Андрэй Мельнікаў на budzma.by піша пра стэрэатыпы ў класічнай беларускай літаратуры, якія складаліся даволі працяглы час — ад Скарыны і да Багушэвіча.
Як і астатнія народы свету, беларусы маюць свае стэрэатыпы што да ўспрымання іншых нацый. Да нашага гонару, стэрэатыпы тыя блізкія да рэчаіснасці. Беларус успрымае іншыя народы як такіх самых людзей, здольных, як і ён сам, хоць і адрозных.
Гэты погляд пераняла, адлюстравала, а можа, у пэўнай ступені і сфармавала беларуская літаратура. Неабавязкова беларускамоўная, а што да стагоддзяў даўно мінулых, дык і зусім небеларускамоўная. Затое беларускадумная.
Вялікі Францішак, падобна, не жыў стэрэатыпамі вялікай адрознасці розных народаў. Таму прапаведаваў універсалізм: хрысціянскі, славянскі, рускі... Ды тое, што прыносіла яму поспех у будучай адзінай Еўропе, адыграла з ім злы жарт на радзіме і на тэрыторыі яе перспектыўнага, на першы погляд, бізнес-партнёра — у Масковіі. Скарынавы звернутыя да «люду паспалітага» надрукаваныя грамадзянскім шрыфтам прадмовы і пасляслоўі да кніг Бібліі абурылі маскавітаў да катэгарычнага непрыняцця, а ў ВКЛ сустрэлі хутчэй абыякавасць чым зацікаўленасць... Без уліку рознай прымальнасці рознымі народамі адных і тых жа ініцыятываў і тэкстаў, як высветлілася, немагчыма забяспечыць сваім хай сабе і геніяльным тэкстам ды знаходкам ні доўгае жыццё, ні хаця б удзячнасць...
Вялікі Адам, як і Скарына, імкнуўся да ўніверсалізму ўспрыняцця чалавечай супольнасці. Але, па-першае, далучанасць да польскай культуры з яе месіянскім каталіцкім абарончым еўрапейскім празелітызмам, па-другое, працяглы вопыт жыцця ў глыбінных губернях Расійскай імперыі істотна падкарэктавалі яго натуральную і для тых часоў беларускую талеранцыю.
У выніку расейцы ў творах Міцкевіча — паслухмяныя выканаўцы волі свайго імператара і драбнейшых за яго камандзіраў, людзі з адсутнасцю ўласных ацэнак. Ці здраднікі розуму, гонару і годнасці дзеля царскіх дабротаў. У адрозненне ад прыгнечаных беларусаў, якіх і той цар мала цікавіць і якія ўласны погляд маюць...
Энергічны Вінцэнт, як і Адам, атрымаў немалы вопыт жыцця ў расійскім асяродку. І таксама быў глыбока далучаны да польскай каталіцкай культуры.
У творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча расейцы — перадусім людзі крыху менш «прасунутыя», калі можна так казаць, за беларускіх аўтахтонаў, прычым у плане выхавання таксама. Але «непрасунутыя» некрытычна — прорвы паміж імі і намі няма; так, трохі дзівосаў з залішнім піетэтам перад начальнікамі ды ірацыянальнасцю маскоўскага натоўпу. Плюс ёсць і маскоўскі пазітыў — шчодрасць, нядробязнасць, удзячнасць.
Што да іншых славянаў, для іх наш класік мяжы з беларусамі не праводзіць: яго вясковыя гісторыі выглядаюць падобнымі на аналагічныя чэшскія, сербскія, балгарскія... Скарынава імкненне да ўніверсалізму ў Марцінкевічавай рэдакцыі выглядае ці не такім жа яскравым, ды глядзіць ён вокам тутэйшага спольшчанага шляхцюка: не зусім збоку, а заўважна зверху. Хоць для сваёй эпохі, на думку многіх калегаў, недастаткова зверху.
Ёсць у творах Марцінкевіча і габрэі — нармальныя такія пераважна дзядзькі, цёткі і іх дзеткі. Ну, можа, трохі смешныя і абмежаваныя традыцыяй заняткаў і паводзін.
У адрозненне ад Міцкевіча з Марцінкевічам, якія ўзбагацілі сабой культуру польскую, а праз яе і беларускую, Фёдар Дастаеўскі абраў для сябе катэгарычную рускасць. Пры ўсім тым, погляд на рускае крыху збоку і не факт, што часамі і не зверху, у яго, нашчадка беларускай шляхты, захаваўся. «Широк русский человек. Я бы сузил».
Пакутуючы ад пераважнай павярхоўнасці і малаадукаванасці расійскай шырыні, Фёдар Міхайлавіч у сваіх творах вырашыў давесці, што нярускі чалавек — яшчэ горшы. Бо ў шырачэзным рускім дыяпазоне можна знайсці і агідных Смердзяковых, і высокадухоўных князёў Мышкіных ды Алёшаў Карамазавых. Прычым нямала чытачоў і дбайныя даследчыкі Дастаеўскага (сярод беларускіх згадаем Юлію Чарняўскую) сцвярджаюць, што высокадухоўнасць яго высокадухоўных герояў — утрыраваная да нерэалістычнага, як і адмоўныя рысы яго адмоўных персанажаў. То бок любімыя Дастаеўскім яго рускія героі — насамрэч штучныя.
А сярод еўрапейцаў Дастаеўскага нікога з высокадухоўнымі прагненнямі і не знойдзеш. Там і такіх як Рагожын ці Свідрыгайлаў, ды і як Радыён Раскольнікаў з яго пошукамі і пакаяннем, яшчэ павыхоўваць бы! Карацей, для Ф. М. еўрапейская духоўнасць утрыравана «недапечаная».
Вялікія пазыкі ў выніку адчувальнай паразы заядлага карцёжніка ды рулетачніка Дастаеўскага пры паездцы «ў Еўропу» прывялі не да аддачы ім прайграных грошай, а да стварэння мярзотных вобразаў карцёжнікаў-шулераў з палякаў ва ўласных класічных творах. Палякі Ф. М. і да еўрапейцаў недацягваюць... але пыхі!
Габрэі ў Дастаеўскага — альбо дробныя пародыі на чалавека, хай сабе і адносна бяскрыўдныя, альбо небяспечныя дзялкі з рацыянальнай хцівай амаральнасцю.
Колькі тут цвярозага і ўважлівага беларускага погляду і колькі свядома ўтрыраванай штучнай рускасці? За даўнасцю гадоў і нятоеснасцю нашага вопыту вопыту Фёдара Міхайлавіча пытанне можна так і пакінуць рытарычным.
Стваральнік, па версіі многіх, сучбелліту Францішак Багушэвіч аніколі, наколькі маем фактаў, не парываў з пальшчызнай, ды і развітваючыся з жыццём напісаў польскамоўны верш, які цяпер пры жаданні можна пачуць песняй у выкананні заўважнага беларускага паэта, падпалкоўніка памежных войскаў Змітра Захарэвіча.
У бачанні праз творы Багушэвіча іншых народаў можна сустрэць тыя ж стэрэатыпы, што і ў польскай літаратуры: неадукаваныя, але самаўпэўненыя нахабныя расейцы, хцівыя ды хітрыя, але часам і дарэчныя прадпрымальныя габрэі, беларусы — кшталту Мацея Бурачка ды Сымона Рэўкі — добрыя, хоць і песімістычныя дзядзькі з недахопам польскай баявітасці, адукаванасці і памяці пра слаўнае мінулае роднага краю, а таксама з пагрозай незваротна русіфікавацца, чаму і заклік такі наш класік дае, нібыта з саміх народных нетраў: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!»
З пяці згаданых персаналіяў дасучаснай беларускай літаратуры ўласна беларусам сябе не дэклараваў аніхто. Бо не было тое ў трэндзе — так сябе называць. Асэнсаваная беларуская ідэя прыйшла ўжо ў ХХ стагоддзі. І прынесла з сабой іншыя літаратурныя павевы ды стэрэатыпы.
Пасля Багушэвіча беларушчыну засведчыла ладная колькасць аўтараў, якія імкнуліся выбудаваць уласнабеларускае бачанне свету па-за залежнасцю ад рускага і польскага бачанняў. Многія з іх сапраўды стварылі штось тутэйша-адметнае. І пераважна на сучаснай беларускай мове. Але гэта ўжо іншая гісторыя, вартая асобнай размовы.
Андрэй Мельнікаў, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!