Кажуць, што серада — самы дэпрэсіўны дзень тыдня. Маўляў, мінулыя выходныя ўжо даўно сышлі, а да наступных яшчэ не так блізка. Калі так, то для наведвальнікаў клуба Re:Public гэтая серада выдалася разоў у сто больш змрочнай, бо над адпаведнай атмасферай добрыя тры гадзіны працавалі Massenhinriсhtung, RavenThrone, WastelandofReality і VictimPath.
Фармальна іх трэба назваць “разагрэвам” перад польскімі хэдлайнерамі, але так сказаць язык не паварочваецца — cold і проста black metal нікога не грэў і слэміцца не натхняў. Ён прымушаў задумацца, якая дробязь нашае жыццё і як мала сэнсу ва ўсім тым, што мы лічым важным. Апафеозам блэкавага ўступу зрабіўся гурт Victim Path, пад які хацелася крычаць воўкам і бегчы жыць у лес. Сырыя гітарныя партыі, модны балахон вакаліста і дым на сцэне вельмі ўдала стваралі густую атмасферу адчаю і дэпрэсіі.
Хэдлайнеры DEVILISH IMPRESSIONS — суровыя ва ўсіх сэнсах людзі. Такія суровыя, што нават аўтамабільная аварыя, у якую яны трапілі па дарозе ў Мінск, не перашкодзіла ім выступіць. Яны прайшлі праз сем колаў пекла і праз многія кіламетры расійскіх дарог (што з гэтага горш?) і ўсё ж давезлі да нас свае оды ўсялякім цёмным багам і іншым страхоццям. Дарэчы, іх не проста так клічуць “пабрацімамі” другіх польскіх метал-зорак BEHEMOTH. Акрамя відавочных супадзенняў накшталт грыму і стылю ілюстрацый да альбомаў, два гурты вельмі збліжае звычка іх вакалістаў махаць правай рукой, заклікаючы слухачоў крычаць “Хэй!”. Словам, DEVILISH IMPRESSIONS і BEHEMOTH маглі б жартаў дзеля памяняцца назвамі і паглядзець, як скора хто-небудзь заўважыць падман. Гэта ўсё, канечне, хіханькі, а калі сур’ёзна, то хлопцы паддалі пары і паказалі дабротны сусветны узровень — драйвовыя песні, клёвыя інструментальныя ўступы, выдатная сцэнічная энергетыка. Будзь канцэрт не ў сераду, на яго абавязкова прыйшло бы нямала людзей, а так клуб амаль пуставаў і быў у асноўным запоўнены музыкантамі-выступоўцамі, іх сябрамі і Алесем Таболічам.
Андрэй Мухамор