На 81 годзе жыцця памерла Валянціна Пражэева — вядомая актрыса, лаўрэат шматлікіх фестываляў. Сумную вестку паведаміў 9 красавіка Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.
«Перш-наперш гэта адораны рэдкім талентам чалавек, які больш пяці дзесяцігоддзяў прысвяціў служэнню роднаму тэатру. Яркая, незабыўная, сапраўдная зорка тэатра лялек. Кожная яе роля была насычана ўнутраным светам», — узгадваюць актрысу калегі.
Валянціна Пражэева нарадзілася 28 сакавіка 1943 года ў Екацярынбургу, у Расіі. Скончыла ў 1962 годзе Рэспубліканскія курсы пры Міністэрстве культуры Беларусі па спецыяльнасці «рэжысура народных тэатраў». Заслужаная артыстка Аўтаномнай Рэспублікі Крым (2001). 3 1963 года — працавала ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.
Валянціна Пражэева ўвасобіла ў дзіцячых і дарослых спектаклях шмат яркіх вобразаў, сярод якіх былі: Галатэя («Цудоўная Галатэя» Б. Гадар і С. Дарваша), Ева («Боская камедыя» І. Штока), дачка Бабы-Ягі («Да трэціх пеўняў» В. Шукшына), дзяўчына Машка («Ляўша» У. Канстанцінава і Б. Рацэра паводле М. Ляскова), Эльвіра Рэнесанс («Клоп» У. Маякоўскага), фрау Босенгейм («Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я. Гашака), Шарлота («З Парыжам скончана!..» паводле п’есы А. Чэхава «Вішнёвы сад»), Мачаха («Папялушка» Т. Габэ), тыграня Петрык («Тыграня Петрык» Х. Янушэўскай), Кібальчыш («Ваенная тайна» паводле А. Гайдара), шчаня Мікі («Блакітнае шчаня» Д. Урбана), Баба-Яга («Васіліса Прыгожая» К. Чарняк), Фімушка («Званы-лебедзі» Л. Браўсевіча , прынцэса Дысперанда («Чортаў млын» І. Штока) і іншыя.