У Вільні адбылася прэзентацыя новага выпуску культуралагічнага альманаха «CTRL+S». Тэма гэтага нумара — «Спадчына як выпрабаванне».
Назва альманаха «CTRL+S» — камп’ютарная каманда «захаваць» — гэта спроба знайсці новую мову для працы з культурнай спадчынай, якая не ігнаруе рэальнасць XXI стагоддзя.
Заяўленая аўтарамі альманаха мэта публікацыі — паказаць еўрапейскія перспектывы спадчыны Беларусі праз даследаванне і абмеркаванне яе інтэлектуальнага і сацыяльнага патэнцыялаў, а таксама на фоне выклікаў, з якімі сутыкнулася беларускае грамадства ў 2020–2022 гадах.
Выпуск 2021 года быў прысвечаны еўрапейскай спадчыне, у фармаце PDF першы нумар можна спампаваць тут.
Новы нумар разважае над такімі тэмамі:
— як ухапіць гарадскі Genius Loci, які перадаецца з эпохі ў эпоху і праграмуе лёсы пакаленняў;
— як захаваць незахоўваемае — напрыклад, велізарную колькасць руінаў ці, скажам, этнаграфічную спадчыну ў паўнавартасным, «жывым» выглядзе;
— як быць з нашым траўматычным мінулым, з тымі страшнымі рэчамі, які немагчыма зразумець;
— што рабіць з эмоцыямі, творчасцю і тым мабілізуючым патэнцыялам, якім валодае спадчына.
Рэдактар выдання, дацэнт Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ Сцяпан Стурэйка называе новы выпуск «сумна-надзённым па змесце і вельмі прыгожым знешне».
Паводле Сцяпана Стурэйкі, альманах «нарадзіўся ў пэўным сэнсе дзякуючы нашаму крызісу, тады яшчэ толькі палітычнаму».
«Да 2020 года ўключна было шмат планаў, ілюзій, праектаў, шмат дзейнасці, у Беларусі мы ладзілі конкурс „Спадчына ў дзеянні“, разнастайныя мерапрыемствы — нам здавалася, што няма калі архівіраваць, бо трэба рабіць, — кажа ён. — А на пачатку 2021 года я зразумеў, што мае сэнс сесці і падумаць. І потым прыгадалася фраза, якую любіць прамаўляць беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч наконт таго, што культура мусіць мець матэрыяльнае ўвасабленне.
Замежныя музеі, інстытуцыі спадчыны маюць шыкоўныя выданні. У пэўным сэнсе мне падабаецца параўнанне такіх выданняў з вінілавымі кружэлкамі. Рэч (на погляд многіх) бессэнсоўная, але каштоўная і дарагая. Так шмат ідэй было прамоўлена і напісана, так шмат вакол рабілася разнастайных праектаў пра спадчыну, што зараз акурат той час, калі можна ўзяць паўзу і выкарыстаць яго дзеля стварэння кружэлкі пра спадчыну. Нешта такое, што вельмі прыемна трымаць у руках, нешта, што варта паставіць на палічку, нешта, што адначасова з’яўляецца архівам і адначасова прэзентуе нейкія рэчы і з’явы».
Сярод аўтараў і гасцей «CTRL+S. Спадчына як выпрабаванне» — Сяргей Лазніца, Максім Осіпаў, Сцяпан Стурэйка, Вера Дзядок, Вікторыя Багдановіч, Раса Чэпайтэне ды іншыя.
«Самы галоўны выклік для нас як для дзеячаў культуры, выкладчыкаў — гэта не здраджваць сваім ідэалам — творчым і акадэмічным — у час, калі нішто не спрыяе роздумам пра захаванне спадчыны, пра выкладанне чагосьці светлага, пра культуру, — сказаў Сцяпан Стурэйка ў размове з карэспандэнтам Budzma.org падчас прэзентацыі альманаха. — Так, можа падавацца, што зараз увогуле не час для гэтага ўсяго. Але спадчына, культура, ідэнтычнасць, каштоўнасці — гэта такія рэчы, якія ўсё адно патрабуюць гэтай увагі, яны так проста не адпускаюць. І гэта таксама выклік, каб заставацца верным вось гэтай традыцыі асэнсавання, пошуку новага, развіццю ўяўленняў пра спадчыну — нават у такі неспрыяльны час. Ну а з чаго грунтуецца неспрыяльнасць, гэта ўсім зразумела».
Што да небяспекі татальнага вынішчэння нацыянальный спадчыны, страты беларускай культуры як такой, улічваючы падзеі апошняга года, то Сцяпан Стурэйка прызнае небяспечны рост пагроз і кажа, што «часткова нумар гэтаму таксама прысвечаны, у тым ліку хаця б проста архівацыі гэтых фактаў».
«Але ведаеце, культура і спадчына — гэта такія рэчы, з якімі не так проста з справіцца. Гэта можа не надта добра гучыць у кантэксце цяперашніх цяжкіх, надзвычай цяжкіх выклікаў, з каторымі гэтае пакаленне людзей не сутыкалася.
Але мінулыя пакаленні сутыкаліся з яшчэ больш драматычнымі выклікамі. І безумоўна, гэта нанесла адбітак на беларускую культуру, безумоўна. Але ж яна была і ёсць. Дзякуй богу, яна развіваецца, можа, зараз больш заўважна па-за Беларуссю, але я ўпэўнены, што і ў Беларусі яна развіваецца — хутчэй, у іншых нейкіх формах. Так што не так-та проста знішчыць культуру, калі не немагчыма ўвогуле.
Мне здаецца, што мусяць знаходзіцца і мець падтрымку людзі, якія ў такіх драматычных і неспрыяльных умовах працягваюць ёй займацца, бо акурат яны і выносяць на сабе гэтую культуру, а галоўнае — задаюць імпульс яе развіццю. Развіццё ж гэта пераасэнсаванне таго, што ўвесь час адбываецца», — сказаў Сцяпан Стурэйка.
Рэдактар «CTRL+S» таксама анансаваў трэці выпуск альманаха, тэма выпуску 2023 года — «Утопіі нашай спадчыны». Больш падрабязна з умовамі ўдзелу ў новым выпуску і з канцэпцыяй нумара можна азнаёміцца тут.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org