Той самы ратавальнік Аляксандр Брыль, які нядаўна перадаў у музейны збор Полацка меч часоў ВКЛ, зноў стаў героем падзеі. На дне Заходняй Дзвіны ён знайшоў яшчэ і старажытны якар, паведамляе сайт Полацка і Наваполацка gorod214.by.
Фота: Кірыл Смалякоў
Супрацоўнік Полацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Брыль — аматар падводнай рыбалкі, падчас якой аднойчы знайшоў меч перыяду Вялікага княства Літоўскага — у Дзвіне на глыбіні каля трох метраў. На прэзентацыі рарытэта ў Полацкім гісторыка-культурным запаведніку старшыня райвыканкама Ігар Марковіч прапанаваў больш уважліва даследаваць дно ракі на прадмет цікавых знаходак. І вось — чарговы «ўлоў».
У канцы верасня з дапамогай спецтэхнікі ратавальнікі выцягнулі з Дзвіны вялікі якар. Яго, як патлумачыла дырэктар запаведніка Марына Чарнышова, аформяць на часовае захоўванне, рэстаўратары зоймуцца вывучэннем прадмета.
«Ёсць ідэі для выкарыстання якара ў афармленні набярэжнай. І гэта сімвалічна: на працягу некалькіх стагоддзяў Полацк заслужана з’яўляўся адным з галоўных цэнтраў знакамітага воднага гандлёвага шляху „з варагаў у грэкі“. Упэўнены, што чарговая знаходка зойме годнае месца», — напісаў у Інстаграме Ігар Марковіч.
Падпісчыкі тут жа развілі ідэю, выказаўшы пажаданне аформіць належным чынам і набярэжную. А нехта ўспомніў, што ў 70-я гады якар нібыта стаяў побач са старым помнікам Вызваліцелям Полацка. Калі Дзвіну добра даследаваць, упэўненыя палачане, музеі горада можна папоўніць вялікай колькасцю рарытэтаў.
Усе фота: Кірыл Смалякоў
Па тэме:
Полацкі пажарны вылавіў у рацэ меч XV-XVI стст.