Знойдзены невядомы аб’ект фартыфікацыі Вялікага Княства Літоўскага

Археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі працуе ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці. Падчас даследаванняў у в. Антонава выяўлены мураваныя канструкцыі раней навукова не апісаных фартыфікацыйных пабудоў інкастэляванага (абарончага) двара (ці замка) XVI–XVII стст. старасты аршанскага і знакамітага палеміста Філона Кміты-Чарнабыльскага і яго зяця, двараніна гаспадарскага Лукаша Сапегі. На першай адносна падрабязнай Радзівілаўскай карце 1613 г. Антонаў ахарактарызаваны, як «pagus cum domo nobilis» («сяло з домам нобіля»), а для яго ўмоўнага пазначэння выкарыстаны сімвал абарончай вежы.

Vieža časoŭ VKL

Як адзначае вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч, падчас даследавання, верагодна, былі выяўлены як раз канструкцыі падмурка абарончай вежы, якая ўзвышалася над ракой Славечнай і была вядома паводле інвентара 1628 г. Для будаўніцтва вежы выкарыстоўвалася пашыраная ў той час цэгла-пальчатка з характэрнымі бароздкамі на пасцелі (паверхні). 

Vieža časoŭ VKL

Frahmient Radzivilaŭskaj mapy 1613 h.

Гідрагеалагічная праблема археалагічнага помніка заключаецца ў тым, што яго падмывае рака Славечна, якая некалі бараніла замак. Значная частка пагорка з пабудовамі ўжо апынулася ў рацэ. Разам з гэтым матэрыялам на беразе і ў вадзе апынулася значная колькасць кафлі канца XVI — пачатку XVII ст. Частка гэтых вырабаў дэкаратыўна-архітэктурнай керамікі знаходзіцца ў музеі Сярэдняй школы № 2 імя І. Шаўрэя г. Нароўля. 

Падчас экспедыцыі, апроч таго, былі выяўлены рэшткі абарончага валу. Сам «двор нобіля» і сяло Антонаў былі разбураны, верагодна, падчас рэйдаў казацкіх аддзелаў у сярэдзіне XVII ст. 

Archiealahičnyja raskopki

Archiealahičnyja raskopki

Можна сцвярджаць, што ў выніку даследаванняў на карту Беларусі вярнуўся яшчэ адзін замак канца XVI — першай паловы XVII ст., лёс якога сведчыць пра няпростую, але жыццесцвярджальную гісторыю нашага краю.

Archiealahičnyja raskopki

Archiealahičnyja raskopki