Праз дваццаць гадоў: Як судзілі журналістаў «Пагоні»

24.06.2022 Гісторыя

У Гродна 21 чэрвеня затрымалі Мікалая Маркевіча — удзельніка дэпутацкай галадоўкі 1995 года, былога заснавальніка і рэдактара газеты «Пагоня». Мабыць, не толькі мы памятаем гісторыю: у міліцыі таксама вырашылі нагадаць яму пра 20-гадовы юбілей першага прысуду, піша «Новы час».


mae_prava_p13_0.jpg

Суд Ленінскага раёна Гродна ў асобе суддзі Таццяны Клімавай 24 чэрвеня 2002 года прызнаў Мікалая Маркевіча і журналіста газеты «Пагоня» Паўла Мажэйку вінаватымі па артыкуле аб паклёпе на Лукашэнку. Гэта быў гучны (таму што ці не першы працэс) у якім незалежнае выданне абвінавацілі ў абразе першай асобы дзяржавы. Можна сказаць, што менавіта рашэнне гродзенскага суду паклала пачатак практыцы судовага свавольства ў дачыненні да недзяржаўных СМІ.

Пачатак гісторыі

Цяпер ужо нікога не здзівіць тым, як выносяцца прысуды ў Беларусі сёння. Аднак тады гэта было ў навінку.

У 2001 годзе праходзілі прэзідэнцкія выбары, і менавіта восенню 2001 года ўсё і пачалося. 4 верасня, за некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў, начальнік Гарадзенскай управы КДБ палкоўнік Свораб адправіў у пракуратуру кароткую запіску «з просьбай» даць прававую ацэнку матэрыялам, апублікаваным у 36-м нумары газеты «Пагоня». Цымус быў у тым, што на час з’яўлення гэтай запіскі нумар 36 азначанай газеты яшчэ не пакінуў сценаў друкарні, у якой ён друкаваўся. Скуль палкоўнік КДБ даведаўся пра змест нумару — мажліва, не загадка, але пэўныя пытанні ўсё ж выклікае.

Пракурор вобласці імгненна распачаў крымінальную справу па артыкуле «паклёп на прэзідэнта», а прадстаўнікі праваахоўных органаў прыйшлі ў друкарню і сканфіскавалі ўвесь надрукаваны тыраж — 10 тысяч асобнікаў. З ператрусам прыйшлі і ў рэдакцыю газеты, якая паспела выкласці «забаронены» нумар у Інтэрнэт.

21 верасня 2001 года пракуратура вынесла папярэджанне газеце «Пагоня» за распаўсюд напярэдадні выбараў інфармацыі, якая ганьбіць гонар і годнасць прэзідэнта. Паколькі крымінальная справа ўжо была ўзбуджаная, такім чынам пракуратура «перадвызначыла», што зганьбаванне гонару і годнасці Лукашэнкі мела месца — яшчэ да расследавання крымінальнай справы аб паклёпе.

На падставе гэтага папярэджання і папярэджання за публікацыю «ад імя незарэгістраванай арганізацыі», якое раней было ў выдання, Вышэйшы гаспадарчы Суд Беларусі 12 лістапада 2001 года вынес рашэнне аб ліквідацыі газеты «Пагоня».

markevicz_u_sudze_z_pastukhovym_autar_nevjadomy2002.jpg

На думку юрыста Міхаіла Пастухова, які тады абараняў «Пагоню», папярэджанне «аб знявазе гонару і годнасці» было абсалютна незаконна далучана да справы аб закрыцці газеты, бо грунтавалася на матэрыялах яшчэ не разабранай крымінальнай справы па абвінавачванні ў паклёпе. Толькі прысуд суда, які ўстанаўлівае факт паклёпу ў дачыненні да прэзідэнта, мог стаць падставай для закрыцця газеты — але не раней, паколькі ў Гаспадарчым судзе факты паклёпу і абразы не ўстанаўліваюцца. Але суддзя ВГС Жандараў, не праводзячы разбору, напісаў у рашэнні аб закрыцці газеты, што факт паклёпу усталяваны.

Гэта, па факце, і перадвызначыла абвінаваўчы прысуд Маркевічу і Мажэйку. Як заўважыў тады вядомы юрыст Гары Паганяйла, у судовай сістэме Беларусі дзейнічае прынцып прэюдыцыі. То-бок, калі дзеянні, якія атрымалі юрыдычную ацэнку ў адным судзе, прымаюцца як даказаныя наступнымі судамі. А паколькі Вышэйшы гаспадарчы суд «прызнаў» факт «паклёпу на прэзідэнта» (што, паўторымся, не меў права рабіць увогуле), то вердыкт суда Ленінскага раёна быў фактычна загадзя вядомы.

Народ супраць

Працэс над Маркевічам і Мажэйкам можна назваць шматпакутным менавіта з-за рэакцыі на яго грамадства. Першае пасяджэнне Ленінскага раённага суда горада Гродна было прызначанае на 9 красавіка. 5 красавіка супрацоўнікі газеты правялі пікет у падтрымку сваіх калегаў, усе ўдзельнікі акцыі былі затрыманыя і атрымалі адміністрацыйныя спагнанні. Гэта выклікала цэлую хвалю абурэння не толькі ў незалежных журналісцкіх колах Беларусі, але і за яе межамі. Асабліва аператыўна адрэагавала на беларускія падзеі суседняя Польшча: у некаторых цэнтральных выданнях гэтай краіны нават з’явілася спецыяльныя рубрыкі, прысвечаныя «Пагоні»; «глыбокую занепакоенасць» выказала Канцылярыя прэзідэнта Квасьнеўскага. З адмысловай заявай пратэсту выступіла Міністэрства замежных спраў Літвы, Літоўскі Саюз журналістаў, Расійскі фонд абароны галоснасці, а таксама шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый («Article 19», Камітэт абароны журналістаў (Нью-Ёрк)).

У выніку 9 красавіка суддзя Сяргейка, які павінен быў весці справу Маркевіча і Мажэйкі, «захварэў». Пачатак суда перанеслі на 16 траўня, але тады ўжо «захварэў» пракурор. Слуханні пачаліся толькі 4 чэрвеня, прычым у залу суда, якая ахоўвалася ўзмоцненымі атрадамі МУС, упусцілі толькі 30 чалавек. Каля 70 чалавек, уключаючы прыехаўшых з Мінска беларускіх і замежных журналістаў, засталіся за дзвярыма. Мікалай Маркевіч заявіў хадайніцтва аб перанясенні суда ў больш прасторнае памяшканне, каб забяспечыць гарантаваную Канстытуцыяй адкрытасць працэсу — просьба была адхіленая, як і хадайніцтва аб допуску да працэсу грамадскіх абаронцаў.

Тады Маркевіч запатрабаваў адхіліць ад працэсу суддзю Клімаву. Абвясціўшы перапынак на 40 хвілін, суд сышоў «раіцца». Калі час скончыўся, аказалася, што ў залу не пускаюць нават тых, хто прысутнічаў на першай частцы пасяджэння. Каля дзвярэй завязалася тузаніна, міліцыя ўжыла сілу, пацярпелі некалькі чалавек:. Актывісткі моладзевай дэмакратычнай арганізацыі «Малады фронт» Святлане Нех нават прыйшлося выклікаць «хуткую».

Частка актывістаў усё ж прарвалася ў залу. Суддзя Клімава паспрабавала іх выгнаць, яны адмовіліся сысці, і яна перанесла пасяджэнне на наступны дзень, абвясціўшы папярэдне, што хадайніцтва Маркевіча аб яе адхіленні ад справы таксама не задаволенае.

Прыкладна па тым жа сцэнары развіваліся падзеі і на наступны дзень. Усе хадайніцтвы, заяўленыя Мажэйкам і Маркевічам, былі зноў адхіленыя: і аб пераносе слуханняў у большае памяшканне, і аб допуску грамадскіх абаронцаў, і аб адводзе суддзі. Паўнавартасны працэс пачаўся толькі 6 чэрвеня.

Як і меркавалася, галоўным аргументам абвінавачвання стала тое рашэнне Вышэйшага гаспадарчага суда, які «ўстанавіў» факт паклёпу. Адвакат Маркевіча і Мажэйкі Сяргей Цурко хадайнічаў, каб пракуратура аспрэчыла вердыкт ВГС і адмяніла яго, інакш Маркевіч і Мажэйка аказваліся ў стане своеасаблівай «прэзумпцыі вінаватасці». Суддзя Клімава, як і чакалася, адхіліла гэтае хадайніцтва.

«Не такі» вырак

Пракурор патрабаваў у дачыненні да Маркевіча і Мажэйкі 2,5 і 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму адпаведна. Суд выпісаў ім 2,5 і 2 гады, але не пазбаўлення волі, а абмежаванні з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). І гэты прысуд таксама выклікаў хвалю абурэння.

Праваабарончыя і прафесійныя журналісцкія арганізацыі расцанілі вырак суду, як выкананне папярэджання Лукашэнкі «разабрацца з незалежнай прэсай пасля выбараў», зробленае ім напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) выступіла з заявай, у якой гаварылася, што «Беларусь засталася апошняй дзяржавай у Еўропе, дзе СМІ пераследуюцца ўладай па палітычных матывах, а журналісты прыцягваюцца да адказнасці за сваю прафесійную дзейнасць».

487130_533651399985518_1129230160_n.jpg

26 чэрвеня прэс-служба АБСЕ распаўсюдзіла паведамленне, у якім упаўнаважаны АБСЕ па свабодзе СМІ Фраймут Дувэ выказаў заклапочанасць прысудам у дачыненні да журналістаў і падкрэсліў, што падобная практыка абсалютна недапушчальная ў краінах — чальцах АБСЕ. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Article 19» нават звярнулася да прэзідэнта з адкрытым лістом, у якім была выказана глыбокая заклапочанасць з нагоды абвінаваўчага прысуду.

Дарэчы, сам «абражаны» Лукашэнка гэты працэс не пракаментаваў аніяк. Падаецца, такі суд яго задаволіў.

15 жніўня Гродзенскі абласны суд знізіў тэрмін пакарання Маркевічу і Мажэйку да паўтара года і года адпаведна. Мікалай Маркевіч адбываў пакаранне ў Асіповічах Магілёўскай вобласці, а Мажэйка — у Жлобіне Гомельскай вобласці.

Праз 20 год...

Згадваючы той працэс, становіцца зразумелым, што сістэма судовага і пракурорскага свавольства — не вынаходніцтва найноўшага часу. Яна выбудоўвалася дзесяцігоддзямі. Такія працэсы ўсплывалі ў Беларусі раз-пораз.

Але выбудоўвалася не толькі карная сістэма. Як казаў Мікола Маркевіч 20 гадоў таму наконт меркавання жыхароў Гродна па тым працэсе: «Усякія ёсць меркаванні. Некаторыя кажуць, не бачыш, ты сутыкнуўся з катком і гэта каток рана ці позна цябе раздушыць. Але што тычыцца большасці людзей, мае знаёмыя, усе сваякі, мая сям’я — такой падтрымкі маральнай, фізічнай, канкрэтнай я не чакаў. Я не чакаў, што грамадскае меркаванне ў горадзе Гродна, гэта невялікі горад, будзе цалкам на маім баку».

Падаецца, вось тое «беларус беларусу беларус» таксама мае карані здаўна.