“Шануйма сваё!” Пад такім брэндам у музычнай вучэльні імя Агінскага горада Маладзечна 11 лістапада ў межах кампаніі “Будзьма” адбылася прэзентацыя выставы “Вечны вандроўнік”, прысвечанай 120-гадоваму юбілею са дня нараджэння Язэпа Драздовіча.
У залах вучэльні, некаторыя з якіх адведзеныя выключна пад творы дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, сябры суполкі “Пагоня” выставілі творы жывапісу і графікі, прысвечаныя славутаму мастаку, этнографу і фалькларысту Язэпу Драздовічу.
На прэзентацыі прысутнічалі сябры суполкі “Пагоня”, у тым ліку яе старшыня Аляксей Марачкін, паэты Анатоль Вярцінскі і Генадзь Бураўкін.
Як зазначыў Аляксей Марачкін, месца прэзентацыі было абранае невыпадкова. Маладзечна, ці “горад сонца”, па яго словах, – сапраўдны духоўны асяродак Беларусі. Вуліцы Маладзечна, у адрозненні ад іншых шматлікіх гарадоў Беларусі, носяць імёны выбітных культурных і гістарычных дзеячаў, у тым ліку і самога Драздовіча.
Выстава будзе знаходзіцца ў Маладзечна да канца лістапада, пасля чаго пераедзе ў Мінск у Палац мастацтва. Арганізатары плануюць наведаць з ёй шматлікія беларускія гарады. Выстава прадоўжыцца да наступнай восені.
Тэгі: Міншчына, Маладзечна