“Студэнцкая Рада” шукае валантэраў!

Ты студэнт? Хочаш рэальна дапамагаць іншым і змяняць малымі справамі свет вакол сябе? Адгукніся ды далучыся да МПГ «Студэнцкая Рада»! Дэдлайн падачы заявак – 6 лютага 2017 года.

Студэнцкая Рада

Шукаем апантаных ідэяй зрабіць увесь белы свет прыгожым і справядлівым. Патрабуюцца ідэйныя маладыя людзі, якія хочуць уплываць на адукацыйную палітыку ў Рэспубліцы Беларусь і праводзіць адвакацыйныя кампаніі.

Хто менавіта патрэбны?

Студэнт:

  • юрыдычных спецыяльнасцей, які гатовы пісаць юрыдычныя заключэнні па зваротах, якія дасылаюць звычайныя студэнты;
  • любых спецыяльнасцей, які мае аналітычныя здольнасці і крышачку вольнага часу, каб збіраць дадзеныя пра парушэнні правоў студэнтаў і апрацоўваць іх;
  • журналіст, які гатовы рабіць невялікія расследванні і аналітычныя матэрыялы па праблемах студэнтаў;
  • перакладчык (пераважна з ангельскай на беларускую);
  • малады мэнэджар адукацыйных праектаў, здольны арганізаваць адукацыйны семінар альбо асветніцкі фестываль;
  • проста класны хлопец ці дзяўчына, якія гатовы працаваць і развівацца ў вызначаных накірунках.

У каманду “Студэнцкай Рады” патрабуюцца не толькі людзі, якія ўжо маюць досвед грамадзянскай дзейнасці, але і ў якіх такі досвед зусім адсутнічае. Патрэбны ў першую чаргу матываваныя студэнты, якія гатовы развівацца і атрымліваць досвед у гэтай сферы.

Чым мы будзем займацца?

Працаваць з электроннымі зваротамі студэнтаў па розных пытаннях адукацыйных правадачыненняў: паступлення і навучання ва ўніверсітэце, размеркавання і пераразмеркавання, пераводу ў іншыя ВНУ, дысцыплінарных спагнанняў, мовы навучэння ды гэтак далей.

Акром юрыдычнай кансультацыі у залежнасці ад зацікаўленасці валантэры могуць удзельнічаць у межах адвакацыйных кампаніях у галіне правоў студэнтаў (збор подпісаў, падрыхтоўка артыкулаў у СМІ). У дадатак валантэры атрымаюць магчымасць прыняць удзел у стварэнні аналітычных матэрыялаў па правах студэнтаў, правядзенні маніторынгу іх парушэнняў.

А яшчэ мы паслухаем твае ідэі і пастараемся іх падтрымаць.

А гэта, грошы будуць?

Не, бліжэйшым часам грошаў не будзе дакладна. Як ні ў каго з нас іх няма.

А што будзе?

Будзе шмат працы для мозгу, фана, новыя сапраўды вартыя знаёмствы, практычная дзейнасць юрыста (і не толькі), рэкамендацыі і досвед змянення жыцця ў Беларусі, пра які можна будзе распавесці дзецям. Так, мы апантаныя і пафасныя.

Зацікаўлены?

Як было напісана вышэй, дэдлайн падачы заявак – 6 лютага 2017 года. Для гэтага трэба запоўніць форму тут.

І хочацца, аднак не ўпэнены. Што рабіць?

Калі ты яшчэ не знайшоў адказа на пытанне “Ці змагу “пацягнуць?”, то прайдзі наш тэст.

Так, я падыходжу! Але ёсць яшчэ некалькі пытанняў. Каго спытаць?

Усе пытанні пра набор валантэраў дасылай сюды: students.rada@gmail.com.

Таксама далучайся ды пішы паведамленні у сацыяльных сетках ўКантакце, Facebook і Ціўцер.