Страчаныя помнікі Горадні — у “Чырвонай кнізе”

21.11.2013 У краіне

Выйшла “Чырвоная кніга Горадні” краязнаўца Андрэя Павача. Гэта даведнік па страчанай архітэктуры горада, у якім сабраныя малавядомыя факты гарадзенскай гісторыі.

Паводле словаў выдаўца кнігі, галоўнага рэдактара гарадзенскага выдавецтва “Юрсапрынт” Аляксандра Рыжага, такога даведніка па беларускіх гарадах яшчэ не было.

— У першую чаргу цікавасць кнігі ў тым, як яна зробленая, — кажа Аляксандр Рыжы. — Гэта такі даведнік, які проста можна пакласці ў кішэнь і бадзяцца па горадзе, звяртаючы ўвагу на розныя аб’екты. Аўтар кнігі, гарадзенскі краязнаўца Андрэй Павач, паспрабаваў раскрыць тут “белыя плямы” гарадзенскай гісторыі. Кніга будзе абавязкова распаўсюджвацца праз усе крамы “Гроднакнігі” і “Белкнігі”. І, на маю думку, будзе карыстацца вялікім попытам.

— А чаму кніга названая Чырвонаю?

— Па аналогіі з Чырвонай кнігай пра жывёльны свет. Яна пра мясціны, без якіх цяжка ўявіць наш горад. Гэта Каложская царква, страчаныя будынкі, такія як Фара Вітаўта. Кніга таксама цікавая сваім стылем — гэта невялічкія гістарычныя навелы, напісаныя жывой мовай, у якой няма гістарычнай сухасці. Горад павінен ганарыцца гэтым выданнем.

— Пра што расказвае кніга?

— У ёй вельмі шмат фактаў, якія да гэтага часу былі вядомыя вузкаму колу спецыялістаў. Бо людзі не ведаюць нават пра тое, што адбывалася калісьці побач з іхнымі дамамі.

Пакуль кніга выйшла на расійскай мове і складаецца з некалькі дзясяткаў невялікіх артыкулаў, аздобленых фатаздымкамі Горадні.

Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі

Тэгі: