Стартаваў творчы конкурс «Сымбаль натхнення — Беларусь!»

21.03.2017 Конкурсы

Культурная пляцоўка «Арт Сядзіба» і інтэрнэт-крама «Symbal.by» запрашаюць да ўдзелу ў творчым конкурсе «Сымбаль натхнення — Беларусь!»

symbal-belarusДа 9 красавіка арганізатары чакаюць візуальныя працы ад мастакоў, ілюстратараў, дызайнераў і ўсіх творчых людзей, якія раскрываюць тэму конкурсу і ў перспектыве будуць выкарыстоўвацца для стварэння прынтоў, адзення, сувеніраў, атрыбутыкі і іншых матэрыяльных вырабаў з беларускім каларытам.

Што нас, беларусаў, натхняе? Чым мы можам ганарыцца? Праз якія візуальныя вобразы стылёва і сучасна паказаць адметнасці нашага краю і народу, якія выклікаюць гонар і павагу?

Давайце разам ствараць рэчы, якія аб’ядноўваюць беларусаў у розных кутках свету, вылучаюць і робяць унікальнымі!

Мэта конкурсу

Пошук новых творцаў, ідэй і рашэнняў для стварэння цікавых і стылёвых рэчаў, якія будуць працаваць на папулярызацыю беларускай мовы, культуры, гісторыі, традыцый і адметнасцяў нашай краіны.

Што мы чакаем

  • Малюнкі, дызайны, ілюстрацыі, якія, магчыма, стануць яскравымі прынтамі на адзенні беларусаў і гасцей нашай краіны (вектарная графіка максімум на 5 колераў ці растравая з магчымасцю адаптацыі да друку);
  • Макеты і дызайны цацак, якія стануць не толькі мемамі, як «Ждун-Пачакун», але і яскравымі падарункамі з Беларусі, які характарызуюць беларусаў, нашую культуру, традыцыі, жыццё;
  • Арыгінальныя аўтарскія малюнкі для аздаблення рознай сувенірнай прадукцыі (чакаем не толькі малюнкі, але і гатовыя ідэі сувеніраў);
  • Ідэі праектаў, якія вы хочаце рэалізаваць, але вам не хапае каманды і падтрымкі.

Што тут можа быць? Усё, на што вас натхніла Беларусь, яе гісторыя, мова, культура, сімвалы. Галоўнае, каб гэта была не сырая ідэя на пачатковай стадыі, а дэталёва распрацаваны, напісаны, намаляваны праект (серыя прынтоў, кніга, набор паштовак, гульня, каляндар, цацка, нейкі выраб і т.д.), які толькі патрабуе фінальнай дапрацоўкі, меркавання экспертаў, запуску ў вытворчасць і продаж, рэкламы і прасоўвання.

Увага! Памятайце, што вашыя працы, ідэі і праекты павінны быць накіраваныя на стварэнне не з’яў і падзей, а матэрыяльных рэчаў, якія можна будзе тыражаваць, узяць у рукі, апрануць, пачытаць, падарыць і, зразумела, натхніцца!

Вызначэнне пераможцаў і прызы

На працягу сакавіка і красавіка ў сацыяльных сетках «Арт Сядзібы» і Symbal.by ды партнёрскіх СМІ мы будзем знаёміць беларусаў з атрыманымі працамі і іх аўтарамі ды прапаноўваць выказваць свае меркаванні ў форме каментароў, смайлаў і балаў.

👏🏻 — неверагодна — 5
👍🏻 — прышпільна — 4
✋🏻 — пойдзе — 3
✊🏻 — спрабуй яшчэ — 2
👎🏻 — дрэнна — 1
👊🏻 — ніяк — 0

Па выніках абмеркаванняў у траўні аўтары трох лепшых прац, якія самастойна абярэ каманда «Арт Сядзібы» з улікам меркаванняў аўдыторыі, атрымаюць ганарары за 1, 2 і 3 месцы — 600, 400 і 200 BYN адпаведна, а іх працы-пераможцы з захаваннем пазнак аўтарства будуць увасоблены ў новых прадуктах крамы Symbal.by.

Пераможцы таксама атрымаюць магчымасць далейшай камерцыйнай супрацы з арганізатарамі конкурсу.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымаюць памятныя падарункі: кнігі-маляванкі «Мая радзіма Беларусь».

Умовы

Любы аўтар можа даслаць неабмежаваную колькасць прац на конкурс.

Працы з пазнакаю «Сымбаль натхнення — Беларусь!» прымаюцца да 9 красавіка ўключна на скрынку artsiadziba@gmail.com у арыгінальных фарматах і *.png (для публікацый у сацыяльных сетках і СМІ).

Кожная праца павіннна быць пазначана наступным чынам:

  • імя і прозвішча,
  • назва кожнай працы,
  • кароткае апісанне,
  • кантактныя дадзеныя (e-mail, тэлефон, сацыяльныя сеткі).

Аўтарскія правы

Дасылаючы працы на конкурс, удзельнік аўтаматычна пацвярджае права на публікацыю іх прац у СМІ і сацыяльных сетках у фармаце .jpg з пазнакай аўтарства са спасылкай на профіль аўтара ў сацыяльных сетках ці персанальны сайт.

Арганізатары пакідаюць за сабою права камерцыйнага выкарыстання толькі прац-пераможцаў, аўтары якіх атрымалі ганарары. Умовы магчымага далейшага камерцыйнага выкарыстання астатніх прац, якія дасылаліся на конкурс, будуць дадаткова абмяркоўвацца з іх аўтарамі.

Паводле арганізатараў