэпрэсій, якая пракацілася ў Беларускай акадэміі мастацтваў у сувязі са жнівеньскімі падзеямі, Таццяна сышла з alma mater, дзе працавала дванаццаць гадоў, па ўласным жаданні.
Яшчэ праз некаторы час рашылася на пераезд у суседнюю краіну — Польшчу.
Зараз у варшаўскай галерэі 101projekt да 12 жніўня працуе выстава BORDER STATUS, дзе працы Таццяны Кандраценка экспануюцца разам з творамі яе калегаў — беларускіх мастакоў Таццяны Радзівілка і Уладзіміра Сакалоўскага. Беларуская аўтарка супрацоўнічае і з іншымі галерэямі, арандуе ў Варшаве майстэрню.
Ці значыць гэта, што творца знайшла сваё месца ў новай краіне? Як паўплываў пераезд і падзеі ў Беларусі апошніх двух год на яе мастацтва? Пра гэта, а таксама пра асабістую маленькую рэвалюцыю, культурны кокан і страх творчай інваліднасці аглядальніца Reform.by паразмаўляла з гераіняй інтэрв'ю ў яе новым доме.
Таццяна Кандраценка. Фота: Фёдар Чудук
«У аўтарытарным грамадстве не можа быць мастацтва»
— З якой прычыны ты з’ехала: як маці, якая клапоціцца пра будучыню дзяцей, як чалавек, які стаміўся перажываць пра сваю бяспеку, або як мастак, які што?.. Вось што хацеў твой унутраны мастак ад гэтага пераезду? Ці патрэбны ён быў яму?
— У мяне яшчэ з часоў вучобы ў аспірантуры нашай Акадэміі (Акадэміі мастацтваў — Reform.by) сфармавалася такая тэза, нібыта вядомая і відавочная, але я вельмі моцна адчула яе на сваім вопыце: у аўтарытарным грамадстве не можа быць мастацтва. Калі я пра гэта кажу, хто-небудзь абавязкова пачынае дыскутаваць і прыводзіць у прыклад Лэні Рыфеншталь ці мастацтва сучаснага Кітая...
Але мой асабісты досвед і назіранне за тым, як развіваецца культура ў Беларусі апошнія 20 гадоў, паказвае, што і адукацыя, і функцыянаванне ўсіх інстытуцый, конкурсаў, выставачных прастораў, выданняў — усё гэта залежыць ад чыноўніцкай вертыкалі.
— Як гэта ўплывае на мастака, на твой погляд?
— Такая сітуацыя нявечыць сістэму адукацыі. Тут мастак павінен вельмі рана прыняць рашэнне: ці атрымаць інваліднасць — звычку да інтуітыўнага падпарадкавання, ці з прыкрасцю або абурэннем выслізнуць з сістэмы і апынуцца па-за інстытутамі, шукаць паплечнікаў і працаваць «міма» афіцыйнай культуры. Прычым гэтае рашэнне стаіць перад ім у такім юным узросце і ў такой невідавочнай форме, што, магчыма, многія са студэнтаў нават не разумеюць, што гэтае рашэнне рэальнае. Яны прымаюць яго аўтаматычна, калі адмаўляюцца бачыць гэтую сытуацыю. Усё гэта было так і да 2020 года. А потым, пасля закрыцця незалежных інстытуцый — культурнага цэнтра «Корпус» і галерэі «Ў» — акрамя шляху падпарадкавання засталося вельмі мала альтэрнатыў.
Таццяна Кандраценка «Падвойная экспазіцыя», 2020 год
Першая — гэта дыверсія. Калі ты робіш выставы ў Палацы мастацтва ці Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў на «эзопавай мове», са спадзяваннем на блізарукасць цэнзараў і кіраўніцтва. Другі шлях — маргінальны, гэта выставы-кватэрнікі ў майстэрнях, барах, хлявах... Мы неяк жартам планавалі зрабіць выставу ў лесе. Горкія гэта жарты.
Ні той, ні іншы шлях мне не падыходзіць, бо ў мяне крыху спецыфічная сітуацыя: я інваліднасць у звычцы падпарадкавання атрымала ў вельмі вялікай меры. І маёй працай даўжынёй у жыццё стала эмансіпацыя ад гэтай сталай аглядкі на ўяўны аўтарытэт. Таму майму ўнутранаму мастаку вельмі важна было з’ехаць з Беларусі. Я ведала пра гэта і да 2020-га.
«2020 год усё памяняў. Фальшывіць стала немагчыма»
— Тваё мастацтва змянілася, гэта стала заўважна ўжо пасля 2020-га. Але што ў большай ступені на гэта паўплывала? Эміграцыя ці падзеі таго жніўня?
— 2020-ты — гэта год, калі з’явіліся сэнсы. Я кажу «сэнсы» ў агульным экзістэнцыйным плане. Сэнсы ў такім літаральным разуменні ў працах мастакоў майго пакалення (Таццяна скончыла Акадэмію мастацтваў у 2004 годзе — Reform.by) нібыта існавалі і раней. Але праца з імі была нейкая дзіўная, фальшывая, натужная, штучная, выпадковая, млявая, і гэта былі нейкія знешнія, магчыма, сэнсы.
Ну і, вядома, большая частка работ рабілася ўвогуле без сэнсу, гэтыя творы выконвалі выключна дэкаратыўную функцыю.
2020 год усё памяняў. Фальшывіць стала немагчыма. Рабіць працу пра «не важнае» стала немагчыма. Менавіта таму многія мастакі, і я ў тым ліку, былі паралізаваныя. Мы ўсе апынуліся настолькі без скуры, настолькі чулыя да ўсяго, што сталі бачыць палітычны і сацыяльны сэнс у любой, нават нейтральнай выяве.
Але з зімы 2020-га, калі пачалася наша калектыўная «вялікая зіма», якая ўсё яшчэ доўжыцца, стала зразумела, што мы ўразлівыя, прыгнечаныя, спалоханыя і ў гэтым стане можам практыкаваць любую зручную для нас тэрапію, нават, напрыклад, вытворчасць жывапісу без сэнсу. Такі дзікі парадокс: сэнс з’явіўся, але ў цябе няма ні сіл, ні навыкаў яго трансляваць. Замест гэтага ты лечыш сябе, робячы тое, што прывык рабіць. Я ўпэўнена, што такое перажываю не толькі я, але і шматлікія мастакі, якія засталіся ў Беларусі.
Таццяна Кандраценка «Доўгія канікулы», 2022 год
— Што памянялася ў твой працы з пераездам?
— Унутры асобнай біяграфіі механізмы інерцыі вельмі магутныя і бягучы стан спраў заўсёды апасродкаваны мінулым, тваёй гісторыяй. Гэта таксама датычна чалавека, як і гісторыі краіны.
Тут, у Польшчы, перамены ў маёй працы калі і ёсць, дык не вельмі прыкметныя. Яны былі падрыхтаваныя тым, што я рабіла і бачыла апошнія гады ў Мінску. Але я спадзяюся, што пераезд дапаможа мне памяняць нешта ў маёй працы — пазбавіцца закрытасці і прыгнечанасці, пра якія я казала вышэй. Пакуль пра гэта цяжка меркаваць. Але 2020 год і той досвед, які ён прынёс, змянілі мяне — як чалавека і як мастака — больш, чым пераезд.
«Сабраць раскрышаную фарбу і прымусіць яе працаваць»
— Адразу пасля пераезду ты сказала, што табе патрэбна толькі майстэрня, і наогул усё роўна, у якой краіне яна будзе. Майстэрня — і ёсць твая ўласная краіна?
— Аднойчы я ўбачыла пост маладой амерыканскай мастачкі, дзе яна напісала: «Дом — гэта месца, дзе ёсць акрыл, і трэба прымусіць яго працаваць». Ідэальная формула для эміграцыі ў мастака. Трэба засяродзіцца на тым, як ты прымушаеш свой матэрыял працаваць. Гэта дае табе сілу ў адаптацыі, таму што ты засяроджаны на іншым і бытавы клопат не становіцца ключавым. Гэта ў ідэале.
Калі я з’язджала, гэтая ідэальная карцінка была ў мяне ў галаве.
Таццяна Кандраценка «Лакацыя», 2022 год
У рэальнасці першыя месяцы пасля пераезду я адчувала сябе настолькі стомленай — увесь час, амаль з самай раніцы стомленай і несфакусаванай, — што не было нават і гаворкі пра тое, каб прымусіць працаваць фарбу.
Бо што азначае гэтае словазлучэнне? Ты павінен разумець свае ўласныя, уласцівыя толькі табе механізмы таго, як ты гэта робіш. Быць упэўненым у іх. І другое: трэба мець на прымеце мэту, бачанне, якую менавіта такую справу мусіць зрабіць гэтая фарба. Якую такую працу.
Дык вось гэтыя рэчы: «што» робіць твая фарба і «як» яна гэта робіць — на новым месцы абедзве гэтыя пазіцыі хістаюцца, дрыжаць і крышацца. Я ведала пра гэта па досведзе пленэраў. І таму, каб неяк сябе падмацаваць, прывезла некаторыя свае працы ў Варшаву з Мінска. У рулонах. Пераслала сама сабе поштай.
У мяне былі планы і абавязкі перад галерэямі, мне трэба было завяршыць справы, намечаныя яшчэ год таму.
Таму праз два месяцы пасля пераезду я зняла майстэрню і зрабіла новыя працы для галандскай галерэі De Twee Pauwen. Я займалася гэтым увесь май і чэрвень. 17 ліпеня адкрылася мая выстава ў Галандыі.
Таццяна Кандраценка «Сорам», 2022 год
«У Мінску нічога падобнага я не бачыла ўвогуле ніколі»
— Польскія мастакі, выставы — што цябе тут уражвае?
— Доўгі час мае веды пра польскі жывапіс абмяжоўваліся двума аўтарамі — Рафал Буйноўскі і Вільгельм Сасналь. Але ў 2019 годзе ў варшаўскім Музеі сучаснага мастацтва прайшла выстава «Фарба азначае кроў». Хоць я бачыла матэрыялы гэтай выставы толькі віртуальна, яна моцна мяне ўразіла і стала не толькі адкрыццём, але і пуцяводнай ніткай: усё, што можна было знайсці і прачытаць пра мастачак, якія ў ёй удзельнічалі, я вывучыла. Пра Дамініку Кавыню я даведалася менавіта тады. Яе ўласныя інтэрв’ю і тэксты пра яе сталі прыкладам таго, як можна і як мне самой хочацца разважаць пра жывапіс, тлумачыць яго, як павінна выглядаць усё гэтае тэарэтычнае суправаджэнне, якое вельмі важнае. І асабліва важна для такой спецыяльнай катэгорыі гледачоў, як іншыя мастакі.
Цяпер у Варшаве я змагла паглядзець патрэбных мне аўтарак ужывую: Дамініку Кавыню, Ганну Гжымалу, Мартыну Баравецку, Лену Ачтэлік. Але кола патрэбных мне мастакоў не асабліва пашырылася, гэта ўсе тыя, каго я заўважыла на той выставе «Фарба азначае кроў».
— Што ўдалося паглядзець нядаўна?
— Нядаўна, 16 ліпеня, адкрылася вялікая групавая выстава ў варшаўскай галерэі «Zachęta» «Трывога прыходзіць у прыцемках». Гэты вернісаж таксама моцна ўразіў. Выстава вельмі супярэчлівая, насычаная, такая шчыльная, што мне трэба будзе схадзіць туды зноў, магчыма, не аднойчы. У маім выпадку працуе гэты сіндром правінцыяла: калі глядзіш на такія маштабныя шоу, разумееш, што ў Мінску нічога падобнага я не бачыла ўвогуле ніколі. Пасля такіх экспазіцый ты іншымі вачыма глядзіш на ўласную працу, на працы сяброў і калег.
Таццяна Кандраценка «Я слухаю», 2022 год
Але, як ні дзіўна, камерная выстава Рафала Вілька ў маленькай галерэі «Szara», якая прайшла гэтай вясной у Варшаве, дала мне больш доўгатэрміновы матэрыял для разважанняў, дапамагла перагледзець уласную творчасць. Гэта быў далікатны праект, прысвечаны жыццю раслін у горадзе — у гарадскіх парках і ў вазонах на падваконнях. У гэтым постфатаграфічным жывапісе вельмі шмат спакою і яснасці. Такіх выстаў у Мінску мне не хапала, напэўна, больш, чым маштабных групавых шоу.
«Беларускія мастакі, якія апынуліся ў Польшчы, у асноўным — «беспрытульнікі»
— Ты не пашырыла кола зносін, ты правяла ў Варшаве выставу ў супрацы з нашымі ж аўтарамі... Ці можна западозрыць, што ты трапіла ў пастку, назавём яе «культурным коканам», калі камунікацыя адбываецца толькі з беларусамі?
— Свет беларускіх арганізацый у Варшаве і свет польскіх прыватных галерэй і фондаў — дзве лініі, якія не перасякаюцца. Калі раптам перасякаюцца, то дзякуючы нейкім асабістым сувязям. Такія сувязі, напэўна, можна сфарміраваць, але гэта тонкая і працяглая праца. У мяне ўзнікае пачуццё, што беларускія мастакі, якія апынуліся цяпер у Польшчы, у асноўным «беспрытульнікі» — гэта значыць імі не займаюцца ні інстытуцыі, ні галерэі, ні агенты. Яны нібыта асуджаныя працаваць толькі з нашымі фондамі ці шукаць тыя структуры і людзей, якія адчыняць ім дзверы ў польскія галерэі. Мне патрэбна другое. Яшчэ да ад’езду з Мінска ў мяне быў досвед супрацоўніцтва з галерэй Катажыны Наперкаўскай і галерэяй 101projekt. З гэтымі дзвюма варшаўскімі галерэямі я і працягваю працаваць.
У гэтым ёсць доля містыкі, але я ўсё роўна веру, што падобнае прываблівае падобнае. І па гэтай логіцы тое, што я буду рабіць у майстэрні, і будзе ключавым у фармаванні маіх сувязяў і кантактаў. А не наадварот.
Ёсць галерэі ў Варшаве, праца куратараў якіх здаецца мне інтуітыўна блізкай. Мне трэба нешта памяняць у маёй практыцы ў майстэрні, тады нешта пачне адбывацца і ў навакольным свеце, а магчымасць кантакту з куратарамі з тых галерэй стане больш рэальнай.
Таццяна Кандраценка «Маска», 2022 год
Здаецца, што рассыланне партфоліа ў галерэі і наведванне вернісажаў з надзеяй завесці знаёмствы — гэта пакуль адзіны інструмент пошуку кантактаў для мясцовых беларускіх аўтараў.
Мастакі, з якімі я тут падтрымліваю сувязь, гэта ў асноўным беларусы. Таму кокан, мусіць, існуе. І магчыма, я адчую гэта, але пазней.
«Вядома, ты адчуваеш вайну»
— Ці адчуваецца ў Варшаве вайна? Як яна ўплывае на мастакоў і на мясцовую арт-супольнасць?
— Адказ на пытанне «Ці адчуваецца ў Варшаве вайна?» запатрабаваў бы новага вялікага інтэрв’ю. Ты чытаеш навіны, ты бачыш украінцаў — аднакласнікаў сына ў школе, размаўляеш з іх бацькамі, з беларусамі, у многіх з якіх свой досвед таго, як яны валанцёрылі тут, у Варшаве, ці на мяжы — вядома, ты адчуваеш вайну.
Дзіўна і дзіка, мусіць, падчас вайны гучаць развагі пра выставы жывапісу, пакаёвыя расліны і іншае. Калі я толькі прыехала ў Варшаву, сёлета ў сакавіку, то бок адразу пасля пачатку ваенных дзеянняў, адна галерыстка расказвала мне, што ў сувязі з пачаткам вайны яны адмянілі выставачны план на бліжэйшыя паўгода. Таму што гэтае мастацтва стала недарэчным. Але ў ліпені я ўбачыла, што яны вярнуліся да працы і выстаўляюць творы мастачкі, якая малюе пляжы і стафажы дзяцей на беразе ў контражуры.
Таццяна Кандраценка Tug of War («Перацягванне каната»), 2022 год
— Пра што ваша выстава, якая зараз адкрыта ў Варшаве ў галерэі 101projekt?
— Я ўдзельнічаю ў ёй разам з двума мінскімі аўтарамі — Таццянай Радзівілка і Уладзімірам Сакалоўскім — жывапіснымі палотнамі, зробленымі пасля 2020 года (часткова ў Мінску, часткова ў Варшаве). Выстава называецца Border status і апісвае стан быцця на мяжы...
І так атрымліваецца, што гэты стан і ёсць тое, што аб’ядноўвае сёння ўсіх беларусаў, — і тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся.
Таццяна Кандраценка «Увага», 2022 год