На сайце «Беларускі N-корпус» з’явіўся сінтэзатар беларускага маўлення. Ён пакуль працуе ў тэставым рэжыме.
Распрацоўшчыкі «Фанетычнага канвертару і сінтэзу маўлення» шукаюць зараз дыктараў з добрым голасам і правільным фанетычным маўленнем для супрацоўніцтва.
Як працуе электронны беларускі голас?
Устаўляеце або пішаце тэкст (памерам да 2000 знакаў), а электронны голас яго агучвае. Гукавы файл можна спампаваць.
Канвертар улічвае літару ґ (перадае выбухны гук [g]) — ґанак, націскі аўтаматычна растаўляюцца згодна граматычнай базе, пазначаюцца ўсе варыянты націскаў.
Удасканаленне канвертару дазволіць пашырыць прысутнасць беларускай мовы ў лічбавай прасторы. Гэта значыць, беларускую мову можна будзе ўключыць ў разнастайныя дадаткі, нешта агучыць і г.д.
Распрацоўкай «Беларускі N-корпус» займаецца сектар камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.