У музеі Іказненскай сярэдняй школы колькасць экспанатаў дасягае некалькіх сотняў. Хто і калі стварыў куток, прысвечаны нашай гісторыі, і якія планы па яго далейшым развіцці ў кіраўніцтва школы?
Усё пачалося ў канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя, паведамляе сайт braslaw.by.
Стваральніца музея Фаіна Махніс працавала ў старой школе настаўніцай гісторыі і геаграфіі з 1977 года. Яна расказала, што музей з’явіўся не адразу, бо ў невялічкай школе не было месца для экспанатаў, выдзеліць асобны пакой для гэтага тады не маглі.
Пакуль не пабудавалі ў 1988 годзе новую школу, жанчына сама захоўвала рэчы, якія знаходзілі яе вучні на закінутых хутарах, у полі ці лесе. Гэта былі камні цікавай формы, падковы, рэшткі керамікі, прылады працы і шмат іншага.
Нарэшце экспанатаў назбіралася столькі, што патрэба ў арганізацыі прышкольнага музея стала надзвычай важнай. І калі ў новай школе выдзелілі пакой пад экспазіцыю, Фаіна Махніс зрабіла ўсё магчымае, каб змест яе быў цікавы не толькі для вучняў, але і для сур’ёзных даследчыкаў гісторыі. Штосьці давялося ўдакладняць у кнігах, глядзець у іншых музеях, але жанчына не капіравала ідэі, а стварыла цалкам арыгінальны праект.
У музеі вылучаюцца некалькі куткоў. У геалагічным можна азнаёміцца са старажытнымі закамянеласцямі, малюскамі (там нават ёсць шкілет марской зоркі), якім налічваецца некалькі мільёнаў гадоў. Ёсць куток, прысвечаны старым папяровым і металічным грашовым адзінкам розных краін свету.
Цікавы куток “Хвала рукам, што ўсё ўмелі”, у якім змешчана калекцыя тканых ручнікоў, абрусаў і посцілак, а таксама прыгожыя палавікі. Дарэчы, сярод усяго вылучаецца маляваны дыван, які, паводле даследаванняў мясцовых краязнаўцаў, зрабіў вядомы мастак Язэп Драздовіч.
Асобна вынесена вялізная колькасць рэчаў вясковага быту – сярпы, сіта, прасы, жбаны, гэблікі, самавары і кошыкі.
Ёсць куток, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, у якім можна азнаёміцца з рознымі дакументамі, кнігамі, пабачыць прабітую куляй каску.
І гэта толькі невялікі пералік таго, што можна пабачыць. Такой колькасці экспанатаў можа пазайдросціць любы гарадскі музей.
Фаіна Махніс сумесна з дзецьмі падрыхтавала тэксты для экскурсій, вучыла будучых экскурсаводаў, як правільна падаваць інфармацыю, і наогул любіць край, дзе мы жывем. Яна рабіла гэтую бескарыслівую, але важную справу для таго, каб у памяці людзей захаваліся вехі нашай гісторыі і імёны славутых землякоў.
Фаіна Махніс працавала ў школе да 2003 года і пасля сябе яна пакінула неабыякавых да гісторыі людзей, якія працягваюць яе справу. Зараз у планах дырэкцыі школы пашырыць музей, даць яму новае памяшканне і новае жыццё.
Таму ўсіх, хто можа і жадае паспрыяць гэтаму, мае нейкія цікавыя старыя рэчы ці проста хоча азнаёміцца з экспазіцыяй, запрашаюць у Іказненскую СШ.
Тэгі: Браслаўшчына