Паэты Міхась Скобла, Алесь Каско і знаны музыка (лернік, сурмач і дудар) Уладзімір Пузыня выступілі на Берасцейшчыне 27 ліпеня.
Першы выступ адбыўся ў Жабінцы, у памяшканні раённай бібліятэкі, куды сабралася амаль уся інтэлігенцыя гэтага гораду: бібліятэкары, настаўнікі, выкладчыкі школы мастацтваў, супрацоўнікі рэдакцыі мясцовай газеты “Слава працы”.
Уладзімір Пузыня
Уладзімір Пузыня: “Усе інструменты, на якіх граю, я зрабіў сваімі рукамі: і дуду, і леру, і сурму, і дудку-весялушку. Сурма заўсёды заклікала беларусаў да грамадскага чыну. Успомніце Янку Купалу: “Іграюць сурмы баявыя…” Я сурмаваў на ўсіх пяці з’ездах беларусаў свету (апошні прайшоў зусім нядаўна), я праехаў з лерай і сурмой усю Амерыку – ад Канады да Мексікі. А ўчора мне было прыемна гукамі сурмы заклікаць люд беларускі на святы паэзіі”.
Дзве наступныя сустрэчы прайшлі ў летніку “Арляня” і санаторыі-прафілакторыі “Буг”, што знаходзяцца паблізу адзін ад аднаго ў маляўнічым сасновым бары на рацэ Мухавец.
У санаторыі “Буг”
Сваімі ўражаннямі ад паездкі падзяліўся Міхась Скобла: “Думаю, што тыя дзве сотні чалавек, якія нас пачулі на Жабінкаўшчыне, перажылі святочныя хвіліны судакранання з Паэзіяй: і юная паэтка Насця Сідорка з Жабінкі, і пераможца нашага конкурсу Кастусь Аляшкевіч з летніка “Арляня”, і тыя настаўнікі і бібліятэкары, якія пакінулі свае гароды і сонечным летнім днём прыйшлі на спатканне з паэтамі. У санаторыі “Буг” арганізатарка нас папярэдзіла, што на сустрэчу прыйдуць таксама адпачывальнікі з Расіі, таму будзе дарэчы пачытаць свае вершы ў перакладзе на рускую мову. Я спачатку правёў “перапіс насельніцтва” – і сапраўды, палова залы аказалася з Бранску, з Тулы, з Архангельску, з Санкт-Пецярбургу… Але ўсе яны, горача падтрыманыя беларускай паловай залы, захацелі слухаць беларускую паэзію менавіта па-беларуску. А яшчэ на сустрэчы гучаў несмяротны Пушкін – у выдатных перакладах Алеся Каско”.
На сустрэчы ў летніку “Арляня” ладзіліся конкурсы на найлепшае веданне беларускай гісторыі і паэзіі, пераможцы якіх атрымалі падарункі ад кампаніі, ў межах якой і ладзіліся выступы, – “Будзьма беларусамі!”
Тэгі: Берасцейшчына, Жабінка