12 лютага 1798 года не стала апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Асобу «караля Стася» ацэньваюць па-рознаму, хтосьці яго вінаваціць у здрадзе і страце дзяржавы, іншыя лічаць закладнікам палітычных абставінаў. Да чарговай гадавіны са смерці апошняга манарха «рэспублікі трох народаў» Budzma.org сабрала цікавыя факты з жыцця Аўгуста Панятоўскага.
Панятоўскі-старэйшы ўсё жыццё імкнуўся ў палітычныя эліты
Станіслаў Панятоўскі замоўчваў сваё паходжанне, бо належаў да дробнай шляхты. Але ў час панавання Станіслава Аўгуста гаварылася, што род Панятоўскіх паходзіць з Італіі, са старажытнай дваранскай сям’і Тарэлі, прадстаўнік якой у XVII стагоддзі перасяліўся ў Польшчу, пераклаўшы сваё прозвішча як Цёлак — такую назву мае герб Панятоўскіх.
У свой час гісторык Анатоль Грыцкевіч заявіў, што гэтую легенду абвяргаюць генеалагічныя даследаванні, бо гербам з выявай бычка «Цёлак» карысталіся каля 30 шляхецкіх родаў. З XVIII стагоддзя хадзілі чуткі, што Панятоўскія з дробнай беларускай шляхты. Прозвішча Панятоўскі паходзіць ад маёнтка і мястэчка Панятовы ў Люблінскім ваяводстве.
Станіслаў Панятоўскі, бацька будучага караля, атрымаў адукацыю ў Вене. Служыў у аўстрыйскім войску і ўдзельнічаў у бітвах супраць туркаў. Вярнуўся на Радзіму дасведчаным вайскоўцам і быў добра прыняты каралём Янам Сабескім. У часы Паўночнай вайны падтрымліваў караля Швецыі Карла ХІІ і быў яго сябрам. Пасля таго як Карл XII загінуў на вайне ў 1718 годзе, Панятоўскі-старэйшы вяртаецца ў Рэч Паспалітую. Уваходзіць у давер да тагачаснага караля Аўгуста Моцнага, які вяртае вынятую ў яго маёмасць і пасаду генерал-лейтэнанта войска літоўскага.
У 1720 годзе ён ажаніўся з князёўнай з магнацкага роду Канстанцыяй Чартарыйскай, якая мела добры пасаг: 400 тысяч злотых, за якія сям’я Панятоўскіх у 1721 годзе набыла маёнткі Воўчын і Радванічы, што на Брэстчыне. Шлюб прынёс сям’і 8 дзяцей.
У 1722 годзе Панятоўскі-старэйшы атрымаў пасаду падскарбія Вялікага княства. У 1731 годзе прызначаны на пасаду ваяводы мазавецкага, а ў 1733 годзе стаў рэгіментарам войскаў каронных, у 1752 годзе ўжо кашталянам кракаўскім. Быў старостам Войніцкім і Люблінскім. Станіслаў Панятоўскі-старэйшы ўсімі сіламі цягам свайго жыцця намагаўся прабіцца ў вышэйшыя колы Рэчы Паспалітай і такі дасягнуў свайго.
Як Кацярына ІІ стала каханкай Панятоўскага
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі нарадзіўся 17 студзеня 1732 года ў Воўчыне, у бацькоўскім маёнтку. Ён быў шостым сынам з васьмі. Адукацыю атрымаў у Еўропе. З самай маладосці праявіў цікавасць да палітыкі менавіта таму, што сваякамі былі Чартарыйскія, якія займалі кіраўнічыя пазіцыі ў палітычным жыцці краіны, а бацька ўсё жыццё аддаў, каб быць блізкім да палітычных элітаў дзяржавы.
У 1755 годзе атрымаў пасаду стольніка літоўскага і староства Пшэмысльскага, з якога меў даходы. Малады Панятоўскі перайшоў на дыпламатычную службу ў пасольствах іншых дзяржаў.
З 1755 па 1758 гады служыў у Пецярбургу, пачынаў як сакратар саксонскага амбасадара. Цікавы малады чалавек звярнуў на сябе ўвагу княгіні Кацярыны Аляксееўны. Пачаўся раман, Кацярына зацяжарала і нарадзіла дачку Ганну, якую ўвесь расійскі двор лічыў дачкой Станіслава Панятоўскага, фармальна ж дзяўчынка была дачкой мужа Кацярыны. Станіслаў хацеў, каб Кацярына разышлася з мужам і выйшла замуж за яго. Але ў Кацярыны былі іншыя планы. А іх дачка хутка памерла.
У 1762 годзе ў выніку палацавага перавароту Кацярына была абвешчана ўсерасійскай імператрыцай. Ведаючы характар Станіслава Аўгуста і яго пачуцці, яна вырашыла сыграць на гэтым і зрабіць яго сваім стаўленікам на Варшаўскім троне. Даследчык і пісьменнік Кастусь Тарасаў зазначаў: «У Панятоўскага не было ніякіх прычын нават прэтэндаваць на каралеўскі трон — ні волі, ні розуму, ні вышэйшых амбіцый. У лепшым выпадку, ён быў бы ў коле невядомых саноўнікаў, дзелячы свой час паміж картамі, музыкай, гутаркамі пра ўладу. Станіслаў Панятоўскі лічыўся сярод вяльможаў бязродным выскачкам».
Каранацыя пад аховай расійскіх штыкоў
5 кастрычніка 1763 года памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст III. Краіне патрэбен быў новы кароль. Гісторык Анатоль Грыцкевіч адзначаў, што Расія яшчэ раней пачала весці кампанію па ўмацаванні сваіх уплываў на Рэч Паспалітую: «Неўзабаве пасля ўступлення на трон імператрыца Кацярына II у рэскрыпце расійскаму пасланніку ў Варшаве Г. К. Кайзерлінгу (8 лютага 1763 г.) у сувязі з чуткамі аб хваробе і магчымай смерці караля Аўгуста III паставіла задачу абраць караля, які быў бы цалкам падпарадкаваны ёй. Царыца загадала патрабаваць ад кандыдата ў каралі за яе падтрымку перадачы Расіі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай і выдачы многіх тысяч сялян, якія ўцяклі з Расіі. 6 кастрычніка 1763 г. на нарадзе ў Кацярыны II былі пацверджаны гэтыя патрабаванні і прыняты праект па тэрытарыяльным пытанні, у якім вызначаліся вобласці, што павінны быць перададзены Расіі. Новая мяжа цалкам супадала з той, што была ўстаноўлена Расіяй потым, паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Такім чынам, ужо ў 1763 г. Кацярына II першай паставіла пытанне аб далучэнні да Расіі ўсходняй і паўночнай частак Беларусі і ўсходняй часткі Латвіі. Пры гэтым расійскі царызм выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай з іншымі дзяржавамі, лічачы, што лепш мець слабога і цалкам залежнага ад Расіі суседа на сваёй заходняй мяжы».
У Рэчы Паспалітай паміж магнацкімі групоўкамі Чартарыйскіх і Патоцкіх ішла барацьба за трон. Групоўка Чартарыйскіх, сыходзячы з пажаданняў Кацярыны II, вылучыла кандыдатуру свайго пляменніка — Станіслава Аўгуста Панятоўскага, і для яго падтрымкі Кацярына II паслала расійскія войскі. На выбарчым сойме, пад аховаю расійскіх войскаў і прыватных войскаў Чартарыйскіх, 6 верасня 1764 года Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны каралём Рэчы Паспалітай.
Адразу з Чартарыйскімі Станіслаў Аўгуст пачаў шукаць выйсце з-пад залежнасці ад Расіі, шукаў саюза з Аўстрыяй і Францыяй, каб даць адпор Кацярыне ІІ. Хацеў міру з групоўкай Патоцкіх. Ён хацеў стварыць сваю групоўку з шляхты цэнтрысцкага характару. Але гэтая ідэя прывяла да канфлікту з Чартарыйскімі.
Цяжкавырашальнай праблемай стала дзейнасць Барскай канфедэрацыі ў перыяд з 1768 па 1772 гады. Патрыятычна настроеная шляхта ўзняла ўзбройнае паўстанне за аднаўленне «сапраўднай незалежнасці, супраць караля-узурпатара». Канфедэраты 22 кастрычніка 1770 года абвясцілі бескаралеўе і 3 лістапада 1771 года нават напалі на карэту Станіслава Аўгуста і спрабавалі захапіць яго, але кароль здолеў уцячы.
Няўдалы палітык і рэфарматар, але аматар культуры
Падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст спрабаваў пратэставаць і звярнуўся нават да еўрапейскіх дзяржаў, але дапамогі там ён не знайшоў. Давялося прызнаць над сабой кантроль расійскага пасла графа фон Штакельберга.
Панятоўскі прагнуў саюза з Кацярынай II, яму хацелася атрымаць згоду на павелічэнне арміі і правядзенне рэформаў. На сойме 1776 года каралю ўдалося абмежаваць уладу гетманаў і падпарадкаваць войска. Але правядзенне далейшых рэформаў Кацярына ІІ не дазволіла.
Кароль падтрымліваў асветніцтва і адукацыю, быў мецэнатам, ініцыятарам выдання газеты «Манітор», цікавіўся тэатрам і мастацтвам, ён лічыў, што такім спосабам можна было ўзняць прэстыж краіны ў Еўропе і падняць дух саміх народаў краіны. Ён сабраў найлепшых мастакоў і скульптараў, перабудаваў каралеўскі палац у Варшаве, палацавы ансамбль у Лазенках. Адчыніў мастацкую школу. Збіраў калекцыі гіпсавых бюстаў, манет, сабраў галерэю карцін. Асабіста падтрымліваў адкрыццё мануфактур, спрыяў прамысловай здабычы солі.
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падчас працы апошняга сойма Рэчы Паспалітай у Гродне ўлетку 1793 года ўжо дзейнічаў цалкам пад кантролем Кацярыны ІІ, ён жа і санкцыянаваў ганебныя вынікі другога падзелу краіны.
У часы паўстання Касцюшкі ў 1794 годзе кароль быў адхілены ад улады і займаў фармальнае становішча. Пасля паражэння паўстання Станіслаў Аўгуст па загадзе Кацярыны II выехаў з Варшавы ў Гродна, дзе жыў у каралеўскім палацы. Там яму стала вядома аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай і ліквідацыі дзяржавы.
25 лістапада ў гродзенскім палацы ён падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II.
Магчымы бацька Паўла І і тры пахаванні
У лістападзе 1796 года, калі Кацярына ІІ памерла, былога караля запрасіў у Пецярбург сын імператрыцы Павел І, там экс-манарх і пражыў да канца жыцця. Рускі імператар ставіўся паважліва да Панятоўскага, таму захаваў яго тытул і даў ва ўладанні двор.
Згодна з версіяй гісторыка Грыцкевіча, Павел І дапускаў, што Панятоўскі мог быць яго сапраўдным бацькам.
Памёр апошні кароль Рэчы Паспалітай у Санкт-Пецярбургу 12 лютага 1798 года. Пахавалі яго цела ў каталіцкім касцёле на Неўскім праспекце.
У 1938 годзе парэшткі былі перададзеныя савецкім урадам Польшчы, перапахаваны Панятоўскі быў у Троіцкім касцёле ў родным Воўчыне. Пасля Другой сусветнай вайны капліцу, дзе быў перапахаваны кароль, разрабавалі, урна з парэшткамі былога манарха была разбіта, і толькі напрыканцы 1980-х сімвалічны прах экс-караля перадалі Польшчы.
Палякі ў большасці ставяцца адмоўна да асобы Аўгуста Панятоўскага, таму чарговае перапахаванне зацягнулася ажно да 1994 года. Яго перапахавалі не ў Вавелі, побач з іншымі каралямі, а ў галоўным варшаўскім касцёле Святога Яна.
Алесь Масевіч, Budzma.org