Беллітаўскі нашчадак прынца Гамлета

Класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча іншы класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч характарызаваў так: “Писатель грузный и тяжеловесный, сосредоточившийся исключительно на эпосе, Марцинкевич писал стихом неизящным и неповоротливым, сплошь отступающим от требований белорусской просодии… Можно даже сомневаться, был ли он вообще поэтом”.

Працы сучасных даследчыкаў Язэпа Янушкевіча і Змітра Дразда, “Гамбургскі рахунак” Альгерда Бахарэвіча хутчэй пацвярджаюць: паэтам Марцінкевіч наўрад ці быў. Пры тым ён – магутная творчая асоба, што стварала і рэжысавала і беларушчыну, і літаратуру, і ўласны лёс.

 

Народзіны класіка і адметнасці бабруйскага гумару

Вінцэнт-Якуб Марцінкевіч нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Яна Марцінкевіча, які істотна збяднеў праз мноства дадзеных у пазыку і не вернутых яму грошай, і яго жонкі Марціяны 23 студзеня па юліянскім, 4 лютага па грыгарыянскім календары 1808 года, непадалёк ад Бабруйска ў фальварку Панюшкавічы Мінскай губерні, над ракой Бярэзінай.

Бабруйскі стыль – асаблівая песня і казка жыцця. Яго прадстаўнікоў (Эфраіма Севелу – аўтара “Легендаў Інваліднай вуліцы” і “Папугая, які гаворыць на ідыш”, стваральніка “Луркмора” Льва Гуніна, саркастычную Таццяну Барысік, патэтычна-цынічнага Дзмітрыя Растаева, невыноснага і нярэдка трапнага Віталя Рымашэўскага, а таксама прымкнулага да іх месцам падзеяў рамана “Сфагнум” Віктара Марціновіча) яднае дарэчнае і густоўнае ўпляценне ў рэчаіснасць цынізму, кіча і карыкатуры. У выніку карцінка выглядае часам казачнай, але праўда ў ёй пазнаецца, фіксуецца і акцэнтуецца, за яе чапляецца ўвага і памяць.

Вельмі імаверна, што менавіта Вінцэнт Марцінкевіч стаў пачынальнікам бабруйскага стылю ў літаратуры. Яго наступнікам на праторанай ім сцежачцы было ўжо лягчэй сягаць чытачоў-кліентаў.

 

Пляменнік мітрапаліта

Доўгі час лічылася, што родным братам Вінцэнтавай маці быў кіраўнік (з 1798 па 1826 год) рымска-каталіцкай царквы Расійскай імперыі, мітрапаліт Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч – яшчэ і навукоўца і літаратар, сябра Расійскай акадэміі навук, Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі; прэзідэнт вольнага эканамічнага таварыства, найуплывовейшы і найбагацейшы каталік Расіі таго часу.

Народжаны ў 1731-м выхадзец з пратэстанцкай(!) шляхты Ваўкавыскага павета, ён вучыўся ва ўніверах Круляўца-Кёнігсберга, Франкфурта, Амстэрдама, Лондана, служыў афіцэрам у прускім гусарскім палку, затым у Літоўскай гвардыі. Па выхадзе ў адстаўку выхоўваў дзяцей Радзівілаў, перайшоў у каталіцтва, скончыў галоўную школу піяраў у Варшаве, стаў ксяндзом. Быў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам у Вільні, атрымаў сан біскупа-сурфагана.

Біскуп Станіслаў у маладосці быў далёка не гарачых сімпатыяў да Расійскай імперыі. Але ў ліпені 1771-га барскія канфедэраты (каталікі – змагары супраць раўнапраўя праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты з імі і супраць войскаў Расі ў Рэчы Паспалітай) Міхала Агінскага забілі 84-гадовага бацьку Станіслава – Яна – пры абароне ім уласнага дома на Ваўкавышчыне. 73-гадовая маці тады захварэла на сухоты і неўзабаве таксама памерла. А Рэч Паспалітая, з увагі на доўгую ўнутраную вайну караля Станіслава Панятоўскага з канфедэратамі, у 1772-м спазнала першы свой падзел.

Такім чынам, апынуўшыся у Расіі, Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч уступіў у ордэн Святога Станіслава – абраў бок Панятоўскага і Расійскай імперыі, а затым зрабіў імклівую кар’еру і стаў на чале ўсіх рускіх каталікоў. Праявіў сябе значным “заходнерусістам”, прысвяціў той ідэі мноства ўласных твораў.

Вінцэнт жа 30 мая 1808 года застаўся без бацькі. Ян Марцінкевіч памёр, пакінуўшы вялікую колькасць вінных яму асобаў. Родны і вінны яму брат Ігнат і пазыкі вяртаць не стаў, і адмовіў пляменніку Вінцэнту ў выдачы дакументаў пра шляхецтва.

Янава ўдава Марціяна доўгія гады – і палюбоўна, і праз суд – дамагалася ад Ігната дакументаў на шляхецтва сваіх дзяцей, ды той паспяхова адстойваў сваё права і жаданне не дзяліцца.

Шляхта з далучаных да імперыі земляў мусіла даказваць паходжанне. Без патрэбнай паперкі траплялі і ў прыгонныя. Было і так, што шчасцем выглядала запісацца вольнымі хлебаробамі, дзяржаўнымі сялянамі ці мяшчанамі.

І вось у 1819-м маці адправіла Вінцэнта ў Пецярбург пад апеку мітрапаліта Станіслава.

Сваякамі яны не былі. Але да шлюбу з Марціянай Ян Марцінкевіч быў жанаты з рэальнай пляменніцай Богуш-Сестранцэвіча Людавікай, маці якой Ганне брат Станіслаў падараваў каменны дом за касцёлам святога Казіміра ў Вільні. Яну дом той застаўся, можна лічыць, у спадчыну, ён яго пасля смерці цешчы прадаў і пераехаў у Беларусь.

Пра юнацтва Вінцэнта звестак мала. Вядома, што на 1821 год ён яшчэ жыў у Богуш-Сестранцэвіча і што ўніверсітэцкая вучоба Вінцэнта перарвалася пасля смерці “дзядзькі-мітрапаліта” ў 1826-м.

 

Зрабі сябе сам!

У год смерці мітрапаліта-апекуна Вінцэнт прыехаў у Мінск зарабляць уласны хлеб. Тым жа годам пазначаны і першы дакумент (генеалагічная табліца шляхецкага роду Дунін-Марцінкевічаў герба Лебедзь), які абгрунтоўвае прыдомак Дунін у прозвішчы Марцінкевіча. Дакумент знаходзіцца ў Нацыянальным архіве РБ.

Перакладчыцкая пераважна праца дробнага чыноўніка ў каталіцкім епархіяльным упраўленні давала Вінцэнту пэўныя шанцы на шчаслівыя для сябе адкрыцці ў стосах шляхецкіх дакументаў. І ён тыя шанцы выкарыстаў.

Натхнёная і дбайная праца па складанні арыгіналаў уласнага радаводу дала ў выніку нашаму герою пераканаўчае абгрунтаванне таго, што яго род паходзіць ад Пятра Дуніна, які прыехаў у Польшчу з Даніі ў 1124 годзе, маўляў, прыкладна ў часы прынца Гамлета. Дунін быў першым валадаром герба Лебедзь, да якога адносілі сябе і Марцінкевічы, і яшчэ 220 шляхецкіх родаў. Крутасць, супастаўная хіба з якімі Рагвалодавічамі-Манамашычамі!

 

Каўчэг Дуніна-Марцінкевіча

25 чэрвеня 1840-га на беларускіх землях было скасаванае дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Хвалі расімперскага патопу канчаткова і надоўга паглынулі нашую тэрыторыю.

Вінцэнт за некалькі месяцаў да канца дзеяння Статута напазычаў грошай і набыў у межавога суддзі Алойзія Сялявы фальварак Люцынку ля Івянца і перабраўся туды з Мінска жыць шматдзетнай ужо сям’ёй. І ў тым фальварку працягнуў і надалей жыць рамантычным духам страчанай радзімы.

У Люцынцы, на ўласнай прыватнай тэрыторыі, Дунін-Марцінкевіч стварае свой ці то Ноеў каўчэг, ці то фабрыку сноў-мрояў у выглядзе хатняга тэатра, для якога сам жа і піша п’есы. У іх цяпер наканавана ўвасабляцца рэшткам шляхецкай і грамадскай вольніцы ВКЛ.

У сваім тэатры ён быў адначасова і гаспадаром, і драматургам, і кампазітарам, і рэжысёрам, і акторам, і спеваком.

Людзей, якіх ратаваў каўчэг-тэатр, назбіралася болей, чым у патрыярха Ноя. Апроч Вінцэнта трупу склалі: дзве яго дачкі, сын Міраслаў, акторы Кжыжаноўскі, Ляўданскі, Лопат, Кабылінскі, Прушынскі, акторы, прозвішчы якіх гісторыя не захавала, шляхцянка з суседняга фальварка Валатоўская, хор сялянаў, аркестр… Стабільна больш за дваццаць асобаў.

Пры магчымасці (пакуль не забаранілі ўлады) тэатр Дуніна-Марцінкевіча ладзіў свае выступы ў Мінску, пасля забароны перайшоў на вандраванне па прыватных дамах і сядзібах. Пры папсовай падачы матэрыялу і, на першы погляд, прымітыўна-дыдактычна-бытавым змесце, у п’есах ненавязліва праскоквалі антыімперскія алюзіі. Так, у оперы “Ідылія” (якраз пасля яе пастаноўкі тэатр і забаранілі) уважлівы глядач мог пабачыць і пачуць і паралелі з Міцкевічавым “Панам Тадэвушам”, і здзек з 60-годдзя панавання на нашай радзіме Расіі, бо галоўным антыгероем твора быў агідны 60-гадовы прыхадзень-камісар, які нахабна заляцаўся да юнай беларускай шляхцянкі… Менавіта пасля выгнання таго камісара ў оперу і прыходзіла сапраўдная ідылія і гучаў гімн каханню.

 

Сейбіт друкаванага слова

Пасля смерці ў 1854-м жонкі Юзэфы Вінцэнт жыве пераважна ў Мінску. Піша вершаваныя аповесці і апавяданні, балады. За два першыя гады новага расійскага імператара Аляксандра ІІ у Дуніна-Марцінкевіча атрымліваецца выдаць ажно чатыры зборнікі са сваімі творамі, і першы ж з іх – “Гапон” – з цалкам беларускамоўнай аднайменнай вершаванай аповесцю, у якой сярод іншага кіпіць-віруе Магілёў першай паловы ХІХ стагоддзя, як Нью-Ёрк гадоў праз пяцьдзясят, і беларускі характар пераадольвае без енкаў і стогнаў драму жыцця…

У 1857-м “адліга” для выдання беларускіх твораў скончылася. Бяскрыўдны ў плане наездаў на ўладу твор “Халімон на каранацыі” аказаўся надзіва пераканаўчым у тым плане, што яго героі-беларусы ў галоўных сваіх учынках уладу ўвогуле не бяруць у разлік. Пачынаючы з “Халімона” ўсе астатнія беларускія творы Марцінкевіча выйдуць дазволенымі кніжкамі толькі тады, калі Расійская імперыя завершыцца ўласным крывавым сконам.

Паўстанне 1863–1864 гадоў Марцінкевічы падтрымалі ўсёй сям’ёй. Дзе з лютага 1863-га па кастрычнік 1864-га быў сам галава сям’і – да нашага часу таямніца. Але факт, што ў кастрычніку 1864-га ён быў зняволены ў Мінскай турме і правёў там пад следствам чатырнаццаць месяцаў. Дачку Камілу адправілі ў доўгатэрміновую высылку ў Сібір.

У снежні 1865-га Марцінкевіча вызвалілі з турмы пад строгі жандарскі нагляд без права выезду з Люцынкі. Выступаць з гастролямі хатняга тэатра цяпер ужо не выпадала. Марцінкевіч пачаў пісаць “у стол”. Так з’явіліся фарс-вадэвіль “Пінская шляхта”, камедыя “Залёты” і, імаверна, іншыя творы, страчаныя і не знойдзеныя дасюль часткі архіва пісьменніка.

17 снежня 1884 года Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч памёр. Пахавалі яго на ўзгорку Падневіцкіх вясковых могілак блізу дарогі з Івянца на Мінск.

 

Слова памяці

У дарослым узросце ён выглядаў вельмі сутулым, нават гарбатым. Але ініцыятыўныя героі яго твораў ходзяць з прамымі спінамі і выпростваюць іх, бадай, усім, хто тымі творамі захопіцца.

Дацкі прынц Гамлет на беларускай глебе набыў горб і махлярскія рысы, але на пытанне “быць ці не быць беларусам” адназначна адказаў “быць!”.

Скончыць аповед, мяркую, дарэчы радкамі з працяглага Купалаўскага верша “Памяці Вінцука Марцінкевіча”:

 

Паслухаўшы сэрца, бярэ ён

Дуду беларускую ў рукі…

Як стораж, стаў смела на варце

Радзімых запушчаных гоняў,

Стаў сеяць па-свойску ўсё тое,

Што мы далей сеем сягоння…

Умеў ён прынадна настроіць

Тон ёмкі ў дудзе-самагудзе,

Што нам і цяпер яна грае,

І вечна канца ёй не будзе



Падчас напісання гэтага тэксту аўтар карыстаўся ўласнай кнігай з серыі “100 асобаў” выдавецтва “Харвест” “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Сцэнарыст палескага балівуду”, якая, у сваю чаргу, значна страціла б без даследаванняў Язэпа Янушкевіча і Змітра Дразда.

 

 

Андрэй Мельнікаў